З Полацку да амэрыканскай Зямлі абяцанай. Аб жыцьці забытай палачанкі Мэры Энцін

Летась у PWN (Польскім навуковым выдавецтве) выйшла кніга польскай прафэсаркі-амэрыканісткі Люцыны Александровіч-Пэндых – «Z Połocka do amerykańskiej Ziemi Obiecanej», прысьвечаная жыцью і творчасьці Мэры Анцін (1881-1949), амэрыканскай пісьменьніцы, актывісткі за правы мігрантаў, а таксама фэміністкі жыдоўскага паходжаньня родам з Полацку. Кніга цікавая і вельмі важная беларускаму чытацтву з усіх бакоў: і пра каго яна напісаная, і кім яна напісаная. 

Мэры Анцін, 1915 год

Мэры Анцін, 1915 год

Ня менш важныя і актуальныя тэмы закранаюцца ў біяграфічным і культурніцка-літаратуразнаўчым дасьледаваньні: жыдоўская гісторыя, полацкая ці шырэй гледзячы беларуская гісторыя, жаночая гісторыя, гісторыя эміграцыі, першапачаткова выратавальная, эмансыпатарская амэрыканізацыя, якая мае свой кошт, гісторыя літаратуры, жаночы голас у літаратуры, слава і забыцьцё. Вакол такіх важных тэмаў і пабудаваная кампактная і захапляльная біяграфія Мэры Анцін, напісаная польскай дасьледніцай. У Беларусі славутая амэрыканская пісьменьніца-палачанка амаль невядомая. Праўда, у 2004 годзе дзякуючы публікацыі ў ARCHE, імя забытай амэрыканкі-палачанкі было часткова вернута беларус-к-ам: у часопісе зьявіўся невялікі ўрывак ейнай вядомай кнігі — «Зямля абяцаная» ў перакладзе Паўліны Вішнеўскай.

telechargement.jpg

Пачнем з гераіні кнігі — Мэры Анцін ці часам Энцін. Яна нарадзілася ў 1881 годзе ў Полацку пад імем Мар’яш, Машке ці Марыя Анцін. Да трынаццаці гадоў жыла ў Полацку, а пазьней разам з сям’ёй перабралася ў ЗША. Як і многія габрэі ў межах аселасьці, сям'я Мэры пацярпела ад абмежаваньняў, перасьледу і гвалту пагромаў, разьвязаных асабліва пасьля забойства цара Аляксандра II у 1881 годзе. Спачатку бацька Ізраіль Анцін пакінуў Расейскую імпэрыю ў 1891 годзе і пасяліўся ў Бостане, куды праз тры гады перавёз сям'ю. Мэры, якая з Полацку марыла пра вучобу, але не магла навучацца разам з хлопцамі, ажыцьцявіла сваю мару ў ЗША. Бо імігранты павінны былі пасылаць сваіх дзяцей у школу. Мэры вучылася ў Бостанскай жаночай лацінскай школе, дзе рана праявіўся ейны пісьменьніцкі дар: першы верш пра Джорджа Вашынгтона быў надрукаваны ў Boston Herald, калі ёй было пятнаццаць. Яна стала мясцовую знакамітасьцю. Бліскучая вучоба, ейны розум і літаратурны дар прыцягнулі ўвагу настаўнікаў. У 1898 годзе на цырымоніі выпуску школы яна была прадстаўленая «як прыклад таго, як амэрыканская сыстэма бясплатнай адукацыі спрыяе імігрантам і робіць іхныя жыцьці лепшымі».

Глядзіце таксама

Матэрыяльнае становішча сям'і было жахлівае. На шчасьце, адзін з лідэраў мясцовай жыдоўскай суполкі, Хэці Л. Хэхт, пераканаў выдаўца штотыднёвіка The American Hebrew апублікаваць першую кнігу Мэры Анцін, у якой былі сабраныя лісты, што яна напісала ў 1894 годзе дзядзьку, які застаўся ў Расеі, у якіх падрабязна апісвалася падарожжа ейнай сям'і з Эўропы ў Амэрыку. У перакладзе зь ідыш кніга выйшла ў 1899 годзе пад назвай «Ад Плоцку да Бостана», прычым назва ейнага роднага места была пададзеная няправільна. Насамрэч, выдавец зрабіў памылку ў назьве кнігі: замест Полацак падаў Плоцк, што ў Польшчы.

