Цэнзура «Вячэрняга Брэсту» не прапусціла крытыку ўладаў ад сацыял-дэмакратаў
Рэдакцыя газеты «Вячэрні Брэст» адмовіла кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад БСДП Ігару Маслоўскаму ў законным праве размясціць сваю перадвыбарчую праграму на старонках выдання.
Кіраўніцтва газеты ў асобе выконваючай абавязкі рэдактара Васюк Н.С. абгрунтавала адмову наступным чынам:
«Матэрыял Маслоўскага І.В не можа быць прыняты да апублікавання ў сувязі з тым, што заява «Не падтрымлівайце на выбарах лекараў, ваенных і іншых добрых людзей — яны кандыдаты ад улады. Усе яны добрыя людзі пакуль на сваім месцы, але ўсе яны залежныя ад начальства і ператвараюцца ў «дрэнных» дэпутатаў! Гэтыя «добрыя» людзі галасуюць за тое, што ім скажуць. Менавіта з іх маўклівай згоды павысілі пенсійны ўзрост, пазбавілі стажу тых, хто служыў у арміі, быў у дэкрэтным адпачынку, вучыўся ва ўніверсітэце і г.д. Менавіта яны падтрымалі падатак на беспрацоўных і нічога не зрабілі для стварэння новых працоўных месцаў», якая змяшчаецца ў матэрыяле кандыдата Маслоўскага І.В. можа быць расцэнена, як абраза ў адрас людзей розных прафесій».
Выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара прапанавала Ігару Маслоўскаму змяніць фармулёўкі ў яго выбарчай праграме.
«Мы не маем намеру адмаўляцца ад сваіх слоў, ад сваёй праграмы. Гэта наша пазіцыя пра добрых людзей і дрэнных дэпутатаў. Калі в.а рэдактара гэтага не ведае, то няхай выйдзе на вуліцу і спытае меркаванне берасцейцаў аб цяперашніх дэпутатах. Яна пачуе ў сотні разоў больш негатыўныя водгукі аб іх дзейнасці. Таму мы яшчэ вельмі паліткарэктна выказаліся ў адрас нашых апанентаў. Мы маем права на крытыку, і мы ім скарысталіся» — пракаментаваў сітуацыю кандыдат у дэпутаты Ігар Маслоўскі.
Па словах палітыка, ён мае намер абскардзіць дадзеную адмову ў адпаведнасці з заканадаўствам.