Ці будзе Зяленскі лабіяваць інтарэсы Беларусі на Захадзе
Чым адрозніваюцца Зяленскі і Лукашэнка і што ў іх агульнага?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правялі тэлефонную размову і запрасілі адзін аднаго ў госці.
Як адзначае палітолаг Валер Карбалевіч, гэта кіраўнікі суседніх дзяржаў, у якіх велізарная агульная мяжа, падобнае геапалітычнае становішча на стыку двух цывілізацый.
— У значнай меры абодва прыйшлі да ўлады на хвалі незадаволенасці ранейшай кіруючай элітай. Яны выкарыстоўвалі элемент папулізму, дыскрэдытацыі і непрымання ранейшай кіруючай эліты. У гэтым плане яны вельмі падобныя, — кажа палітолаг. — Ёсць у дачыненні адзін аднаго і пытанні, якія без дапамогі партнёра вырашыць немагчыма.
У той жа час, па словах эксперта, гэта палітыкі розных эпох па ўзросце, розных біяграфій, палітычным бэкграўндзе.
— Лукашэнка ўдзельнічаў у палітыцы перад тым, як заняць пасаду кіраўніка дзяржавы, ён быў дэпутатам беларускага парламента, які ў той час досыць актыўна ўплываў на палітыку. Зяленскі ж прыйшоў ва ўладу, дрэнна разумеючы, што такое палітыка, таму яму цяжэй пачынаць, чым Лукашэнка. Яму даводзіцца з самага пачатку фармуляваць амаль усе напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі, — падкрэслівае Валер Карбалевіч.
Акрамя таго, у іх розны статус, лічыць палітолаг.
— У Лукашэнкі ўся ўлада ў руках, а Зяленскі ўсё-ткі абмежаваны сістэмай стрымак і проціваг. І хоць парламент кантралюецца ім, але Украіна — дэмакратычная дзяржава, хоць і адносна, і там лідэр не ў стане прымаць любое рашэнне, якое захоча, — адзначае Валерый Карбалевіч.
Зяленскі, паводле яго слоў, прыйшоў да ўлады, калі Украіна вызначылася з заходнім вектарам развіцця, разумеючы, што канфлікт з Расіяй гэта сур’ёзна і надоўга.
— У рамках гэтай каляіны Зяленскі і будзе вымушаны дзейнічаць. Таму расійскія СМІ, тэлеканалы са здзіўленнем кажуць, што ён працягвае палітыку Парашэнка. Так, з каляіны выскачыць цяжка, — кажа палітолаг. — У Лукашэнкі іншая каляіна — арыентацыя на Расію, пэўны канфлікт з Захадам, створаная беларуская сацыяльная мадэль, у рамках якой Лукашэнка кіруе. Ён баіцца яе мяняць.
Якія надзеі на Зяленскага можа ўскладаць Лукашэнкі?
— Надзеі на тое, што ўдасца перазапусціць Мінскі працэс, што прынясе новыя палітычныя дывідэнды афіцыйнаму Мінску. Другая надзея, што атрымаецца захаваць украінскі рынак нафтапрадуктаў, на якім дамінуе беларуская прадукцыя, — пералічвае эксперт.
А Украіна зацікаўлена ў тым, каб з тэрыторыі Беларусі не было пагрозы бяспекі. Ды і важна мець дружалюбную дзяржаву, якая не стварае праблем, з якой развіваюцца эканамічныя, культурныя адносіны — гэта заўсёды выгадна.
Зяленскі цяпер праводзіць шмат сустрэч на міжнародным узроўні. Але Валерый Карбалевіч не верыць у тое, што Украіна можа стаць лабістам інтарэсаў Беларусі на заходнім напрамку.
— Беларусь сёння сама актыўна размаўляе з заходнімі дзяржавамі, ва ўсякім разе, на ўзроўні МЗС. Беларусь сёння не ў ізаляцыі. Дыялог ідзе наўпрост, і патрэбы ў пасярэдніку проста няма, — лічыць эксперт.
Паводле Заўтра тваёй краіны