Вершы шляхцянкі з-пад Століна (фота, відэа)

У галерэі tut.by 6 кастрычніка прайшла прэзентацыя паэтычнага зборніка Ірыны Ляшкевіч «Вас я чакала». Атрымаўся сапраўдны творчы вечар: Ірына чытала свае вершы і прозу, спявала, распавядала пра жыццё на Палессі, у роднай вёсцы Мачуль ля Давыд-Гарадка.

zahadnaja_2018_10_06_i._ljaszkevicz_a._ljaszkevicz_041.jpg

У вершах Ірыны Ляшкевіч чуецца фальклорная аснова, нешта няўлоўна нагадвае традыцыйныя песні: ці то рытміка, ці то агульны настрой… Ужо не раз паэтка чула, што яе творы можна спяваць. І праўда ўжо два вершы пакладзеныя на музыку, столінскім ансамблем “Выцінанка” і творцам Георгіем Барташам. Акрамя вершаў Ірына Ляшкевіч піша трапныя побытавыя замалёўкі пра сваё штодзённае палескае жыццё, якія публікуе ў Фэйсбуку. Напрыклад, ці ведалі вы, што вясковая сям’я хутчэй залічыць у свае шэрагі кароўку і каня, чым коціка і сабачку, як гарадская? Леанід Дранько-Майсюк параўнаў прозу Ірыны Ляшкевіч з творамі Янкі Брыля. Віншуючы жанчыну, сябры пажадалі, каб наступнай стала кніга яе прозы. Акрамя дару пісаць Ірына мае пакліканне да музыкі. Спявала яе маці і вучыла дачку. Цяпер Ірына кіруе дзіцячым ансамблем “Згадка” Мачульскага дома фальклору, сама спявае ў традыцыйнай і эстраднай манерах, грае на баяне.



Рэгіён, дзе жыве Ірына, Пагарынне, адметны сваёй гісторыяй і традыцыйнай культурай. Тут было шмат шляхты, якая захавала праваслаўнае веравызнанне і ажно да 1980-х імкнулася не жаніцца з сялянамі. Тут, у вёсцы Альпень, – радавое гняздо шляхецкага роду Ляшкевічаў-Зяновічаў-Альпенскіх. Сталіцай мясцовасці можна лічыць Давыд-Гарадок, што да 1961 года быў раённым цэнтрам, а цяпер страціў гэты статус на карысць Століна.

Павіншаваць Ірыну прыйшлі родныя, сябры-творцы і землякі, у тым ліку паэт родам з Давыд-Гарадка Леанід Дранько-Майсюк, даследчыка традыцыйнай культуры Ірына Мазюк, сябры суполкі “Загароддзе”. Некалькі сяброў выслалі відэавіншаванні, дзе чыталі вершы Ірыны. Паэт Георгій Ліхтаровіч, які не змог наведаць імпрэзу і павіншаваць паэтку асабіста, адмыслова з нагоды прэзентацыі напісаў чарговы верш-“ліхтарык”.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч