«За гэта ён галадаваў, цярпеў зьдзекі і чужыя кулакі езьдзілі па яго шыі»: пра што пісала «Беларуская Думка» 105 гадоў таму?

У красавіку 1919 года ў Вільні пачала выходзіць новая беларуская газэта. Яна мелася радаваць беларусаў тройчы на тыдзень, што і атрымлівалася напрацягу 56 нумароў. Потым польскія ўлады арыштавалі рэдактараў і іншых супрацоўнікаў выданьня. Пагартаем старонкі!

Беларуская Думка

Беларуская Думка

На жаль, самага першага нумара здабыць не атрымалася, мо ў нейкіх прыватных калекцыях недзе і захоўваецца, таму зьвернем увагу адразу на №2, які пабачыў сьвет у сераду, 30 красавіка 1919 года. Адным з рэдактараў газэты быў Уладзіслаў Знамяроўскі, які ў наступным, 1920 годзе будзе стаяць ля вытокай новай Нашай Нівы.

Аўтары 105 гадоў таму задаюцца цікавым, актуальным і падобным да сёньняшняга часу пытаньнем: «Чаму ж маўчыць Антанта?» Нагадаем, Антанта – гэта вайсковы хаўрус, скіраваны ў Першай сусьветнай вайне супраць Нямецкай імпэрыі і яе хаўрусьнікаў.

«Ці мы ведаем, што мае да нас Антанта?  Ці мы ведаем, зь якой нязвычайнай у паміжнародных адносінах ласкі польскае войска Пілсудзкага вызваліла частку Беларусі і Літвы з бальшавіцкага камуністычнага раю? Ці мы ведаем, чым і як, і калі адудзячым за гэта? Ці мы ведаем, што мусім рабіць у гэтым апошнім кірунку? Ці мы ведаем, тужыць ці радавацца трэба, зірнуўшы ў будучыню? Ці бальшавіцкі надзел Беларусі паймець яшчэ вялікшую моц, калі польскае войска дойдзе толькі да Бярэзіны, ці яго спаткае кон Берасьця, калі і Дарагабуж патрапіць у лічбу роўных і вольных з Польшчаю местаў?

Мы ня ведаем.

Глядзіце таксама

Народ беларускі і нацыянальныя меншасьці на тэрыторыі Беларусі дагэтуль чамусьці ня ведаюць, ці шануюцца іхныя правы там, дзе ў гэты час мяркуюць аб долі ўсіх народаў, дзе ў гэты час падлічваюць усе іхныя страты. Ці там ёсьць сьведкі нашыя аб крыўдах нашых, ці там ёсьць хто-хто, каб памянуў аб ахвярах Беларусі на вайне і з прыгоды вайны?

Мы ня ведаем.

Беларусь зрыта акопамі, Беларусь спалена, Беларусь разбурана, Беларусь сталована акупантамі, як сьпелае жыта конскімі капытамі, Беларусь зморана голадам, ад усякай пошасьці на Беларусі паўмірала многа людзей, а яшчэ больш іх і цяпер просяць сьмертухну, каб прыстала хутчэй, бо голыя, босыя выкінуты з Расеі, кудой уцякалі ў тое безгалоўе.

Цьмяная з твару хударлявая, маўляў, сама сьмерць, з жабрачымі торбамі, як старчыха акінута Беларусь усім сьветам, хоць шмат каму вадзіць, што яна мае нават гэныя торбы – трэба ў яе адбіць – хоць і дагэтуль стогне яна пад нагамі чужацкіх арміяў.

Калі ж будзе наша прамова?

Калі Антанта паслухае і нашу гутарку?

Польскае войска ходзіць па былому Вялікаму Княству Беларуска-Літоўскаму і досыць далёка на ўсход ад яго межаў.

Чаму ж маўчыць Антанта?

Калі ж даведаемся, у чым справа?

»

Горкія, ахінутыя смуткам і несправядлівасьцю словы ліліся з-пад пяра аўтараў беларускай газэты ў 1919 годзе. Згадзіцеся, і сёньня, у 2024 годзе ёсьць адчуваньне, што Беларусь з беларусамі адкінутыя кудысьці на ўзбочыну, крыху далей з вачэй, каб не мулялі сваім енкам вялікім дзяржавам. Калі тое скончыцца? І сёньня, паўтараючы за аўтарамі з 1919 года, можам усклікнуць: Чаму ж маўчыць ААН?

