У Беларусі заснавана Чытацкая прэмія з прызавымі

Выдавецтва «Янушкевіч» гатова заплаціць 321 рубель за найлепшы водгук на любую беларускую кнігу. Уручэнне ўжо сёлета.

321_1.jpg

«Пакуль яшчэ не ўціхамірыліся "страсці па Гедройцю", дзе нам павінны назваць найлепшага беларускага пісьменніка, мы робім крок у адказ і хочам вызначыць найлепшага чытача. Абвяшчаем Чытацкую прэмію! За найлепшы водгук (рэцэнзію) на кнігу», — тлумачаць у выдавецтве «Янушкевіч».
Галоўны прыз — 321 рубель. Гэтую суму атрымае той водгук, які ў выдавецтве палічаць вартым.
«Галоўным крытэрыем для вызначэння пераможцы будзе не навуковы разбор твору, не нашпігаванасць складанымі тэрмінамі і нават не аб’ём водгуку. Самае важнае для нас — зразумець, што чытач пранікся творам да самых глыбінь, прапусціў яго праз сябе як штосьці роднае і жывое. Водгук — гэта "крык душы“, уражанні, эмоцыі і высновы, якімі чытач не мог не падзяліцца з навакольным светам. Разуменне твору і шчырасць выказвання — вось што будзе для нас прыярытэтам. Таксама мы будзем улічваць колькасць і якасць рэакцый на вашы водгукі, так што іх лепей публікаваць там, дзе яны чытаюцца», — адзначылі арганізатары. І падкрэсліваюць, што ўдзельнічаць могуць водгукі на кнігі розных выдавецтваў, а не толькі «Янушкевіча».

Умовы вылучэння на Чытацкую прэмію:

  1. Прымаюцца водгукі на кнігі на беларускай мове, выдадзеныя ў 2017-2018 годзе.
  2. Водгукі могуць быць апублікаваныя на любых публічных рэсурсах — у каментарыях на старонках кніг выдавецкіх сайтаў (januskevic.by, halijafy.by, lohvinau.by і інш.), у чытацкіх супольнасцях Livelib, GoodReads, у сацыяльных сетках, СМІ, на інтэрнэт-парталах, у блогах і г.д.
  3. Водгукі павінны быць апублікаваныя пасля 1 верасня гэтага года. Канец прыёму заявак — 24 снежня 2018 года.
  4. Удзел «прафесіяналаў ад літаратуры» не дапускаецца. Гэта значыць пісьменнікі, крытыкі, літаратуразнаўцы не могуць браць удзел.
  5. На адрас premija321@gmail.com дашліце лінк (спасылку) на свой водгук альбо яго скан (пры друкаванай версіі).

Падвядзенне вынікаў абудзецца 26 снежня 2018 года. Уручэнне прэміі — ужо на наступны дзень.

Дзяліцеся ўражаннямі ад прачытаных кніг!