1030-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: акупацыя Трудавога і пажар на Навашахцінскім НПЗ
РФ працягвае абстрэльваць Украіну. У выніку начных атак у Херсонскай вобласці ёсць ахвяры з цяжкімі раненнямі.
***
У ноч на 19 снежня аналітыкі праекта «DeepState» абнавілі мапу баявых дзеянняў і паведамілі, што расійцы акупавалі Трудавое Данецкай вобласці.
Паводле даных праекта, вораг таксама прасунуўся ва Успенаўцы, Курахове, ля Пясчанага, Новааленёўкі, Волкавага, Няскучнага і Вазраждзення ў Данецкай вобласці.
Акрамя таго, аналітыкі паказалі на прасоўванне акупантаў у Загрызаве Харкаўскай вобласці.
***
Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) заявілі што кіраўнік расійскага Генеральнага штаба генерал Валерый Герасімаў значна перабольшыў звесткі пра акупаваныя ў 2024 годзе войскам РФ украінскія тэрыторыі. ISW апублікаваў уласныя даныя з гэтай нагоды.
«Начальнік расійскага Генеральнага штаба генерал арміі Валерый Герасімаў значна завысіў нібыта статыстычныя звесткі пра расійскія тэрытарыяльныя дасягненні (у захопніцкай вайне супраць Украіны. — Заўв. рэд.) у 2024 годзе».
Герасімаў заявіў 18 снежня, што расійскія войскі захапілі прыкладна 4 500 квадратных кіламетраў у 2024 годзе. Аднак ISW знайшоў пацвярджэнне таго, што расійцы сёлета захапілі толькі 3 306 квадратных кіламетраў.
Аналітыкі паказваюць на тое, што перабольшаныя лічбы Герасімава кантрастуюць з больш дакладнымі заявамі міністра абароны Расіі Андрэя Белавусава на пасяджэнні калегіі Міністэрства абароны Расіі 16 снежня.
Напрыклад, Белавусаў сцвярджаў, што сярэднесутачная хуткасць прасоўвання войскаў РФ складае блізу 30 квадратных кіламетраў.
«ISW назіраў за геалакацыйнымі звесткамі, каб ацаніць, што ў лістападзе 2024 года расійскія войскі прасоўваліся з хуткасцю прыкладна 27,96 квадратных кіламетраў на дзень».
Белавусаў таксама сцвярджаў, што расійскія войскі захапілі прыкладна 99% Луганскай вобласці, 70% Данецкай вобласці, прыкладна 74% Запарожскай вобласці і прыкладна 76% Херсонскай вобласці.
«Паводле ацэнак ISW, расіцы акупавалі прыкладна 99% Луганскай вобласці, 66% Данецкай вобласці і па 73% Запарожскай і Херсонскай абласцей».
***
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі падчас тэлефоннай размовы з начштаба абароны Вялікабрытаніі адміралам Тоні Радакіным паведаміў пра цяжкія баі і актывізацыю наступу расійцаў на некалькіх кірунках фронту за апошнія дні. Пра гэта ён напісаў у сваім ТГ-канале.
«Азнаёміў брытанскага калегу з аператыўнай абстаноўкай на лініі фронту, якая працягвае заставацца надзвычай складанай. За апошнія некалькі дзён вораг чарговым разам актывізаваў наступальныя дзеянні адначасова ў некалькіх раёнах. Сілы абароны Украіны ў цяжкіх баях не дазволілі расійцам прарваць абарону і дасягнуць аператыўнага поспеху ні на адным з кірункаў».
Радакін запэўніў у нязменнай падтрымцы Украіны, асобныя аспекты якой будуць значна нарошчаныя ў 2025 годзе.
Паведамляецца, што Вялікабрытанія разам з іншымі еўрапейскімі партнёрамі і ў далейшым будзе прыкладаць максімальныя намаганні ў забеспячэнні нашых патрэб ва ўзбраенні, ваеннай тэхніцы, боепрыпасах, іншым высокатэхналагічным абсталяванні.
***
Эканоміка Украіны застаецца на чвэрць меншай, чым у 2021 годзе, аднак упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання яна дэманструе перавагі над эканомікай РФ па пэўных ключавых паказчыках, піша «The Economist».
Нацыянальны банк Украіны прагназуе рост ВУП на 4% у 2024 годзе і на 4,3% — у 2025-м. Валюта стабільная, а працэнтная стаўка на ўзроўні 13, 5% застаецца самай нізкай за апошнія 30 месяцаў.
Для параўнання, у Расіі стаўкі неўзабаве могуць дасягнуць 23%, каб спыніць падзенне рубля, банкі знаходзяцца ў крохкім стане, а рост ВУП прагназуецца толькі на ўзроўні 0,5-1,5% у 2025 годзе.
Тым не менш, Украіна сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі: эскалацыяй вайны, скарачэннем унутраных рэсурсаў і уплывам Дональда Трампа.
У ліпені 2023 года Расія адмовілася працягваць збожжавае пагадненне. Украіна адказала адкрыццём уласнага марскога калідора, забяспечыўшы яго праз кампанію марскога стрымлівання дронамі і ракетамі. Гэта дазволіла аднавіць не толькі пастаўкі збожжа, але і металаў і мінералаў, якія з'яўляюцца другім па важнасці экспартам краіны.
Гэтыя меры, разам з заходняй дапамогай, не далі Расіі пазбавіць Украіну рэсурсаў і маральнага духу, неабходных для працягу барацьбы. Аднак цяпер пачынаецца фаза, падчас якой эканоміка сутыкаецца з самымі вялікімі выклікамі: вострым дэфіцытам энергіі, чалавечых рэсурсаў і фінансаў.
У снежні Украіна павялічыла прапускную здольнасць імпарту электраэнергіі з ЕС амаль на чвэрць — да 2, 1 ГВт.
Многія вытворцы харчовай прадукцыі ператвараюць рэшткі вытворчасці ў біягаз для ўласных патрэб. Прамысловыя прадпрыемствы камбінуюць гэтыя крыніцы з імпартам, каб пазбягаць катастрафічных адключэнняў.
Бесперапынны рамонт энергасістэмы дапаможа ўтрымаць сярэдні дэфіцыт электраэнергіі ва Украіне на ўзроўні 6% ад агульнага попыту ў 2025 годзе і 3% — у 2026-м, сцвярджае Андрэй Пышныа, старшыня Нацыянальнага банка Украіны.
Другая самая складаная праблема — гэта дэфіцыт рабочай сілы. З 2022 года мабілізацыя, міграцыя і вайна скарацілі рабочую сілу больш чым на пятую частку — да 13 мільёнаў чалавек. Попыт на яе застаецца высокім: колькасць вакансій дасягае 65 тысяч на тыдзень — у параўнанні з 7 тысячамі ў першыя тыдні вайны. Але на адну вакансію прыпадае толькі 1,3 заявы, у параўнанні з дзвюма ў 2021 годзе.
Міністэрства эканомікі і Мінабароны Украіны вядуць барацьбу за баланс мабілізацыі: як правільна размеркаваць рэсурсы для будучыні краіны. Пакуль што грамадзянскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад максімалісцкіх патрабаванняў вайскоўцаў, што шкодзіць фронту.
Нават галіны, якія лічацца крытычнымі, цяпер могуць абараніць ад мабілізацыі толькі палову сваіх работнікаў.
Яшчэ адна праблема — недахоп грошай. Малым фермам і прадпрыемствам цяжка пазычыць дастаткова сродкаў для фінансавання сваёй дзейнасці. Доўгатэрміновыя капіталаўкладанні амаль немагчымыя.
Рост выдаткаў на вядзенне бізнесу зменшыў прыбыткі. Кампаніі, якія абслугоўваюць ўнутраных кліентаў, перакладаюць частку выдаткаў на спажыўцоў, павялічваючы інфляцыю. Экспарцёры, якія канкуруюць на глабальных рынках, такога зрабіць не могуць.
