Ці будзе «Вагнер» служыць беларускаму рэжыму?

«Вагнераўцы» ў Беларусі — добрая нагода лішні раз папалохаць ворагаў і паказаць прыхільнікам, наколькі рэжым моцны і грозны. Гэта больш мяккі варыянт пагрозы, чым ядзерны дручок.

Беларускія сілавікі падчас пратэстаў 2020 года

Беларускія сілавікі падчас пратэстаў 2020 года

Прыгожын занадта прывык да аўтаноміі, каб нават пасля паражэння паслядоўна служыць камусьці: для рэжыму гэта хутчэй фактар напружання, чым стабілізацыі.

«Бунт Прыгожына» ўскаламуціў і без таго мутную палітычную вадзіцу ў рэгіёне. А што далей? Ці паделяцца «вагнераўцы», абавязаныя Лукашэнку выратаваннем, сваім уменнем кувалдай махаць?

Пра гэта «СНплюс» пагаварыла з Пятром Рудкоўскім (Інстытут філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук).

– Афіцыйны Мінск цяпер лічыць абавязаным сабе і Пуціна, і Прыгожына адначасова. Што насамрэч мяняе незвычайная гісторыя найперш ва ўзаемаадносінах з Крамлём? 

– Чарговы раз разыграна роля сціплага і цвярозага палітыка. Хоць на камеру і прагучала: перастаньце рабіць героя з мяне, Пуціна або Прыгожына. Калі зыходзіць з рыторыкі, гэта не зусім упісваецца ў спробу зрабіць абавязаным Пуціна ці Прыгожына. А як выглядае справа па-за рыторыкай — тут болей пытанняў, чым адказаў.

Сумняюся, што беларускі кіраўнік згуляў істотную ролю ў гэтай гісторыі, хоць не магу не прызнаць, што ў іміджавым плане ён выйграў. Мяркую, план развязкі праблемы вагнераўскага бунту паўстаў без яго ўдзелу. І калі так, то гэта практычна нічога не мяняе ва ўзаемаадносінах: папросту маем чарговую паслугу, з той толькі розніцай, што гэтая паслуга прынесла не прыніжэнне, а іміджавыя здабыткі.

– «Долг платежом красен», кажуць рускія. Ці ўдасца беларускаму рэжыму паставіць на сваю службу ПВК «Вагнер» ці хоць бы ягоную частку?

– Ну, тут спроба падсмажыць некалькі страў на патэльні, пакуль яна гарачая. «Вагнераўцы» ў складзе беларускага войска – гэта больш мяккі аналаг намёкаў на размяшчэнне ў Беларусі (або вяртанне) стратэгічнай ядзернай зброі. Добрая нагода лішні раз папалохаць ворагаў і паказаць прыхільнікам, наколькі рэжым моцны і грозны. Думаю, што ўсе заявы на дадзеным этапе перадусім на гэта разлічаны. Ці існуюць нейкія сур’ёзныя намеры наконт кааптацыі «вагнераўцаў»для служэння рэжыму? Калі так, то які патэнцыял такой ідэі? Тут я губляюся ў здагадках: не выключаю, што будзе рабіцца такая спроба, але не магу ацаніць, наколькі яна імаверная.

– Такое ўражанне, што нам паказваюць адну карцінку, каб схаваць іншую. Галоўны рэсурс Прыгожына – і матэрыяльны, і чалавечы — знаходзіцца ў Афрыцы. Ці не там жадае атрымаць сплату за доўг Мінск? 

– У такім рэчышчы не аналізаваў… Не маю акрэсленых думак на гэты конт.

– Прыгожын пайшоў супраць Пуціна, пойдзе і супраць Лукашэнкі – як толькі з’явіцца адпаведны інтарэс. Больш за тое, прытулак у Беларусі яго не можа задаволіць як мінімум з прычын бяспекі: падзьме іншы ветрык – здадуць яго, бы шклатару. У такіх варунках Прыгожын у Беларусі – гэта бОльшая ўстойлівасць рэжыму ці ўсё ж прыхаваная рызыка?

– Прыгожын стаў грозны і небяспечны дзякуючы вялікай колькасці жывой сілы, узбраенню і, хутчэй за ўсё, спрыянню з боку часткі ваенных эліт. А раней, калі ў яго не мелася такіх вялізных рэсурсаў, ён быў адносна бяспечны.

Пакуль Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў сілавых структурах (думаю, усцяж кантралюе), ад яго будзе залежаць, у якой ступені Прыгожын зможа ўзмацняцца. Калі не даваць разрастацца ваеннай сіле і сувязям з генералітэтам, рызыкі для рэжыму мінімальныя.

Што да спрыяння ўстойлівасці рэжыму — тут таксама сумнеўна. З аднаго боку, з’явіцца магчымасць часам папужаць ворагаў «вагнераўскай кувалдай», з другога боку, Прыгожын занадта прывык да аўтаноміі, каб тут паслядоўна служыць камусьці. Гэта хутчэй фактар напружання, чым стабілізацыі.