Цана слоў Лукашэнкі. ЕАЭС такі цудоўны саюз, што ў Беларусі з Казахстанам «транспартная вайна»
Памятаеце, як у снежні Лукашэнка спяваў дыфірамбы Еўразійскаму эканамічнаму саюзу (ЕАЭС)? «НЧ» яшчэ тады адзначыў, што гэта танныя кампліменты, якія не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю. Неўзабаве тое ж самае выявілася на практыцы.
25 снежня Лукашэнка наведваў саміт ЕАЭС у Пецярбургу. Літаральна на прыступках перад пасяджэннем яго спынілі расійскія прапагандысты, каб паслухаць, што гэтым разам нагаворыць нестрыманы мінскі госць. І той не расчараваў.
Лукашэнка раскрытыкаваў ШАС і БРІКС, а вось ЕАЭС назваў «самай прасунутай» арганізацыяй. Бо толькі тут ёсць «адзіная эканамічная прастора», за кошт якой гандаль паміж краінамі ідзе весела, і трэба надалей «рухацца ў гэтым кірунку».
Расійскія медыя былі задаволены. Дый лукашэнкаўская прэс-служба таксама, бо радасна тыражавала гэтыя «несмяротныя словы» вялікага мысляра.
У РФ яго ўвогуле любяць паслухаць, каб потым з паблажлівай імперскасцю пакпіць у рэпартажах, як той жа «Камерсант». Да іншых кіраўнікоў кшталту казаха Касыма-Жамарта Такаева ці армяніна Нікола Пашыняна асабліва не звяртаюцца, бо што яны скажуць? Нешта ўзважана дыпламатычнае, як гэта прынята на такім узроўні. А вось Лукашэнка любіць несці бздуру, то чаго б і не хайпануць.
Ну вось тады, у снежні, хайп атрымаўся цікавы. Адзіная эканамічная прастора — гэта фактычна фармат Еўрасаюза, дзе межы даўно сцерлі. Працуй, гандлюй, у нас тут адзіны рынак. Але жыццё вельмі хутка абвергла фанабэрыстыя панегірыкі Лукашэнкі.
11 студзеня стала вядома, што на беларуска-расійскай мяжы прыпынены рух фур з казахстанскімі нумарамі. Яны вязуць тавар з Еўропы па адзінай, паводле Лукашэнкі, эканамічнай прасторы, але трапіць з Беларусі ў Расію — не могуць. Дружалюбная беларуская мытня не дазваляе.
«З 8 студзеня такая праблема, — паскардзіўся ў сувязі з гэтым міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Арман Шакаліеў. — Цяпер мы абмяркоўваем гэта з нашымі калегамі з Расіі і Беларусі. Гэтае пытанне мы афіцыйна накіруем у камісію, мы чакаем ад іх адказу. Я лічу, што гэта перашкода. Гаворыцца, што гэта тэхнічны бар'ер, але гэта бар'ер. Гэтага не павінна быць».
Чыноўнік падкрэсліў, што такія паводзіны беларускага боку «не адпавядаюць умовам інтэграцыі ЕАЭС». Пры гэтым у Мінску, дадаў ён, кажуць, што «гэта звязана з пытаннямі бяспекі», наконт чаго ў Статуце Еўразійскага эканамічнага саюза сапраўды ёсць асобны пункт. «Але да гэтага пытання мы ставімся інакш. Гэта абмяжоўвае рух тавараў», — канстатаваў Шакаліеў хлуслівы характар беларускіх прэтэнзій і фактычную наяўнасць паміж дзяржавамі «транспартнай вайны». У выніку ён прыгразіў «паставіць пытанне на належным узроўні», яўна маючы на ўвазе Маскву.
Відаць, пытанне сапраўды было пастаўлена. Бо ўжо 13 студзеня высветлілася, што фуры з краін ЕАЭС прапускаць праз беларуска-расійскую мяжу будуць, але толькі ў адным месцы — пункце пропуску «Езярышча — Лабок». Каб было больш зразумела, то такія правілы тычацца грузавікоў з Казахстана, Кыргызстана і Арменіі. А тое Езярышча і той Лабок — гэта поўнач Беларусі, мяжа Віцебскай і Пскоўскай абласцей. То-бок усё зроблена дзеля зручнасці хаўрснікаў па ЕАЭС, дзякуй Аляксандру Рыгоравічу.
Што стала сапраўднай прычынай такога стаўлення да грузаў трэціх краін, сказаць цяжка, хаця гэта і непрынцыпова. Прынцыпова што — вось так, знайшоўшы ў Статуце патрэбны параграф і даўшы яму правільную трактоўку, можна спыніць вялікія транспартныя плыні. Канцэпцыя «часам не да законаў», як бачым, працуе ў розныя бакі.
І гэта не першы раз, калі ЕАЭС выглядае як адзіная эканамічная прастора Шродзінгера. У кастрычніку і лістападзе мінулага года, напрыклад, Астана і Мінск абмяняліся «дружалюбнымі жэстамі» ў той жа сферы грузаперавозак — забаранілі грузавікам краіны-партнёра перачэпку на сваёй тэрыторыі для далейшай дастаўкі тавару да сябе.
Ці вось яшчэ гісторыя. Казахстан, як вядома, прадае нафту. У тым ліку ў ЕС, які праз вайну ва Украіне моцна скараціў куплю барэляў у РФ. Каб даставіць нафту той жа Германіі, казахам патрэбны трубаправод праз расійскую і беларускую тэрыторыі. Ну, свае ж людзі, кампаньёны па ЕАЭС, хіба тут могуць быць праблемы? Як аказалася, могуць.
У снежні Беларусь заявіла аб жаданні рэзка падняць (адразу на 43%) тарыфы на пракачку «чорнага золата» ў Еўропу. Гаворка пра паўночнае адгалінаванне нафтаправода «Дружба», праз якое ідуць якраз пастаўкі з Казахстана. У Астане адрэагавалі хваравіта, адзначыўшы, што такі крок прынясе казахскай эканоміцы адчувальныя страты. Такая вось «сяброўская» «Дружба» атрымліваецца.
Пры гэтым для Расіі Лукашэнка таксама хоча павысіць тарыфы, хай і не так моцна, як для Казахстана. І Маскве такая ініцыятыўнасць партнёра-ўтрыманца таксама не падабаецца.
Што тут важна разумець? Тое, што любое саюзніцтва павінна будавацца на пэўным грунце. У ЕС такім грунтам з’яўляецца закон. Ёсць мноства дакументаў, рэгламентаў, нарматываў, паводле якіх і ажыццяўляецца супрацоўніцтва. Калі нехта незадаволены, то выйсце адно — пайсці ў суд і там разабрацца. Судовыя інстанцыі ў Еўрасаюзе незалежныя, юрысты там пісьменныя, разбяруцца. Хаця, зыходзячы з таго, што пра гандлёвыя войны ў Еўропе даўно нічога не чуваць, можна зрабіць выснову: усё там працуе і так, без юрыдычных разборак.
У ЕАЭС жа сабраліся краіны, мякка кажучы, не надта дэмакратычныя. Асабліва Расія з Беларуссю, дзе закон даўно падменены асабістымі жаданнямі першых асоб. Яны вунь вайну развязалі, і няма такой інстанцыі, куды можна звярнуцца з гэтай нагоды. Што ўжо казаць пра «адзіную эканамічную прастору» на еўразійскіх прынцыпах.
Таму ЕАЭС — гэта міждзяржаўнае ўтварэнне, якое можа працаваць толькі па паняццях. Сёння паняцці такія, і ўсё добра. Заўтра яны мяняюцца, і фуры праз мяжу больш не едуць. І паскардзіцца можна хіба ў маскоўскі Басманны суд.
Ужо па гэтай прычыне ўсе інтэграцыйныя аб’яднанні на постсавецкай прасторы былі і застаюцца неэфектыўнымі. Яны не пра эканоміку (як ЕАЭС), не пра палітыку (СНД) і не пра ваенную справу (АДКБ). Яны пра прапаганду і панты, якіх у Лукашэнкі было і застаецца вельмі шмат.