Вядомую камедыю «Пакуль ногі носяць» пакажуць на беларускай мове

26-28 траўня адбудуцца паказы кранальнай трагікамедыі «Пакуль ногі носяць» па-беларуску ў кінатэатры «Масква». У галоўных ролях — Джэк Нікалсан і Морган Фрымэн. На беларускую мову фільм агучаны ў межах праекта «Беларускія ўікенды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom.

unnamed_50.jpg

Эксцэнтрычны міліярдэр Эдвард Коўл (Джэк Нікалсан) і аўтамеханік Картэр Чэмберс (Морган Фрымэн) пражылі сваё жыццё па-рознаму, але ніколі не мелі магчымасці спыніцца і задумацца, навошта. Цяпер, калі яны апынуліся на суседніх ложках у шпіталі і ў іх аднолькавы дыягназ – рак, таварышы па няшчасцю вырашаюць, пакуль ногі носяць, выканаць усе свае запаветныя жаданні. Але ці знойдуць яны радасць у жыцці?

Гэты фільм — бенефіс двух геніяльных акцёраў нашага часу: выбуховага Джэка Нікалсана і стрыманага Моргана Фрымэна. Фільм камедыйны, але адначасова ён прымушае задумацца пра важныя рэчы.

На беларускую мову галоўныя ролі агучылі Павал Харланчук і Алесь Малчанаў.

Паказы адбудуцца 26-28 траўня ў кінатэатры «Масква». Пачатак сеансаў а 19:00. Білеты можна набыць у касах кінатэатра і на bycard.by.



Паводле kinakong.by