Валер Мазынскі на «Белсаце» рыхтуе прэм’еру фільма пра Кастуся Каліноўскага
Рэжысёр Валер Мазынскі завяршыў здымкі фільма пра Кастуся Каліноўскага. Неўзабаве адбудзецца прэм’ера.

Сцэнар напісаў гісторык Зміцер Кузменка. Пакуль аўтары стужкі спыніліся на назве «Каліноўскі: апошнія дні. Спроба рэканструкцыі», першапачаткова хацелі назваць «Галоўны вязень «Дамініканаў».
Ролю Каліноўскага выконвае актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка. Асноўнай здымачнай пляцоўкай стаў кляштар у Барунах (Ашмянскі раён).
Дзеянне фільма пераносіцца з рэпетыцыі актораў, якія ў нашыя дні на сцэне рэканструююць падзеі з удзелам Кастуся Каліноўскага, у часы, калі жыў сам герой, а менавіта ў апошнія дні яго жыцця.
Працягласць стужкі складзе каля 40 хвілін.
Гэта не першы фільм, які Валер Мазынскі здымае для «Белсату». Дагэтуль былі «Тутэйшыя» (дзве часткі), «І выберу Радзіму», «Глыбоцкая
змова» і інш. Паглядзець гэтыя фільмы можна па спасылцы.