Загадкі «паўстанцкіх» будынкаў Гародні

У часы паўстання 1863-1864 гадоў менавіта тут знаходзіўся Рэвалюцыйны камітэт, а па гарадзенскаму бруку гуляў Кастусь Каліноўскі. Чытайце ТОП-5 гарадзенскіх аб’ектаў, звязаных з паўстаннем Каліноўскага.

top_1.jpg

1. Пабернардынскі касцёл з кляштарам



top2_1.jpg

Каталіцкая бажніца XVI стагоддзя разам з кляштарам была зачыненая расійскімі ўладамі ў 1853 годзе. А з 1858 года з’яўлялася сядзібай царскага войска ў Горадні, але частку жыллёвых корпусаў здавалі пад жыллё. Жылі тут медык Цэлестын Цеханоўскі – начальнік Горадні ды Юзаф Руткоўскі, які заняў месца першага пасля яго арышту.

Ёсць прыгожая гарадзенская легенда, што ў сутарэннях касцёлу па сённяшні дзень захоўваюцца паўстанцкія косы ды чакаюць свайго часу.

2. Дом літаратаркі Элізы Ажэшкі

top3.jpg

Патрыётка Рэчы Паспалітай Пані Ажэшкова заўсёды падтрымлівала ідэю незалежнасці ад Расіі. Жывучы на Палессі ёй даводзілася прымаць у сябе будучага «апошняга дыктатара паўстання» Рамуальда Траўгута. Дом жа яе быў пабудаваны з дапамогай сям’і Абрэмскіх – шляхецкая сям’я, якая жыла побач.

Але цікавінка дому ў тым, што па згадках самога Людаміра Абрэмскага, менавіта за домам Ажэшкі, у агародзе, была закапаная пячатка Гарадзенскага рэвалюцыйнага камітэту. Расійскія следчыя фактычна палявалі на гэтую пячатку, знайсці яе была справа гонару для службоўцаў. Пячатку так і не знайшлі.

3. Гарадзенская мужчынская гімназія

top4.jpg

Гімназісты прымалі актыўны ўдзел у перад паўстанцкіх маніфестацыях ды акцыях грамадзянскага пратэсту. Вучні ўстановы зрывалі ўрокі, калі выкладчык быў расійцам, спявалі пад час заняткаў патрыятычныя гімны, ды нават асвісталі грамадзянскага губернатара.

Навучэнцы актыўна далучыліся і да захопу цягніка, каб выбрацца з Горадні ды аб’яднацца з дзейнымі паўстанцкімі атрадамі, але спроба аказалася няўдалай. Бунтарныя навучэнцы былі пакараныя, а ў самой гімназіі з’явіўся каравул, каб не дапускаць у будучым падобных эксцэсаў.

4. Гарадзенская чыгунка

top5.jpg

Станцыя «Горадня» дзейнічаць пачала ў снежні 1862 году і ўжо ў ноч на 2 сакавіка 1863 года адбыўся адзіны бой у межах гораду паміж царскімі жаўнерамі ды паўстанцамі. Некалькі дзясяткаў патрыётаў пад кіраўніцтвам начальніка станцыі Кульчыцкага спрабавала прарвацца на цягніку з Горадні ў Парэчча. Атрад быў заўважаны вайсковым дазорам, які падняў трывогу. Дабрацца да месца прызначэння ўдалося толькі васьмі паўстанцам.

Фактычна цэлы сакавік расійскія службоўцы тэрарызавалі горад ды затрымалі каля 50 удзельнікаў паўстання. Падзеі тых часоў ушанаваныя памятнай шыльдаю на чыгуначным вакзале.

5. Гатэль Ромера

top6.jpg

Севярын Ромер быў уладальнікам гатэлю пад назвай «Маскоўскі», але спачуваў паўстанню ды сам быў кіраўніком паўстання ў Гарадзенскім павеце. З красавіка 1863 года ў гэтым будынку збіралася на паседжанні кіраўніцтва Гарадзенскага рэвалюцыйнага камітэту. Часта бываў тут Кастусь Каліноўскі па справах паўстанцкіх, а часам і паснедаць.

Гаспадар гатэлю быў не без граху. Ромер меў яшчэ і свой маёнтак – Губінка. Пасля скасавання прыгоннага права ў 1861 годзе губінскія сяляне ўзбунтаваліся, а Ромер жорстка разагнаў масавы пратэст. Цікава, як такія дзеянні вязаліся з узнёслым лозунгам: «У нас дваранаў няма! Усе роўныя!»?!

Тым не менш, Ромер са сваёй жонкай Тэадорай былі асуджаныя на высылку ўглыб Расіі, гатэль быў сканфіскаваны. Але і па сённяшні дзень некаторыя гарадзенскія гісторыкі гэты будынак называюць «гатэлем паўстанцаў».

Мікола Дзямідаў, belsat.eu