Выстава не для ўсіх: у Мінску адкрыўся праект «QAI/BY» (фотарэпартаж)
У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 7 ліпеня стартаваў праект «QAI/BY» польскага мастака Караля Радзішэўскага.
QAI/BY. Гэта код — сістэма правілаў для пераўтварэння інфармацыі, з'яваў, абставін у іншую форму альбо рэпрэзентацыю. Кодам могуць стаць ліст, вобраз, жэст, рытуал, падзея або ўспамін. Нягледзячы на сваю скарочаную, таямнічую абрэвіятуру, ён, тым не менш, забяспечвае камунікацыю і захоўвае гісторыі. QAI/BY ідзе ў зваротным кірунку і пераўтварае прыхаваную, нябачную інфармацыю ў бачнасць. Гэта працэс з мэтай дэкадзіроўкі былых і цяперашніх ладаў жыцця, поглядаў і культурнай вытворчасці, аб'яднаных пад назвай «квір».
«Queer Archives Institute» (QAI), Інстытут квір-архіваў, створаны ў 2015 годзе польскім мастаком Каралям Радзішэўскім. QAI імкнецца архіваваць і пераасэнсоўваць пытанні квір у былых сацыялістычных краінах і па-за іх межамі. Да гэтага Радзішэўскі працаваў на працягу многіх гадоў над тэматыкай рэпрэзентацыі гомасексуальнасці і маскуліннасці ў мастацтве Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яго QAI кіруецца зацікаўленасцю да канцэпцый і ўвасаблення квір-ідэнтычнасцяў, што дазваляе больш шырокі, менш канфармісцкі і наўмысна шматсэнсоўны разгляд сексуальных і гендарных установак.
Ідэя QAI/BY узнікла падчас арт-рэзідэнцыі Караля Радзішэўскага ў Мінску ў галерэі «Ў». Натхніўшыся фатаграфічнай серыяй Ігара Саўчанкі «Invisible» ("Нябачнае"), мастак зрабіў спробу пагрузіцца ў беларускую вусную гісторыю і высветліць, што з'яўляецца або можа ўспрымацца як квір ў Беларусі з мінулага і дагэтуль — у якасці схаваных і нябачных пытанняў. І таму QAI/BY не робіць якіх-небудзь новых усталёвак, але запрашае мастакоў, актывістаў і зацікаўленую грамадскасць да асэнсавання і працягу працы над стварэннем архіва квір у Беларусі.
12 ліпеня а 19 гадзіне Караль Радзішэўскі прэзентуе часопіс «DIK Fagazine», які ён выдае. На англійскай мове з перакладам.
Увага! Выстава не прызначаная для прагляду асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, а таксама не рэкамендуецца тым, хто прытрымліваецца кансерватыўных поглядаў на сексуальныя адносіны