Беларусь, якая чакае. Лютаўскія сцежкі Віцебшчыны. Частка 1

Натхнёныя мінулай вандроўкай, мы фактычна па дарозе дадому ўжо склалі наступны маршрут па Віцебшчыне, і пасля ўзгаднення часу і надвор’я надышоў час выпраўляцца. Наведаем мясціны як вядомыя, так і не вельмі, праверым наяўнасць дэфіцытнага снегу. Ды і мала якія нечаканасці чакаюць нас наперадзе! Так што сумневы прэч — паехалі, бо яны ж чакаюць!

_belarus__seliszcza_kascjol_2025_fota_novy_czas__2_.jpg

Выязджаючы па ўжо знаёмай шашы, адчуваем чарговае дэжа-вю. Мінулым разам была такая ж цемра і такая ж самая насцярожанасць наконт надвор’я, але гэтым разам без туману. Не спяшаемся, бо бяспека пераважней за ўсё астатняе, нягледзячы на працяглы маршрут вандроўкі. Першай кропкай прызначэння ў нас вызначана вёска Мосар, але ж гэта не той вядомы Мосар, які таксама знаходзіцца на Віцебшчыне. Гэта зусім невялікае і занядбанае мястэчка паміж Лепелем і Полацкам, дзе можна здымаць апакаліптычныя кінастужкі без усялякіх камп’ютарных і ШІ-тэхналогій.

Тым не менш, менавіта тут дажывае свой век царква Стрэчання Гасподняга ХІХ стагоддзя, дакладней, яе руіны. Звестак аб ёй досыць няшмат — нават невядома дата яе пабудавання. Паводле розных крыніц, гэта адбылося  ад 1860 да 1869 году. Меркавана, падчас Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі царква перастала прымаць вернікаў, а ў гады савецкай улады ў будынку храму месцілася зернясховішча, а потым яно хутка прыйшло ў той стан, які мы сёння бачым. Нават аніякіх ахоўных таблічак няма — пра помнік забыліся ўсе.

Пакідаем сумнага цёзку вядомага Мосару і накіроўваемся ў бок Ушачаў, дзе нас чакае сустрэча з касцёлам Святога Лаўрэна, які цягам трох стагоддзяў лічыцца апекуном мястэчка. Гісторыя парафіі Ушачаў пачынаецца з заснавання касцёлу і кляштару дамініканцаў у 1716 годзе. Зазнаў касцёл і разбурэнне пасля паўстання 1863 году, і аднаўленне праз 50 год намаганнямі мясцовых вернікаў. Захаваліся некалькі выяваў з пачатку мінулага стагоддзя, і мы можам цяпер параўнаць былое і існуючае.

Пасля каламуці пачатка ХХ стагоддзя ў 1932 годзе касцёл зноўку быў закрыты і часткова разбураны. Толькі ў 1994 годзе парафія Святога Лаўрэна была адноўлена і пачалася рэстаўрацыя касцёла, якая скончылася ў 2004 годзе новым асвячэннем храму. На жаль, унутр трапіць не атрымалася, але мы пашпацыравалі побач і нават наведалі рэшткі старых могілак ля касцёла.

Час рухацца далей праз лясы і палі па невялічкай мясцовай дарозе. Дакладна зразумела, што сонца сёння гэты край не дачакаецца, толькі недзе на даляглядзе здзекліва святлее невялічкая рысачка і вецер ганяе аблокі па свінцоваму небасхіле. Але гэта не перашкаджае нашаму фатографу часам патрабаваць прыпынку і знаходзіць нават нешта прыгожае ў беларускай «залатой» шэрасці наваколля.

Мінае колькі часу і перад намі неўзабаве з’яўляецца вялікі будынак касцёлу Святой Веранікі ў Селішчы. Дакладней, тое, што ад яго пакуль засталося. Яшчэ напрыканцы XVII стагоддзя тут паўстаў кляштар манахаў-бернардзінцаў, а ў 1726 годзе пры ім пабудавалі касцёл, які быў кансэкраваны ў гонар Святой Веранікі і нагадваў вядомы езуіцкі касцёл у Полацку. 

Пасля паўстання 1830-1831 году ордэн бернардзінцаў быў скасаваны, а ў будынку кляштару месцілася плябанія. У 1864 годзе падчас закрыцця вушачскага і кубліцкага касцёлаў усё літургійнае начынне было перанесена менавіта ў селішчанскі касцёл Святой Веранікі, які працягваў дзейнічаць да савецкіх часоў. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл моцна пацярпеў і быў разрабаваны нямецкімі войскамі. Было вывезена літаральна ўсё — арнаты са слуцкіх паясоў, цудатворны абраз Маці Божай з кубліцкага храму ды іншыя скарбы з багатай сакрыстыі. 

Пасля вайны касцёл нават не спрабавалі неяк аднавіць і ён паступова руйнуецца, як і двухпавярховік былога кляштару. Дарэчы, наш фатограф распавёў, што Святая Вераніка, у гонар якой кансэкраваны касцёл у Селішчы, з’яўляецца нябеснай апякункай фатографаў, і дзень фатографа адзначаецца 12 ліпеня — у дзень шанавання Святой Веранікі. А ўсё праз тое, што, па паданні, Вераніка падышла да Езуса падчас шляху на Галгофу, выцерла пот з ягонага твару і на тканіне застаўся адбітак ліку Хрыста, што можа лічыцца першай фатаграфіяй. А вы ведалі? Ну і канешне варты прыгадвання наш пільны «экскурсавод», які неадрыўна і самааддана суправаджаў нас падчас усяго часу знаходжання ля касцёла, за што і быў узнагароджаны смачняшкамі.

Працягваем нашу вандроўку і накіроўваемся ў вёску Празарокі да грунтоўнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з чырвонай цэглы, які здалёк досыць падобны на драўляны і вельмі вабіць да яго завітаць. Невялікія Празарокі вядомыя з 1523 году, а першы драўляны касцёл з’явіўся тут у 1698 годзе разам з кляштарам францысканцаў. 

Цягам трох стагоддзяў касцёл і кляштар двойчы гінулі ў полымі, у 1832 годзе кляштар быў скасаваны, а пажар 1892 году, падавалася, увогуле мог паставіць канчатковую кропку на існаванні мясцовай парафіі, улічваючы той час і падзеі. Але ж цуд здзейсніўся, і ўжо праз некалькі месяцаў быў атрыманы дазвол на будаўніцтва часовага малітоўнага дому, а ў 1896 – дазвол на будаўніцтва новага касцёлу, якое доўжылася да 1907 году. Таксама дзіўным чынам храм дзейнічаў да 1950 году, але потым улады ачомаліся і пераўтварылі яго ў зернясховішча, знішчыўшы ўсё аздабленне. Толькі ў 1989 годзе адноўлены храм ізноў адчыніў свае дзверы вернікам. На жаль, тут таксама мы не здолелі ацаніць унутранае хараство касцёлу і задаволіліся шпацырам навокал.

Ну а зараз самы час зрабіць невялічкі перапынак і пачаставацца гарбатай перад працягам нашай вандроўкі. Далей будзе таксама цікава, заставайцеся з намі і сачыце за эфірам! 

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.