«Агідна, калі рэжым у агоніі знішчае тых, хто ўслаўляе Беларусь у свеце»
Экс-кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус рэзка раскрытыкаваў узбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніцы фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і ўнясенне беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Агідна, калі рэжым у агоніі знішчае тых, хто ўслаўляе Беларусь у свеце, тых, кім ганарыцца нацыя. Застаецца толькі спадзявацца, што агонія працягнецца нядоўга. Мы павінны ўсяляк падтрымліваць людзей, якія змагаюцца за сваю свабоду», — цытуе Лінкявічуса АФН са спасылкай на БелаПАН.
З нагоды ўключэння Ціханоўскай у спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці літоўскі палітык адзначыў, што Лукашэнка «шукае тэрарыстаў не ў тым месцы», «прасцей было б паглядзець у люстэрка».
Тым часам, Герасіменя выставіла на дабрачынны аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату свету-2012, заваяваны на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем,
«Гэтым лотам я б хацела падтрымаць усіх беларусаў, перадаць ім зарад стоадсоткавай упэўненасці ў перамозе, бо вера ў перамогу — гэта ўжо 90% поспеху! Засталося зусім няшмат, і ўсё ўстане на свае месцы, а ўсе вінаватыя панясуць заслужанае пакаранне. Галоўнае, не на секунду ў гэтым не сумнявайцеся!» — заявіла Герасіменя.