Анатоль Лябедзька: Лепш наведайце любімую цешчу!
Апошні тэматычны пікет «За сумленныя свабодныя выбары!» правяла 20 жніўня ініцыятыўная група Анатоля Лябедзькі. Хоць ягоная каманда і прызнала: неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў не збяруць.
Вялікі партрэт Лябедзькі, бел-чырвона-белыя сцягі і такіх жа колераў балёнікі, фотаздымкі палітыка з вядомымі ў свеце дзеячамі. Прыхільнікі і недобразычліўцы, спецслужбоўцы ў цывільным і шматлікія журналісты. Усё гэта было ў чацвер каля галоўнага ўваходу на Камароўскі рынак у цэнтры беларускай сталіцы.
Сам Анатоль Лябедзька сказаў, што гэта апошні тэматычны пікет у цяперашняй ягонай электаральнай кампаніі, хоць яна будзе працягвацца да 11 верасня, калі Цэнтрвыбаркам афіцыйна агалосіць спіс кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.
Па словах актывіста каманды Анатоля Лябедзькі Віктара Карняенкі, у Беларусі няма сапраўдных выбараў. Таму ён заклікаў грамадзян проста зрабіцца назіральнікамі, каб пераканацца ў гэтым.
Па словах Карняенкі, апазіцыя не высоўвае нейкіх невыканальных патрабаванняў да ўлады. Напрыклад, уключыць у склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў кандыдатаў у прэзідэнты, даць магчымасць назіральнікам самрэчна назіраць за падлікам галасоў. «А то пад час падліку назіральнікі могуць бачыць толькі філейныя часткі чальцоў выбаркамаў і не могуць кантраляваць, колькі сапраўды галасоў атрымаў той ці іншы кандыдат», — адзначыў прамоўца.
Пра парушэнні падчас датэрміновага галасавання распавёў на пікеце былы афіцэр праваахоўных органаў падпалкоўнік Мікалай Казлоў. «У 2008 годзе я, калі быў дзеючым супрацоўнікам міліцыі, на ўласныя вочы бачыў, як фальсіфікуюцца выбары. Я бачыў, як чальцы выбарчай камісіі кідалі ў скрыні для галасавання шмат бюлетэняў на датэрміновым галасаванні. Нягледзячы на ўсе мае даклады і спробы таго, каб чальцы камісіі панеслі заслужанае пакаранне, яны засталіся працаваць на сваіх месцах. І тыя людзі, якія ў 2008 годзе рабілі фальсіфікацыі, працягвалі і працягваюць удзельнічаць ва ўсіх наступных выбарах. Таму я заклікаю вас: перад тым, як пайсці на ўчастак, як аддаць голас, памятайце, што вашы галасы ніхто не лічыць, што вас ніхто не бярэ ў разлік, што, прыходзячы на выбарчыя ўчасткі, вы выконваеце чыста тэхнічную функцыю. Таму мы павінны ўсе разам добівацца, каб ва ўчастковых і іншых выбаркамах прымалі актыўны ўдзел прадстаўнікі апазіцыйных структураў, каб мы хаця б мелі надзею, што самі выбары і падлік галасоў будуць сумленныя», — падкрэсліў Мікалай Казлоў.
Анатоль Лябедзька ў працяг параіў беларусам скарыстаць 11 кастрычніка для больш годных мэтаў, чым наведванне выбарчых участкаў. Напрыклад, наведаць любімую цешчу, з’ездзіць на рыбалку ці схадзіць у лазню, сустрэцца з сябрамі і гэтак далей.
Пры канцы пікета яго ўдзельнікі выпусцілі ў неба белыя і чырвоныя балёнікі з замацаваным унізе бел-чырвона-белым сцягам. А перад гэтым актывіст Алег Корбан пракалоў чорныя балёнікі з надпісамі «хлусня», «прапаганда», «крызіс», «інфляцыя» ды іншыямі негатыўнымі паняццямі. І ячшэ кідаўся ў вочы лозунг: «Лида, не переБОРЩи!». Усім усё зразумела.