csp_9781528781435_270.webp

Аўтарка зьвярталася да выдаўца, каб той выправіў памылку. Але для жыхароў ЗША Плоцк і Полацак былі аднолькава экзатычнымі і казачнымі назвамі, што выдавец і не парупіўся выправіць памылкі. Пісьменьніца ў канцавых камэнтарах патлумачыла збой, але з такой памылкай кніга зьведала некалькі перавыданьняў. Толькі сучасныя перавыданьні кнігі выйшлі з дакладнай назвай Полацак. Прыбытак ад кнігі дазволіў Мэры Анцін працягнуць навучаньне ў Нью-Ёрку, у Пэдагагічным каледжы Калюмбійскага ўнівэрсытэту (1901–1902) і ў каледжы Барнарда (1902–1904). Культурніцкая амэрыканізацыя, аб якой пазьней Мэры будзе шмат пісаць і выступаць, цалкам паспрыяла ейнай эмансыпацыі і раскрыцьцю літаратурнага таленту. Да ўсяго, ва ўмовах мяшаньня культураў, рэлігійныя скрэпы таксама саслаблі і Мэры Анцін знайшла сабе мужа не з сваіх, як настойвала жыдоўская грамада, а з пратэстантаў нямецкага паходжаньня. Праўда, шлюб і пісьменьніцтва не дазволілі ёй скончыць вучобы.

У 1912 годзе Мэры Анцін выдала другую сваю кнігу «Зямля абяцаная», шэдэўр амэрыканскай літаратуры, які вывучаецца ў школе. Кніга аўтабіяграфічная, у ёй пісьменьніца апісвае сваё полацкае маленства, пераезд у ЗША і першыя гады жыцьця ў Бостане. Кніга праілюстраваная фатаздымкамі: полацкія вуліцы, кірмаш, крамы, зімовая Дзьвіна, бабулін дом, заняткі ў хедэры і нават здымак полацкага далакопа. Таксама Мэры апісвае сваю асыміляцыю ў амэрыканскую культуру і мноства магчымасьцяў, якія адкрываюцца ў ЗША, у адрозьненьне ад эканамічнага і культурнага прыгнёту, які церпяць усходнеэўрапейскія габрэі. Кніга хутка стала бэстсэлерам, і на працягу наступных чатырох дзесяцігодзьдзяў было прададзена больш за 85 000 асобнікаў, велізарная лічба для таго часу.

У дзьвюх аўтабіяграфічных кнігах аўтарка малюе Полацак: Полацак жыдоўскі і Полацак хрысьціянскі, два сусьветы, якія суіснавалі нібы паралельна, часта сыходзячыся ў гвалтоўных і абразьлівых канфрантацыях. Перад намі паўстае зьніклы жыдоўскі Полацак, а таксам вельмі зыначаны і часам згвалчаны імпэрыямі Полацак хрысьціянскі. Дзякуючы кнігам мы часткова ажыцьцяўляем вандроўку ў часе. Пераклад на беларускую мову часткова дапамагае настальгійна, але і крытычна, дзякуючы цьвярозай, праўдзівай без прыўкрасаў, з процьмай прыкладаў антысэмітызму нарацыі, аднавіць нашае супольнае мінулае і лепей зразумець, чаму раней габрэі, а цяпер беларусы шукаюць зямлі абяцанай зусім не на радзіме. Зрэшты, у гэтым таксама дасюль дзейснае і ацьвяразальнае пасланьне кнігаў Мэры Анцін.

