Word-Sound-Pool: музыкі з 4 краінаў паядналіся ў адным праекце

У Міжнародны дзень паэзіі 21 сакавіка на французскім лэйбле Murmure Intemporel будзе апублікаваны альбом інтэрнацыянальнай фармацыі. Пад шыльдай Word-Sound-Pool аб`ядналіся музыкі ды літаратары з Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі й ЗША. 

cover.jpg


Word-Sound-Pool — гэта інавацыйны праект, які аб`яднаў музыкаў і дэкламатараў паэзіі з Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі ды ЗША. Удзельнікі праекту паспрабавалі раскрыць уласцівую маўленню музычнасць, размыўшы прытым межы паміж музыкай і вымаўленым словам. Падчас выступаў праекту паэзія чытаецца на розных мовах, зліваючыся з музыкай — адмыслова скампанаванай, часткова кантраляваный альбо імправізаванай. Альбом Word-Sound-Pool вырашылі запісаць пасля сэрыі канцэртаў, праведзеных у Варшаве асноўнай групай з сямі выканаўцаў. Падчас працы ў студыі да калектыву далучыліся яшчэ два музыкі – амерыканскі віялянчэліста Джон Корнэл і беларускі фагатыста Віталь Эпаў. Абодва з'яўляюцца ўдзельнікамі Warsaw Improvisers Orchestra (WIO).

17310535_1335901639789952_344461112_o.jpg


Першую кампазіцыю альбома стварыў брытанскі саксафаніста Філіп Пальмэр. Гэта музыкальная дэканструкцыя твору «Твои листья», рускамоўнага белага верша, напісанага Ліліяй Худзік. Для кожнай літары рускага алфавіту музыка прызначыў пэўную ноту, пасля чаго пераклаў верш на мову музыкі гэтак, каб яго можна было сыграць. Кампазіцыя пачынаецца з кароткага музычна-паэтычнага дыялогу Філіпа Пальмэра й Ліліі Худзік, пабудаванага паводле прынцыпу «пытанне – адказ». Затым да Філіпа далучаюцца брытанскі саксафаніста Рэй Дзікаты (заснавальнік і кіраўнік WIO), а таксама польскія перкусіяністы Дамінік «Додас» Макшэўскі ды Тэа Ольтэр. Усе музыкі ўжо выступалі разам у праекце імправізацыйнай музыкі Galloping Lethargy й WIO. Наступныя ў гэтай кампазыцыі музычныя варыяцыі заснаваныя на матывах ператворанага Філіпам Пальмэрам верша «Твои листья» ў музыку.

17269055_1335901733123276_10812382_o.jpg


Другі трэк альбома — гэта інтэрпрэтацыя твору Арцюра Рэмбо «П`яны карабель» у выкананні польскай пісьменніцы й музыкі Малгажаты Загаеўскай (таксама ўдзельніцы WIO). Вершы суправаджае музыка, якая часткова імкнецца да простага апісання эмоцыяў, якія перажывае апавядальнік, а часам ідзе ўслед за вакалам Малгажаты, які гучыць па-над музычнай імправізацыяй паміж фрагментамі тэксту. У саксафонна-перкусійны квартэт дадаліся гукі віяланчэлі, фагота, а таксама кларнета, на якім сыграў беларускі музыка й паэт Віктар Сямашка. Філіп Пальмер сустрэў Віктара ў Мінску падчас працы з мясцовымі музыкамі.

17269166_1335901859789930_1035978204_o.jpg


Трэці трэк альбома, у якім удзельнічаюць ўсе музыкі й дэкламатары, заснаваны на кампазіцыі «Геамэтрыя» Віктара Сямашкі, часткова натхнёнай мастацкім рухам супрэматыстаў. Аўтар раздаў музыкам графічныя інструкцыі й дырыгаваў падчас грання. У пэўны момант усе інструменталісты сталі вакалістамі: натоўп перашэптваецца, назіраючы за пахавальнай працэсіяй.
Вокладку альбома спраектавала Лілія Худзік. У аснове ляжыць фотаздымак напалам затопленага бервяна, якое колісь было часткай маста праз Віслу. Выява сімвалізуе ўсе тры кампазіцыі, што скампанавалі альбом: «дрэва» Ліліі, «карабель» Малгажаты й «кропку-кола» Віктара. Альбом запісала ды зміксавала Ксенія Дзегцярова.