Далей выдаўцы «Беларускай Думкі» 1919 года пераходзяць да моцнай крытыкі Расеі і камуністаў, у тым ліку Сталіна, чый крыважэрны запал быў добра бачны здалёк ад 1937 года. Гэтак і адносна сучасныя расейскія кіраўнікі адпачатку атрымалі цалкам слушную ацэнку ад сапраўдных нацыянальных лідараў Беларусі, а іншая частка беларускіх дзеячоў станоўча хілілася ў бок Крамля аж да амаль апошніх дзён, бачачы ў іх «мудрых палітыкаў». Нічога не зьмяняецца пад сонцам за 105 гадоў.

«Бальшавікі зрабілі спробу падзелу Беларусі: прылучылі да Маскоўшчыны Віцебшчыну, Магілёўшчыну і беларускія паветы Смаленшчыны, Арлоўшчыны і Чарнігаўшчыны. Мяжа прайшла як раз пасярод этнаграфічнай Беларусі. У гэтым выпадку бальшавіцкія даплямата, заядлыя ворагі рэлігіі, скарысталі зь яе: да праваслаўнай Маскоўшчыны далучылі чыста праваслаўную Беларусь, а побач з каталіцкай Польшчай пакінулі заходнюю частку Беларусі, дзе значны адсотак беларусаў-каталікоў.

Для бальшавікоў, як вядома, даражэй за ўсяго на свеце – панаваньне іхнае партыі дзеля карысьці камуністычнае ідэі.

Загадывала і кіравала Масква (Сталін, Іофэ дый іншыя), а спаўняў загады смаленскі «Аблвыканзах». Каб забіць бакульшчэ (цікавы выраз – заўвага НЧ) – выкарасталі дробачку бальшавікоў-беларусаў, выпісаных з Масквы, на чале з няшчасным паэтам Жылуновічам (Цішка Гартны). Усяго за тыдзень газэта «Аблвыканзаху» пісала з кпінкамі, што нават аўтаномія Беларусі – гэта «аўтаномія дзевак і хлопцаў з-пад смаленскай вёскі», як раптам бальшавіцкая канфэрэнцыя ў Смаленску абвесьціла незалежную Беларускую Рэспубліку.

Зрабіўшы Рэспубліку Беларусі, Віцебшчыну адлучылі па загаду Масквы, у адзін вечар. Адлучалі тыя людзі, што на карысьць свайго «камунізма», як маем весткі, спалілі ў Полацку ўсе беларускія кніжкі, каб не пашыралася ў «ісконі маскоўскай» Віцебшыне «ліпучая пошасьць» беларускага духоўна-эканамічнага адраджэньня.

Да часу тужым! Здрыганецца Беларусь! Скаланецца народнае сэрца, і хаця ня мала яшчэ разьліецца крыві, і хаця яшчэ колькі раз, можа, вымыцца ў ёй старонка, мы, ці беларусы па крыві, ці беларусы па бацькаўшчыне, здолеем увайсьці ў сям’ю народаў, як роўныя да роўных і вольныя да вольных.

Мы, адраджоны працоўны народ, мы ня гожы ўжо на камуністычную ці панскую спэкуляцыю».

Галоўныя тэму наступнага нумара выглядалі вельмі інтрыгоўна

«Вільня ў поўнай бясьпечнасьці», «У Менску Чырвоны тэрор», «Троцкі прыехаў ратаваць фронт», «Дзе бальшавіцкія камісары?», «Доля былога губэрнатара Вяроўкіна».

Апроч таго друкаваўся працяг твора Максіма Гарэцкага «Амэрыканец», пра беларуса, які ўжо 20 гадоў жыве на фэрме ў штаце Ілінойс.

Чытачы таксама маглі даведацца аб рэформе ў сілавым апараце:

«Па загаду ўлады віленская міліцыя, здабыўшая ў першыя дні надта нядобрую славу, пасьля грунтоўнай чысткі пераіменавана ў паліцыю. Прыймаюцца палякі, як і раней, і па рэкамендацыі.»

Урывак з выданьня

Урывак з выданьня

Новыя кнігі, якія рыхтуюцца да друку (а гэта травень 1919 года) ў Беларускім выдавецкім таварыстве:

«Дзіцячыя гульні», сабрала і апрацавала Л. Чарняўская.

«Апошняе спатканьне», драма ў 4-х актах Галубка.

«Васілёк», драма А. Паўловіча.

