У Віцебск на тыдзень прывезлі арыгінальныя работы Далі і Пікаса
Экспазіцыя з твораў Сальвадора Далі і Пабла Пікаса адкрылася 7 ліпеня ў Мастацкім музеі Віцебска.
Арыгіналы карцін прывёз у горад расійскі калекцыянер і мецэнат Аляксандр Шадрын, паведамляе сайт фестывалю “Славянскі базар”.
Звычайна расіянін дэманструе свой збор карцін у гарадах з мільённым насельніцтвам, але гэтым разам ён адгукнуўся на просьбу кіраўніцтва музея і прывёз іх у Віцебск.
Экспазіцыя ўключае 205 арыгінальных прац Далі і Пікаса. На выставе можна ўбачыць кераміку, графіку і скульптуру Далі. У прыватнасці, гэта працы “Танец часу”, “Час, які перацёк”, “Жанчына ў агні” і г.д.
Паглядзець працы вялікіх іспанскіх майстроў XX стагоддзя можна да 12 ліпеня.