«У нас няма сіл, каб вярнуць іх». Зяленскі — пра Крым і Данбас
«Мы можам разлічваць толькі на дыпламатычны ціск з боку міжнароднай супольнасці, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскае войска не можа сваімі сіламі вярнуць Крым і Данбас. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю французскай газеце Le Parisien, апублікаваным 17 снежня, перадае «Медуза».
Выданне спытала ў Зяленскага, на якія кампрамісы ён гатовы пайсці, каб завяршыць вайну. «[Гатовы] аддаць Крым ці Данбас, хаця б часова?» — спытала журналістка газеты.
Зяленскі адказаў:
«Мы не можам аддаць нашыя тэрыторыі. Канстытуцыя Украіны забараняе нам гэта рабіць. Дэ-факта гэтыя тэрыторыі зараз кантралююць расіяне. У нас няма сілы, каб вярнуць іх. Мы можам разлічваць толькі на дыпламатычны ціск з боку міжнароднай супольнасці, каб прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў».
Таксама ў Зяленскага спыталі, ці гатовы ён сесці за адзін стол перамоваў з Уладзімірам Пуціным.
«Важна не тое, хто сядзіць насупраць. Важна, у якім стане вы знаходзіцеся, калі вядзеце перамовы. Я ня думаю, што мы знаходзімся ў слабой пазыцыі, але і ў моцнай мы таксама не знаходзімся. Ці будзем мы ў НАТА? Мы не ведаем. Ці будзем мы часткай Еўрапейскага саюза? Так, у будучыні, але калі?»
«Сесці за стол перамоваў з Пуціным у такіх умовах азначала б даць яму права вырашаць усё ў нашай частцы свету. Спачатку нам трэба распрацаваць мадэль, план дзеянняў або мірны план — называйце як хочаце. Тады мы зможам прадставіць яго Пуціну ці, у шырэйшым сэнсе, расійцам».
Зяленскі падкрэсліў, што ніводны сусветны лідэр "не мае права весці перамовы з Пуціным без Украіны". «Мы нікому не дэлегавалі гэты мандат. Мы — ахвяры», — заявіў Зяленскі.
Улады Украіны, па дадзеных крыніц WSJ, у снежні пачалі перамовы аб спыненні расійска-ўкраінскай вайны з камандай абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які неаднаразова казаў, што гатовы хутка завяршыць гэты канфлікт. Зяленскі 7 снежня сустрэўся з Трампам у Парыжы, сустрэчу арганізаваў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Пасля перамоваў у Парыжы Трамп заклікаў бакі спыніць агонь і пачаць перамовы. У Крамлі адказалі, што Расія адкрытая да перамоваў, але для пачатку перамоваў улады Украіны павінны адмяніць забарону на кантакты з расійскім кіраўніцтвам. Улады Украіны неаднаразова заяўлялі, што Расія да перамоваў не гатовая.