Былая дэпутатка: Не ацэньваю гэты досвед як суперкласны, мне шкада, што я ў гэтым удзельнічала

Вольга Цесакова — дзейная дэпутатка Мінгарсавета, якая ў 2020-м асудзіла гвалт і фальсіфікацыі, а пазней з'ехала з краіны. «Наша Ніва» распытала яе пра ўнутраны бок выбараў і дэпутацтва.

401241963_368560825632286_6216508708920194256_n_2_cjnfo.jpg.webp

На 2017 год Цесакова — магістрантка эканамічнага факультэта БДУ, а таксама кіраўніца каардынацыйнай рады студэнцкіх інтэрнатаў БДУ. У такім статусе яна і пайшла на выбары ў Мінгарсавет.

—  Чаму вы тады вырашылі балатавацца?

— На той момант, у 2017-м, мне гэта падалося цікавым, здавалася, што я раблю ўсё правільна. Наша каардынацыйная рада займалася абаронай правоў студэнтаў, у тым ліку тых, хто жыў у інтэрнатах. І я бачыла ў дэпутацтве магчымасць гэта маштабіраваць, я ж і вылучалася ад акругі студэнцкай вёскі.

— На той час вы верылі ў гэтую сістэму?

— Складана сказаць, бо ў мяне не было іншага досведу, каб зразумець, што гэтая сістэма неэфектыўная. Мы жылі ў дзяржаве, дзе я і сама сутыкалася з сацыяльнай няроўнасцю, але магла не надта звяртаць на яе ўвагу.

Прайшло некалькі гадоў з выбараў 2010 года. Тады было адчуванне, што адбываецца нешта няправільнае, але яно хутка перакрылася вучобай і іншымі рэчамі.

Таму ў 2017-м у мяне не было вялікіх чаканняў, я проста не ведала, як яно працуе. Ніхто ж не кажа, як гэта — быць дэпутатам: далі пачытаць закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, пачытаць пра паўнамоцтвы Мінгарсавета, але з гэтага складана ўявіць, як сістэма насамрэч працуе.

Не ўспрымала дэпутацтва як нешта моцна палітычнае, а хутчэй як сацыяльнае, шмат хто казаў і дагэтуль кажа, што дэпутаты па-за палітыкай. Цяпер я ў гэта не веру, але тады я не разумела, як гэта працуе. Было адчуванне, што ў парламенце больш займаюцца палітыкай, тым, што ўплывае на краіну, напрыклад, прымаюць законы. А мясцовыя саветы — нешта, што ўплывае на жыццядзейнасць горада.

— Які быў механізм вашага вылучэння?

— Па-першае, мяне мусіла падтрымаць адміністрацыя ўніверсітэта, потым было знаёмства з адміністрацыяй раёна. Гэта мне здавалася вельмі лагічным — калі ты хочаш скарыстацца студэнцкім рэсурсам, мусіць быць разуменне, што тваю дзейнасць падтрымліваюць.

У нас жа не самадурства, калі кіраўнік рады можа рабіць што пажадае. Каб каманда табе дапамагла ў агітацыі і іншых справах, студэнцкі гарадок і адміністрацыя БДУ мусілі ведаць пра мяне. З іх боку не было ніякіх пярэчанняў, тады яшчэ быў мінулы рэктар, [Сяргей] Абламейка.


Глядзіце таксама

— Вы казалі раней пра тое, што атрымалі маральную падтрымку ад кіраўніцтва БДУ. Як гэта было?

— Я прыйшла да кіраўніка студгарадка па ідэалагічнай і выхаваўчай працы, сказала, што хацела б паўдзельнічаць у выбарах, атрымала згоду. Потым гэтаксама сустрэлася з дырэкцыяй студгарадка і з прарэктарам па выхаваўчай працы, але сустрэча з ім была кароткая — збольшага маё вылучэнне курыравала дырэкцыя студгарадка, тады, здаецца, ёй кіравала Ала Мелех.

— Вы таксама пазнаёміліся з адміністрацыяй Маскоўскага раёна. Навошта?

— Мне гэта здавалася лагічным. Ты ідзеш балатавацца ад гэтай акругі, адпаведна, ты працуеш у звязцы з выканаўчай уладай. Таму для мяне было лагічна пайсці і пазнаёміцца, каб і людзі на мяне паглядзелі, і я задала пытанні. Гэта разглядалася як праца на наступныя чатыры гады, хаця і неаплачаная.

