У госці да казкі
17–18 траўня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі.
Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі – маштабнае мерапрыемства, якое ўключае навуковую канферэнцыю, круглы стол, выступы майстроў казкавага жанру. Арганізатар Форуму – дзяржаўная навуковая ўстанова “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”.
Казачны эпас – найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Беларускія казкі, будучы трывала ўбудаванымі ў сусветную казкавую скарбніцу, характарызуюцца шэрагам асаблівасцяў на розных узроўнях – сюжэтна-вобразным, матыўным, а таксама вылучаюцца мовай, якая тут набывае асаблівы каларыт і выразнасць. Развіццё пісьмовай беларускай культуры, натуральна, прывяло да ўзнікнення і пашырэння аўтарскіх казак. Традыцыі казачнай літаратуры ў жыцці беларускага народа вельмі моцныя і трывалыя. Гэта адзін са складнікаў нацыятварэння беларусаў. І ўсё ж сучасныя цывілізацыйныя працэсы адсоўваюць казку на перыферыю прыгожага пісьменства. Таму ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства ў цэлым і асобы ў прыватнасці.
Мерапрыемствы Форуму адкрытыя. 17 траўня ў 10.30 пройдзе пленарнае пасяджэнне (вул. Сурганава, 1, корп. 2, актавая зала на 2 паверсе). Яму будзе папярэднічаць канцэрт, які пачнецца ў 10.00. У 14.00 выступяць майстры казкавага жанру, носьбіты традыцыі Соф’я Каток з в. Пласток Любаньскага раёна, Людміла Глухатарэнка з в. Санюкі Ельскага раёна, Аляксандр Галкоўскі з в. Судзілы Клімавіцкага раёна. Выступяць таксама пераймальнікі традыцыі. Пройдзе прэзентацыя фальклорнага зборніка тэкстаў з Любаньскага раёна “Казка з быллю напалову”. На працягу дня будзе працаваць выстава дзіцячых малюнкаў па тэматыцы Форуму.
18 траўня з 9.00 да 17.00 пройдуць пасяджэнні секцый канферэнцыі “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя” (вул. Сурганава, 1, корп. 2). У 14.00 пачнецца круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”.
У Форуме возьмуць удзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Эстоніі, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Балгарыі, сярод якіх Прэзідэнт Акадэміі навук Абхазіі Зураб Джапуа з дакладам “Асноўныя персанажы абхазскіх казак пра жывёл”, кіраўніца сектара “Балканская этналогія” Балгарскай акадэміі навук Анастасава Кацярына з дакладам “Беларуская казка ў Балгарыі”, загадчыца аддзела нематэрыяльнай культурнай спадчыны Дзяржаўнага Расійскага Дома народнай творчасці Варвара Дабравольская з дакладам “Рускія казачнікі ў XXI стагоддзі”, загадчыца навукова-адукацыйнай лабараторыі рэгіянальных філалагічных даследванняў Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Бальшакова з дакладам “Пскоўская казка ў кантэксце тэмы дзяцінства ў традыцыйнай культуры”.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі і госці будуць мець магчымасць пазнаёміцца з «Калыханкай» — найстарэйшай штодзённай вечаровай дзіцячай перадачай на Беларускім тэлебачанні, першы выпуск якой пабачыў свет у студзені 1981 году.