«Страхі жыцьця», драма ў 3-х актах Фр. Аляхновіча.

«Родны Край», другое пасьля лемантара чытаньне (лацінскімі літарамі) Л. Чарняўскай.

«Геаграфія Беларусі» – А. Смоліча.

Згадзіцеся, і сёньня мець такія навінкі марыў бы кожны з вас.

У чэрвені меліся наступныя апошнія навіны ад Польскага Генэральнага Штабу:

«Літоўска-беларускі фронт. Польскія войскі разьбілі бальшавікоў у Валожыне, дзе ўзялі некалькі дзясяткаў у палон і захапілі 4 кулямёты.

На паўднёвы ўсход ад Смаргоні ўзята Беніца. На заходняй пазыцыі немцы распачалі эвакуацыю Сувальшчыны і Аўгустаўскага.

Фронт Палескі. Без пераменаў.

Фронт Галіцыйска-Валынскі. У раёне Тлумача польскія войскі абязбройваюць сялянскія банды, рабуючыя Радзівілава. Пад Старым цяжкія бойкі з ворагам».

Акрамя гэтага газэта спадзяецца, што «немцы падпішуць мірную дамову не да 15 чэрвеня, а да 1 ліпеня».

Навіна, якая пабачыла сьвет у апошнім нумары газэты

Навіна, якая пабачыла сьвет у апошнім нумары газэты

Дзе праўда?

З ліста чытача ў рэдакцыю, беларусы тады, як і мы сёньня, даведаліся пра страшэнную гісторыю з адным з нас:

«У лютым вярнуўся з нямецкага палону брат мой, замучаны, галодны, абмерзлы. Прыхварэў ён на запаленьне лёгкіх, пасьля паправіўся крышачку, і з вялікаю труднасьцю мы яму справілі вопратку, паліто і боты, бо вядома, якія цяпер даражыня і як цяжка справіць што-небудзь. Тады ў нас не было ніякіх пытаньняў: ну што ж, шмат такіх небарак прыходзіла з палону голых, босых, некаторыя зь іх знаходзілі сям’ю, а другія так і дрэнчыліся да канца дзён. Думаем сабе: вайна, нічога ня зробіш, трэба і нам прынесьці апошнюю ахвяру.

У вялікую суботу, як усім ведама, прыйшлі ў Вільню польскія войскі. Брат мой пабег на вуліцу даведацца у чым рэч: праз некаторы час убягае з радасьцю: «легіёны прыйшлі!». Пачаў усіх цалаваць, бо гэта сапраўды тады была для нас вялікая радасьць, і пайшоў ізноў у места даведацца яшчэ аб чым-небудзь, — і больш ня прыйшоў…

Ня буду казаць, колькі мы перацярпелі, пакуль даведаліся, дзе ён і чы жывы: ледзь, ледзь знайшлі яго. Матка хадзіла прасіць аб ім. Усе ў нашым дварэ ведалі, што ён ня бальшавік і нічога супольнага з бальшавізмам ня мае. І вось дзеля гэтага, што не мелі пратэкцыі сярод паноў, а таксама часу, каб штодзённа хадзіць і прасіць аб ім, а на пасьведчаньне, выданае яму Віленскай Беларускай Радай, таксама ніхто не хацеў зьвярнуць увагі, гэты бедны хлопец, і так шмат працярпеўшы за няміцкі палон, павінен быў сядзець у турме больш як 2 месяцы за тое, як сказаў адзін з турэмшчыкаў, што “як жа ён не бальшавік, калі ў яго бальшавіцкае сподняе”. А ўсім вядома, што ваеннапалонныя дасталі цёплыя штаны і курткі, і вось толькі за гэта ён галадаваў, цярпеў зьдзекі і чужыя кулакі езьдзілі па яго шыі.

Мала таго, што ён сам зьявіўся ахвярай у гэтым непаразуменьні, як можа шмат хто скажа, але боты яго, якія мы справілі з такой вялікай труднасьцю, але вопратка яго, але бялізна, — дзе яны? Гэта таксама зрабілася ахвярай за невядомую віну. Шмат каго так рабуюць у турме тыя, што павінны быць на варце законнасьці і парадка. І вось цяпер з абурэньнем і жалем мы з маткай, гледзячы на гэтага замучанага галоднага і абрабаванага чалавека, пытаемся у Вас усіх, у кім бьецца чалавечае сэрца: «Дзе праўда?».

Вільня, 14 чэрвеня 1919 год.