У Мінску забаранілі прыватных Дзядоў Маразоў
У Мінгарвыканкаме лічаць, што «толькі дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі гарантуюць якасныя ранішнікі, якія будуць адпавядаць Кодэксу аб адукацыі Рэспублікі Беларусь»
Рэжысёрка тэатру «Залюстроўе» Кацярына Гавура расказала «Радыё Свабода», што прыватныя тэатральныя калектывы ў Мінску (у тым ліку тыя, якія іграюць навагоднія спектаклі для дзяцей у школах і дзіцячых садках) апынуліся пад неафіцынай забаронай.
«У Мінску ёсць дастаткова шмат прыватных тэатральных калектываў, якія працуюць ва адукацыйных установах — школах, дзіцячых садках — і паказваюць там спектаклі. Усё гэта працавала з 1970-х гадоў, і ўсіх усё задавальняла. Летась камітэт адукацыі сказаў, што трэба заключаць дамовы, каб мы аплочвалі арэнду памяшкання і камунальныя выдаткі. Усё было добра, мы працавалі, заключалі дамовы з кожным упраўленнем адукацыі. Але з нядаўняга часу прыватныя калектывы фактычна апынуліся пад забаронай», — кажа рэжысёрка.
Паводле слоў Кацярыны, спектаклі прыватных калектываў заўсёды мелі вялікую папулярнасць сярод дзяцей і іх бацькоў — квіткі каштавалі вельмі танна, а ў спектаклях прымалі ўдзел прафесіяналы. «Шмат у якіх калектывах працуюць прафесійныя акторы. У сваіх тэатрах яны атрымліваюць 200 рублёў і не могуць за гэта пражыць, таму многія маладыя хлопцы ідуць на такія падпрацоўкі ў прыватныя тэатры», — тлумачыць яна.
Усе прыватныя тэатральныя калектывы аформлена афіцыйна — або як індывідуальныя прадпрымальнікі, або ў якасці прыватных унітарных прадпрыемстваў.
«Але камітэт адукацыі вырашыў, што прыватныя тэатры ў дзіцячыя садкі пускаць нельга. Пры гэтым ніякіх пісьмовых указанняў на гэты конт няма — гэта вуснае распараджэнне старшыні камітэту адукацыі Міхаіла Мірончыка. Мы накіроўвалі адпаведныя звароты — нам адказвалі адпіскамі (маўляў, кожная ўстанова сама вырашае, прымаць вас ці не). Але на ўсіх сходах кажуць, запрашаць прыватныя тэатры нельга. Цяпер надыходзіць Новы год, а працаваць немагчыма — Дзяды Маразы могуць быць або з ліку выхавальнікаў, або з ліку бацькоў. Нават у нас ёсць выпадкі, калі падпісаны дакумент (дамова з упраўленнем адукацыі. — РС), які дазваляе нам праводзіць спектаклі, але загадчыца неафіцыйна кажа, што ім забаронена нас пускаць», — распавядае Кацярына.
Паводле яе словаў прыватных тэатральных калектываў у Мінску каля сотні, у кожным каля 10 артыстаў.
Намесніца начальніка ў выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце камітэту адукацыі Мінгарвыканкаму Надзея Вялікая пацвердзіла Свабодзе, што выступы прыватных тэатральных калектываў у дзіцячых садках сапраўды забароненыя:
«Дзіцячыя садкі працуюць паводле праграмы, створанай на падставе Кодэксу аб адукацыі. У адпаведнасці з праграмай, толькі самі ўстановы маюць права праводзіць навагоднія ды іншыя мерапрыемствы забаўляльнага характару. А прыватныя тэатральныя калектывы не маюць права іх весці, таму што яны не маюць права арганізоўваць дадатковую адукацыю ў дзіцячых садках».
Надзея Вялікая патлумачыла, што калі сам садок не ў стане арганізаваць, скажам, навагодняе свята, яму на дапамогу могуць прыйсці:
«У нас ёсць упраўленне адукацыі і 12 шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі, дзе працуюць спецыялісты з рэжысёрскай, акторскай і педагагічнай адукацыяй. І сёння яны гатовыя паказваць спектаклі, а таксама рабіць для дзіцячых садкоў ранішнікі. Зразумела, што ў прыватных тэатральных калектывах таксама працуюць адукаваныя і таленавітыя акторы і рэжысёры, але мы зыходзім з таго, што толькі дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі гарантуюць якасныя ранішнікі, якія будуць адпавядаць Кодэксу аб адукацыі Рэспублікі Беларусь».