Дзяржава таксама траціць нашмат больш, чым атрымлівае. У 2025 годзе бюджэтны дэфіцыт прагназуецца на ўзроўні каля 20% ВУП. Амаль увесь гэты дэфіцыт — $38 млрд. — па плане павінен быць пакрыты знешнім фінансаваннем.
У чэрвені краіны G7 узгаднілі пакет дапамогі на $50 млрд., які Украіна павінна вярнуць за кошт адсоткаў, атрыманых з замарожаных расійскіх актываў сумай у €260 млрд. ($273 млрд.) у заходніх краінах. Аднак падтрымка гэтага плана з боку ЗША не з'яўляецца гарантаванай.
Украіна, верагодна, зможа перажыць 2025 год без фінансавання з боку ЗША. Разам з €18 млрд., якія ўзгадніў ЕС, унёскі іншых краін G7 змогуць запоўніць прабел, лічыць Дзімітар Багаў з Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.
Украіна таксама мае значныя валютныя рэзервы, якія да канца 2024 года павінны вырасці да $43 млрд., што пакрые пяць месяцаў імпарту. Аднак у выпадку адмовы ЗША фінансаваць сваюзніка ў 2026 годзе ўкраінскі ўрад можа сутыкнуцца з фінансавым калапсам.
***
Член парламента Паўднёвай Карэі Лі Сон Квен са спасылкай на выведвальныя даныя паведаміў, што ў Курскай вобласці былі забітыя сто салдат Паўночнай Карэі і яшчэ блізу тысячы вайскоўцаў, якія ваююць на баку РФ, былі параненыя, піша агенцтва «Reuters».
Паўднёвакарэйскі заканадаўца адзначыў, што вялікія страты звязаныя з адсутнасцю досведу войскаў КНДР у «вайне беспілотнікаў» і няведаннем адкрытай мясцовасці, дзе яны ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях.
Паводле слоў Лі, разыходжанні ў ацэнцы загінулых вайскоўцаў з данымі ваеннага чыноўніка ЗША, які назваў некалькі соцень страт, тлумачыцца адносна кансерватыўным аналізам NIS.
«Было паведамленне пра прынамсі сотню загінулых і колькасці параненых, (якая) набліжаецца да тысячы», — сказаў ён.
***
За мінулыя суткі на ўсіх участках фронту адбылося 250 баявых сутыкненняў. 98 разоў расійскія войскі атакавалі Пакроўскі, Курахоўскі і Урэмаўскі кірункі. На курскім плацдарме абаронцы адбілі 68 штурмаў ворага, паведамляе Генштаб УСУ.
У ноч на 19 снежня расійцы нанеслі па Украіне ўдар дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», кіраванай авіяцыйнай ракетай «Х-59/69», 85-цю ўдарнымі БпЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі іншых тыпаў; ні адзін робат не дасягнуў цэлі.
Генштаб абнавіў даныя пра расійскія страты: толькі за мінулыя суткі армія РФ стала менш на 1 530 салдат, 27 ББМ і 14 артылерыйскіх сістэм. Таксама Сілы абароны Украіны знішчылі 5 танкаў, 1 сродак СПА, 51 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 68 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў і 4 адзінкі спецтэхнікі.
Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання УСУ абясшкодзілі ўжо каля 768 220 акупантаў, 9 576 танкаў, 19 799 баявых браніраваных машын, 21 178 артылерыйскіх сістэм, 1 026 сродкаў СПА, 20 521 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 31 678 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў і 3 656 адзінак спецыяльнай тэхнікі.
***
Увечары 18 снежня горад Ромны Сумскай вобласці падвергнуўся ракетнаму ўдару з боку расійцаў, паведамляе ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.
У выніку атакі было пашкоджана 9 жылых дамоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
На тэрыторыі Роменскай грамады аператыўна разгарнулі штаб па ліквідацыі наступстваў варожай атакі. Жыхарам пашкоджаных дамоў прапанавалі часовае пражыванне ў мясцовых інтэрнатах.
