Запрашаем на Тыдні Германіі–2016
Тыдні Германіі, якія ўжо сталі добрай традыцыяй і праводзяцца на працягу ўжо больш як 10 гадоў, у гэтым годзе пачнуцца 15 верасня і працягнуцца да 31 кастрычніка 2016 г.
Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія запрашае наведаць мерапрыемствы ўсіх, хто хоча пазнаёміцца з культурай, мовай і грамадствам Германіі.
Праграма запланавана надзвычай разнастайная: сярод мерапрыемстваў шасці захапляльных тыдняў, што ўключаюць кінапаказы, тэатральныя пастаноўкі і канцэрты, паэтычны слэм, літаратурны калаж і аўтарскія чытанні, выставы, майстар-класы і семінары на актуальныя тэмы ў 11 гарадах Беларусі, кожны знойдзе што-небудзь сабе па гусце!
Сёлета адзначаецца асаблівы юбілей: 17 кастрычніка ў 10-ы раз стартуе Тыдзень нямецкай мовы і культуры ў Брэсце, які за гэты час стаў неад'емнай часткай Тыдняў Германіі, а таксама нямецкіх праектаў у сферы культуры ў Беларусі.
Тыдні Германіі праводзяцца Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія сумесна з германскімі культурнымі пасярэднікамі і арганізацыямі ў галіне культуры ў Беларусі ў супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі.
Падрабязную і актуальную інфармацыю пра асобныя мерапрыемствы і арганізатараў можна знайсці на сайце www.minsk.diplo.de.
Паводле прэс-службы Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску