$109 млрд — у Расіі падлічылі колькі выдаткавалі на Лукашэнку за 20 гадоў

Расійскае выданне «Новая газета» падлічыла выдаткі Крамля ў «тлустыя» часы дарагой нафты на геапалітыку. Усяго ўлады РФ выдаткавалі $609 млрд долараў на павелічэнне свайго ўплыву ў свеце.

fotolia_51817559_subscription_monthly_m.jpg


З іх $109 млрд тым ці іншым спосабам былі перададзеныя ўладам Беларусі.

«За 20 гадоў саюза з Беларуссю розная дапамога краіне абышлася расійскім падаткаплацельшчыкам у больш чым $109 млрд. Каля $100 млрд з гэтай сумы — прадастаўленыя Мінску зніжкі на паліва. Яшчэ $9 млрд — дзяржкрэдыты. Нядаўна Лукашэнка кранальна назваў Уладзіміра Пуціна “сваім адзіным сябрам”. Разам: больш $5 млрд за год “сяброўства”, — піша аўтарка «Новай газеты» Ганна Цітова.

«Беларусь атрымлівае расійскі газ па цане каля $130 за тысячу кубаметраў. Не ўлічваючы 2020 года, калі адбыўся калапс цэн у Еўропе, зніжка складала ад 35 да 50% да ўзроўню сярэдняй цаны расійскага газу ў Еўропе», — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Аляксей Грывач. Нафту Беларусь атрымлівала без экспартнай пошліны, эканомячы на гэтым $1,5 — 2 млрд на год.

У тое, што «Новая газета» называе «расійскімі дзяржкрэдытамі», напэўна, не ўвайшла Беларуская атамная станцыя, — яна адна «пацягне» на крэдыт у $9 млрд. Аднак тут не ўсё так проста. Па словах аўтаркі «Новай газеты», атамная энэргетыка — яшчэ адна вобласць, у якой Расія спрабуе рэалізаваць свае палітычныя амбіцыі. На будаўніцтва 21 энергаблока за мяжой, па якіх ужо падпісаныя кантракты, дзяржава вылучыла «Расатаму» $92 млрд.

content_02__1_.jpg


«АЭС, як правіла, будуюцца ў краінах, якія не могуць дазволіць сабе пабудаваць іх самастойна. А грошай у доўг ім не дасць ні адзін банк — не змогуць выплаціць. Яскравы прыклад — будаўніцтва АЭС Акую ў Турцыі, для якой карпарацыя беспаспяхова спрабуе знайсці інвестара больш за два гады. Таму часцей за ўсё праект аплачваюць за кошт расійскіх экспартных крэдытаў пад нізкі працэнт або нават на сродкі з ФНБ», — гаворыцца ў артыкуле.

«Расійскія экспартныя крэдыты значна адрозніваюцца ад экспартных крэдытаў іншых краін. У любой заходняй краіне крэдыт ніколі не пакрывае поўнага кошту праекта, толькі нейкую невялікую частку, а астатняе кампаніям прыходзіцца шукаць у прыватных асоб, інвестараў, банкаў. У нас экспартныя крэдыты могуць пакрываць да 90% кошту. Там, дзе ёсць палітычны складнік, прыбытку чакаць не даводзіцца», — сказаў выданню сустаршыня расійскай экалагічнай групы «Экаабарона» Уладзімір Слівяк.