Ёсць закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, і паўнамоцтвы Мінгарсавета — працаваць з адміністрацыяй горада і раёнаў. Напрыклад, бюджэт складаюць не дэпутаты, а Мінгарвыканкам, дэпутаты яго толькі падпісваюць або карэктуюць, калі на гэта ёсць запыт.

— Але калі вы яшчэ толькі кандыдатка ў Мінгарсавет, навошта вам знаёміцца з адміністрацыяй?

— Каб мяне ведалі і я не была для іх ноўнэймам. Было зразумела, што ў дэпутаты трапіць няпроста, гэта не той выпадак, калі ты папулярны блогер і таму за цябе прагаласуюць. Ты мусіш быць чалавекам з бэкграўндам, сувязямі.

— Гэта была спроба закінуць за сябе слоўца?

— Напэўна, так. Паказаць, што я іду ад ВНУ, маю ад яго падтрымку і жадаю зрабіць нешта добрае.

Гэта была проста сустрэча ў адміністрацыі з тагачасным кіраўніком раёна [Андрэем Жайловічам], вельмі кароткая. Не я дамаўлялася пра яе — так разумею, на гэта быў запыт ад універсітэта.

Расказала, што даўно займаюся пытаннямі студэнтаў і балатуюся ад акругі, дзе знаходзіцца студэнцкая вёска, што вельмі хацелася б зрабіць нешта карыснае не толькі для студэнтаў, а і для іншых жыхароў горада.

— Як вы збіралі подпісы за вылучэнне?

— Спачатку, у снежні 2017-га, мы зарэгістравалі ініцыятыўную групу, ім выдалі пасведчанні. Былі пікеты па зборы подпісаў, таксама мы дзяліліся на групы і хадзілі па кватэрах. Мы мусілі падаць 150 подпісаў, трэба было сабраць трошкі болей, бо некаторыя подпісы звычайна адбракоўваюцца.

— Як узнікла ваша ініцыятыўная група і з каго яна складалася?

— Гэта былі студэнты, і не толькі з каардынацыйнай рады, а і проста са Студэнцкай асамблеі БДУ — людзі з БРСМ, Студсаюза, рады старастаў. Некаторыя людзі са Студсаюза потым дапамагалі і ў агітацыі. Абмеркавала з іншымі студэнтамі, што збіраюся вылучацца, і прапанавала ім спытаць у сваіх арганізацыях, можа, нехта там пажадаў бы мне дапамагчы.

— Ці быў удзел у вашай ініцыятыўнай групе добраахвотным?

— Мне ніхто не казаў, каб яго прымусілі там удзельнічаць, гэта звычайная актыўнасць. Можа, нехта паабяцаў каму-небудзь прэмію за ўдзел [у ініцыятыўнай групе], але я не пыталася ў кожнага чалавека, з якім матывам яны прыходзілі.

— Таксама былі звесткі пра тое, што студэнтаў БДУ прымушалі ўступаць у суполку «Укантакце», каб падтрымаць вас. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

— Я не магла кантраляваць дзейнасць усіх людзей, і гэтую сітуацыю цяпер можна перакрываць як заўгодна. Калі б цяпер нехта з Пераходнага кабінета прымусіў падпісвацца за Святлану Ціханоўскую, гэта значыць, што Святлана яму загадала так рабіць? Тады ў мяне было занадта багата розных клопатаў, каб яшчэ кантраляваць, што пішуць людзі ў сацсетках. У кагосьці здарыўся такі імпэт — добра. Іншы выпадак, калі з кімсьці пагутарыла кіраўніцтва. Але я дакладна не прасіла кагосьці прымушаць.

— Ці вы дапускаеце, што вашай перамозе маглі паспрыяць улады?

— Так, але ў 2018-м мне здавалася, што так робяць усе. Лічыла правільным пайсці і пазнаёміцца з адміністрацыяй, і для мяне было відавочным, што ўніверсітэт будзе падтрымліваць сваю студэнтку.

Прымушаць — гэта дрэнна, але агітаваць — гэта мне здавалася лагічным. Натуральна, што калі чалавек вылучаецца ад працоўнага калектыва, гэты працоўны калектыў за яго і прагаласуе, бо інакш няма сэнсу яго вылучаць. Ды калі мяне нешта і турбавала, я не звяртала на гэта шмат увагі.