У 1914 годзе яна апублікавала сваю апошнюю буйную працу They Who Knock at Our Gates («Тыя, хто грукаюцца ў нашую браму»), у якой выступіла ў падтрымку іміграцыі, адкрытай для ўсіх, акрамя злачынцаў. Аднак гэтая кніга не дасягнула посьпеху ейных аўтабіяграфічных твораў. Тым ня менш, менавіта гэтая кніга застаецца як ніколі актуальнай дасюль і дэманструе дальнабачнасьць і гуманізм забытай палачанкі. Як прадстаўніца народу, які зьведаў цкаваньні і пагромы, яна ведала выратавальны кошт іміграцыі ва ўсе часы і для ўсіх цкаваных.

s_l960.webp

А яшчэ Мэры Анцін была змагаркай за правы кабетаў. Яна была гарачай прыхільніцай Тэадора Рузвэльта і ягонай Прагрэсіўнай партыі. Перад выбарамі 1912 году, на якіх Рузвельт змагаўся з Уільямам Говардам Тафтам і Вудра Ўільсанам, у лістападзе 1912 года яна напісала артыкул у часопісе The Outlook пад назвай «Зварот жанчыны да сваіх суграмадзянаў», настойліва заклікаючы галасаваць за Рузвэльта. Пераможа Ўільсан. Тым ня менш, пазьней Рузвэльт скажа, што ягоная падтрымка выбарчага права для жанчынаў вынікала зь ягонай сувязі з Анцін і іншымі жанчынамі, падобнымі да яе. Зрэшты, моцнае фэмінісцкае пасланьне чытаецца ня толькі ў ейных публіцыстычных тэкстах, але і ў мастацкіх творах. Так, у верасьні 1911 года культурны штомесячнік Atlantic Monthly апублікаваў апавяданьне «Адкупленьне Малінке», гісторыя якога адбываецца ў Полацку і ​​апавядае пра бедную дзевяцігадовую дзяўчынку, якая праз веру атрымлівае адукацыю, такую ​​ж, як і хлопчыкі. 

Цягам трыццаці год пісьменьніца пакутвала ад нэўрастэніі, да ўсяго захварэла на рак, ад якога і сканала ў доме састарэлых 15 траўня 1949 году. Кнігі Марыі Анцін, трапіўшы ў адкрыты доступ, зьяўляюцца прадметам шматлікіх перавыданьняў. У школах ЗША ейныя тэксты сталі хрэстыматыйныя. Але дасюль няма перакладу кнігаў выбітнай палачанкі на беларускую мову.

Асобнай увагі заслугоўвае аўтарка кнігі пра Мэры Анцін – Люцына Александровіч-Пэндых. Гэта вядомая польская прафэсарка-амэрыканістка, пісьменьніца, літаратуразнаўца, якая, дарэчы, мае беларускія карані. Ейны бацька – вядомы беларускі кніжнік, гісторык, рэдактар Язэп Найдзюк (1909-1984).

Люцына Александровіч-Пэндых

Люцына Александровіч-Пэндых

Да Мэры Анцін спдн. Люцына зьвярнулася ня толькі праз прафэсійны амэрыканісцкі інтарэс, але і ў зьвязку зь беларускай, полацкай ці дакладней жыдоўска-беларускай тэмай. Навуковыя інтарэсы Люцыны Александровіч-Пэндых уключаюць амэрыканскую літаратуру ХХ стагодзьдзя і міжкультурную камунікацыю. Яе асабліва цікавіць жаночая творчасьць і спэцыфіка стварэньня і функцыянаваньня ва ўмовах этнічнай і культурнай разнастайнасьці. Таму Мэры Анцін натуральна трапіла ў поле зору прафэсаркі. Спадарыня Люцына стварыла сваю інтэлектуальную кар’еру ў згодзе з уласнымі інтарэсамі і прынцыпамі, прыгэтым працягнуўшы асьветніцкую працу, распачатую бацькам Я. Найдзюком.

z_polocka_do_amerykanskiej_ziemi_obiecanej_b_iext160063232.webp

Тэксты Мэры Анцін сталіся клясыкай і магчыма ператварыліся ў гістарычны важны матэрыял вядомай легенды пад назовам «амэрыканская мара». Магчыма, сяньня людзі жадаюць не асыміляцыі, а сьцьвярджэньня сваіх каранёў, этнічнага і рэлігійнага гонару, але ня будзем забываць, што мары і рэальная эмансіпацыя як раней жыдоўскай дзяўчыкі з Полацку ў канцы ХІХ ст., так і мільёнаў іншых імігрантаў-ак пазьней ажыцьцявіліся і ажыцьцяўляюцца дасюль якраз дзякуючы асыміляцыі ў дэмакратычныя грамадзтвы, апісаньню якіх М. Анцін прысьвяціла жыцьцё.