ААН і АБСЕ падрыхтавалі рэкамендацыі па правядзенні выбараў
Дзяржавам варта ствараць нарматыўна-прававую і інстытуцыйную аснову, якая спрыяе развіццю свабодных, незалежных і плюралістычных СМІ, што могуць даваць выбаршчыкам доступ да найбольш поўнай, дакладнай і надзейнай інфармацыі аб партыях, кандыдатах і выбарчым працэсе ў цэлым.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі «Аб свабодзе выказвання думкі і выбарах у эпоху лічбавых тэхналогій», якую падрыхтавалі спецдакладчык ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду думак і іх свабоднае выказванне і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.
У дакуменце выказваецца сур’ёзная занепакоенасць пагрозамі, з якімі журналісты могуць сутыкнуцца падчас асвятлення выбараў, у прыватнасці магчымымі актамі гвалту супраць іх, а таксама паклёпніцкімі кампаніямі (асабліва супраць жанчын-журналістаў), якія падрываюць працу прадстаўнікоў СМІ і давер грамадскасці да журналістыкі. Прадстаўнікі ААН і АБСЕ таксама занепакоеныя тым, што многія дзяржавы прымаюць законы, якія, хоць фармальна абгрунтаваныя, «неапраўдана абмяжоўваюць свабоду выказвання думкі, пашыраюць дзяржаўны кантроль над СМІ, абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце і павялічваюць магчымасці розных суб’ектаў збіраць персанальныя дадзеныя грамадзян».
У дэкларацыі адзначаецца, што правядзенне выбараў ва ўсім свеце, запланаваных у разгар пандэміі COVID-19, «можа прывесці да дадатковых перашкод для інфармавання грамадскасці, якія часам неабгрунтавана навязваюцца дзяржаўнымі суб’ектамі, у перыяд, калі выбаршчыкам асабліва неабходны доступ да шырокага спектру інфармацыі і ідэй, каб зрабіць свой усвядомлены выбар».
ААН і АБСЕ рэкамендуюць дзяржавам «ствараць сістэмы, якія забяспечваюць працаздольны доступ да інтэрнэту і іншых лічбавых тэхналогій для ўсіх слаёў насельніцтва, у тым ліку шляхам пераадолення лічбавага разрыву па прыкмеце полу, расы, нацыянальнай прыналежнасці, наяўнасці інваліднасці, сацыяльна-эканамічнага становішча і іншых прыкмет і ўстанаўлення дакладных патрабаванняў і стратэгій для забеспячэння выканання прынцыпу сеткавага нейтралітэту».
Дзяржавам рэкамендавана «забяспечыць, каб любыя абмежаванні свабоды выказвання думкі, якія прымяняюцца ў перыяд выбараў, падпарадкоўваліся тром крытэрам міжнароднага заканадаўства аб правах чалавека — законнасці, правамернасці мэты і неабходнасці».
«Недапушчальная папярэдняя цэнзура СМІ, у тым ліку з дапамогай такіх сродкаў, як адміністрацыйнае блакаванне вэб-сайтаў сродкаў масавай інфармацыі або адключэнне інтэрнэту, — гаворыцца ў дакуменце. — Любыя абмежаванні права на перадвыбарчую агітацыю павінны адпавядаць міжнародным стандартам, у тым ліку ў той іх частцы, якая патрабуе ад публічных фігур большай, чым у звычайных грамадзян, памяркоўнасці да крытыкі ў свой адрас і пільнай увагі да сваёй дзейнасці. Недапушчальна, каб законы аб дэзынфармацыі насілі агульны характар або былі няпэўнымі, напрыклад уключалі забарону „лжывых навін” або «неаб’ектыўнай інфармацыі».