— Якая вы была дэпутатка?

— Першы год мне было вельмі цяжка працаваць. Ёсць некалькі дакументаў, якія рэгламентуюць нашу дзейнасць, але незразумела, як гэта ўсё працуе на практыцы. Ты чытаеш заканадаўства, але цябе зусім не рыхтуюць да сустрэчаў з грамадзянамі, калі з табой камунікуюць некарэктна і фамільярна. Такія рэчы пакідалі моцнае непрыемнае адчуванне і ўплывалі на агульнае ўражанне ад гэтай працы.

Таксама я шэсць гадоў пражыла ў інтэрнатах і не ведала шмат камунальных рэчаў, напрыклад, як правільна вывозіць смецце. Гэта цяпер я ўжо больш-менш ведаю Жыллёвы кодэкс і пэўныя санітарныя правілы, а тады мне даводзілася кожны раз хадзіць да старшыні ці больш-менш знаёмых калегаў і пытацца, што рабіць. Сама прымала людзей і пісала лісты, а гэта асобныя навыкі, не існуе курсаў, як стаць дэпутатам.


Глядзіце таксама

— Ці ёсць нешта з часоў вашага дэпутацтва, чым вы ганарыцеся?

— Напэўна, толькі гісторыя з 2020 года, калі на дваравой сустрэчы да мяне падышлі людзі і сказалі «як здорава, што мы за вас прагаласавалі ў 2018-м». Толькі тады мне падалося, што ўсё гэта было не дарма. Не ацэньваю дэпутацкі досвед як суперкласны, мне шкада, што я ў гэтым удзельнічала.

Першы час мне было сорамна. Бачыла, што на паперы дэпутацтва — гэта адно, а адбываецца ўсё па-іншаму. Для мяне гэты досвед станоўчы толькі тым, што я пабыла ўнутры сістэмы, вывучыла больш падрабязна заканадаўства і падыходы да вырашэння праблемаў і цяпер магу больш эфектыўна дапамагаць людзям.

— Чаму канкрэтна гэты досвед выклікае ў вас сорам?

— Цягам часу зразумела, што мяне ўхвалілі, інакш бы я туды не трапіла. У 2020-м атрымала пацверджанне, што за мяне галасавалі не толькі студэнты, а і жыхары раёна, і падумала — магчыма, і не так усё фальсіфікавалі.

Аказалася, што ў працы мы залежым ад выканкама і ўсё падпарадкаванае працэдурам, што ты — быццам наёмны дырэктар, задача якога — не задаваць пытанні, а проста падпісваць дакументы. Можаш іх і не чытаць, нікога гэта не хвалюе. На ўсе пытанні знойдзецца 50 аргументаў або табе ледзьве не загадам скажуць, што так і трэба, таму падпісвайце і не выдурняйцеся.

Калі трэба правесці прызначэнне новага мэра, нікога не хвалюе, якія ў вас справы — усім трэба прыехаць у будні дзень толькі для гэтага. Няма сістэмы электроннага галасавання, і ты галасуеш падняццем рук, а калі трошкі замарудзіўся, на цябе пільна глядзіць ледзьве не кіраўніцтва краіны, у тым ліку генеральны пракурор і Качанава — маўляў, чаму ты не падымаеш руку?

— На вашу думку, хто канкрэтна ўхваліў ваша прызначэнне?

— Напэўна, нікога з гэтых людзей ужо няма на тых пасадах. Але мне зразумела, што гэта было звязана з універсітэтам. Не ведаю ўнутранай кухні, але наўрад ці ідэя вылучацца ўсплыла б, калі б нехта не вырашыў пагуляцца і набраць сабе ачкі.

Я не маніторыла выбары, тым больш што тады да іх быў яшчэ год. Проста ўкінулі прапанову — маўляў, можна стаць дэпутаткай, і я такая — ну, акей, і пачала пра гэта чытаць.

— Чым вы займаецеся цяпер?

— Вяду свой праект пад назвай «Гэта наш горад», ён атрымаўся на базе супрацоўніцтва з дзейнай ініцыятывай КАТОС. Але КАТОС — гэта больш пра мясцовае самакіраванне, а мой праект — пра ўзаемадзеянне з мясцовай уладай, напісанне зваротаў. Мы кансультуем, расказваем, як усё гэта правільна рабіць.