***
У выніку абстрэлу памежжа Чарнігаўскай вобласці раненні атрымалі паліцэйскі і падлетак, напісаў у ТГ кіраўнік Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Чавус.
Па памежжы Чарнігаўшчыны расійцы ўдарылі ўвечары 18 снежня.
«На жаль, ёсць пацярпелыя. Цяжка паранены паліцэйскі, мужчына ў вельмі цяжкім стане. Паранены таксама 16-гадовы юнак».
Кіраўнік АВА дадаў, што, акрамя таго, праз абстрэл пашкоджаны жылы дом.
***
Раніцай 19 снежня расійскія вайскоўцы атакавалі дронам Новаваранцоўку ў Херсонскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі 5 чалавек, паведамляе Херсонская АВА.
Паведамляецца, што 58-гадовая жанчына атрымала выбуховую траўму, кантузію і аскепкавае раненне галёнкі. Яе стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці, яна знаходзіцца пад наглядам медыкаў.
44-гадовая мясцовая жыхарка атрымала цяжкія раненні, у прыватнасці выбухную і адкрытую чэрапна-мазгавую траўмы, удар галаўнога мозгу, множныя асколачныя раненні галавы. Яе стан крытычны, дыягнаставана цэрэбральная кома.
65-гадовы мужчына атрымаў выбуховую траўму і асколачнае раненне вока.
У яшчэ адной 58-гадовай пацярпелай — выбуховая траўма, кантузія і аскепкавыя раненні абедзвюх галёнак. Цяпер яна знаходзіцца пад наглядам медыкаў. Таксама асколачныя раненні грудной клеткі атрымала 71-гадовая жанчына.
Усіх пацярпелых даставілі ў бальніцу, дзе ім аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.
Акрамя таго, у выніку ўдару пашкоджаны будынак мясцовай крамы і тры транспартныя сродкі. Папярэдне, пацярпелі два чалавекі, якія знаходзіліся на вуліцы.
***
У выніку расійскай дронавай атакі на Херсон і Антонаўку 19 снежня раненні атрымалі тры чалавекі, паведамляюць у кіраўніцтве рэгіёна.
«Каля 12:40 у выніку ўдару варожага дрона ў абласным цэнтры 52-гадовы мужчына атрымаў выбуховую траўму, аскепкавыя раненні сківіцы і рукі».
Таксама паведамляецца, што каля 13:00 пад расійскі абстрэл з БПЛА папалі 52-гадовая жанчына і 55-гадовы мужчына. У іх — выбуховыя траўмы і асколачныя раненні ног. Усіх траіх пацярпелых шпіталізавалі.
***
У ноч на 19 снежня в.а. губернатара Растоўскай вобласці Юрый Слюсар заявіў, што рэгіён нібыта атакавалі 7 украінскіх беспілотнікаў. Сацсеткі паведамілі пра пажар на НПЗ.
Паводле слоў Слюсара, расійская СПА нібыта знішчыла 7 дронаў: 6 — у Таганрогу і адзін — у Батайску.
Расійскія паблікі выказалі здагадку, што ў Навашахцінску Растоўскай вобласці мог быць атакаваны нафтаперапрацоўчы завод.
Пазней Слюсар пацвердзіў інфармацыю пра пажар на НПЗ у Навашахцінску:
«У выніку атакі БПЛА ў Навашахцінску адбылося ўзгаранне на Навашахцінскім заводзе нафтапрадуктаў».
***
Мінабароны Расіі заявіла, што ў ноч на 19 снежня РФ атакавалі 84 беспілотнікі.
У расійскім ведамстве заявілі, што іх СПА нібыта знішчыла «84 украінскія беспілотныя лятальныя апараты».
«36 БпЛА знішчана над тэрыторыяй Растоўскай вобласці, 21 — над тэрыторыяй Бранскай вобласці, 14 — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, 6 — над тэрыторыяй Варонежскай вобласці, па 3 — над тэрыторыямі Курскай і Тамбоўскай абласцей і 1 – над тэрыторыяй Краснадарскага краю».