Прадстаўнікі ААН і АБСЕ падкрэсліваюць, што «дзяржаўныя суб’екты ні пры якіх абставінах не павінны злоўжываць сваім становішчам або паўнамоцтвамі, яны не павінны прымаць меры, з мэтай аказання неправамернага ўплыву на асвятленне ў СМІ ў тым ліку выбараў, як прамыя (ліцэнзаванне СМІ, ажыццяўленне кантролю над грамадскімі СМІ або рэгулятарамі сродкаў масавай інфармацыі), так і ўскосныя (абмежаванне доступу да газетнай паперы, радыёчастот або свабоднага распаўсюджвання прадукцыі СМІ па ўсёй краіне)».
«Дзяржаўныя суб’екты павінны забяспечыць надзейны доступ СМІ да крыніц афіцыйнай інфармацыі і кандыдатаў на дзяржаўныя пасады і выключыць неапраўданыя перашкоды для распаўсюджвання такой інфармацыі і ідэй, у тым ліку падчас пандэміі COVID-19», — гаворыцца ў дэкларацыі.
У дакуменце адзначаецца, што традыцыйныя і лічбавыя СМІ ў перыяд выбараў «павінны быць вызваленыя ад адказнасці за распаўсюджванне заяў, зробленых непасрэдна партыямі або кандыдатамі, за выключэннем выпадкаў, калі гэтыя заявы былі прызнаныя незаконнымі незалежным і бесстароннім судовым або адміністрацыйным органам альбо з’яўляюцца падбухторваннем да гвалту, распаўсюджванне якога СМІ мог добрасумленна прадухіліць». У дэкларацыі гаворыцца, што любы адміністрацыйны орган, упаўнаважаны ажыццяўляць нагляд за выкананнем правілаў дзейнасці СМІ, у перыяд выбараў павінен быць незалежным ад урада, а яго рашэнні падлягаюць своечасоваму судоваму кантролю.
«Усе грамадскія і дзяржаўныя СМІ ў перыяд выбараў павінны забяспечваць інфармаванне грамадскасці ў пытаннях выбараў, прытрымлівацца строгіх нормаў справядлівасці, бесстароннасці і балансу, а таксама даваць усім партыям і кандыдатам роўныя магчымасці для прамых зносін з грамадскасцю бязвыплатна або па субсідаваных тарыфах», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.
Там таксама адзначаецца, што дзяржавы нясуць асаблівае абавязацельства прымаць у перыяд выбараў хуткія і эфектыўныя меры па прадухіленні, расследаванні, судовым пераследзе і пакаранні за напады, пагрозы, пераслед і запалохванне журналістаў і іншых работнікаў СМІ, у тым ліку ў дачыненні да іх уласнасці і сем’яў, асабліва калі дзяржаўныя суб’екты маюць або могуць мець да гэтага дачыненне. Прадстаўнікі ААН і АБСЕ лічаць, што інтэрнэт-пасрэднікі не павінны несці адказнасць за дэзынфармацыю, некарэктную і нядобрасумленную інфармацыю, якая была распаўсюджаная на іх платформах, акрамя выпадкаў непасрэднага ўплыву на яе змест або невыканання юрыдычна абавязковай пастановы аб выдаленні гэтага кантэнту.
«Партыі і кандыдаты павінны своечасова даваць, у тым ліку СМІ, звесткі ў дачыненні да сваіх выдаткаў на выбары, і ў прыватнасці выдаткаў на прасоўванне ў традыцыйных і лічбавых СМІ і іншай дзейнасці ў галіне лічбавай камунікацыі, — гаворыцца ў дэкларацыі. — Дзяржаўныя суб’екты, у тым ліку адказныя за рэгуляванне выбараў, павінны быць цалкам транспарэнтнымі ў дачыненні да любых сваіх пагадненняў або партнёрскіх адносін, фармальных ці нефармальных, з інтэрнэт-пасрэднікамі, і ў прыватнасці з лічбавымі кампаніямі і сацыяльнымі сеткамі ў сувязі з выбарамі».
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня.
belapan.by