За ўікенд «Маленькага прынца» па-беларуску паглядзела больш за 2 тысяч мінчан
На мінулых выходных у кінатэатры «Масква» адбылася прэм’ера мультфільма «Маленькі прынц», перакладзенага на беларускую мову пры падтрымцы «Атлант Тэлеком» і velcom. За тры дні мультфільм паглядзелі больш 2 тысяч мінчан — квіткі на ўсе сеансы былі цалкам раскупленыя.
Наведвальнікі паказаў «Маленькага прынца» мелі магчымасць не толькі паглядзець мультфільм, але і набыць аднайменную кнігу ў перакладзе на беларускую мову. Арганізатары «Беларускіх уікендаў» сумесна з кампаніяй velcom перавыдалі яе ў цвёрдай вокладцы і з аўтарскімі малюнкамі адмыслова да дня народзінаў Антуана дэ Сент Экзюперы.
«Перавыданне кнігі «Маленькі прынц» дае магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу беларусаў на гэты цудоўны твор і не менш цудоўны беларускі пераклад. І той факт, што кнігі так хутка разышліся на паказах, сведчыць, што мы на правільным шляху. На ініцыятыве velcom, частка накладу будзе перададзена ў навучальныя ўстановы і бібліятэкі, каб яшчэ больш дзяцей і дарослых маглі чытаць сусветную класіку на роднай мове», — адзначае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў.
Для тых, у каго не атрымалася трапіць на паказы 23–25 чэрвеня, будзе арганізаваны дадатковы сеанс у кінатэатры «Масква».
«Мы ў чарговы раз былі прыемна ўражаныя колькасцю людзей, якія цікавяцца праектам «Беларускія ўікенды» і прыходзяць у кінатэатр разам з сям’ёй і сябрамі, каб паглядзець кіно на роднай мове. Больш за тое — праект ужо выходзіць на інтэрнацыянальны ўзровень. Толькі ўявіце — адзін з гледачоў адмыслова прыляцеў у Мінск з Сербіі, каб паглядзець мультфільм і набыць беларускае выданне кнігі «Маленькі прынц» для сваёй калекцыі. Яна складаецца прыкладна з 40 выданняў твора на розных мовах свету, і цяпер сярод іх будзе і беларуская», — расказвае кіраўнік праекта Андрэй Кім.
Акрамя дадатковага паказу у Мінску, паказы «Маленькага прынца» адбудуцца ў Гомелі, Гродна і Магілёве. Іх наведвальнікі таксама атрымаюць магчымасць набыць друкаваную версію кнігі на беларускай мове.
Дадатковы сеанс мультфільма «Маленькі прынц» на беларускай мове адбудзецца ў кінатэатры «Масква» ў сераду, 28 чэрвеня. Пачатак у 19:00. Бліжэйшыя паказы ў абласных гарадах адбудуцца 28–30 ліпеня (Гродна) і 4–6 жніўня (Магілёў).
Паказы сусветнага кіно на беларускай мове праходзяць у межах праекта «Беларускія ўікенды». Фільмы агучваюцца на беларускую мову з удзелам вядомых беларускіх акцёраў: Паўла Харланчука, Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Алеся Маўчанава і іншых.
Падрабязнасці на сайце kinakong.by