ТОП-7 фактаў пра сапраўдны стан рускай мовы
Для кіруючых элітаў Расіі замацаванне асаблівага статусу рускай мовы ў краіне і захаванне яе ў замежжы стала эфектыўным сродкам уплыву так званага Рускага свету. Разам з тым, менавіта такі палітызаваны падыход зрабіў рускай мове небяспечную паслугу, паспрыяў таму, што яна штогод губляе мільёны былых карыстальнікаў. Пра тое, што папраўдзе адбываецца сёння з мовай Пушкіна і Пуціна, піша «Будзьма».
ФАКТ 1 — З дзясяткі самых папулярных моў у свеце выбыла руская
Лічыцца, што найлепшым перыядам для рускай мовы быў 1990 год, калі ва ўсім свеце на ёй размаўлялі прыкладна 350 млн. чалавек. Але тыя часы засталіся толькі ў памяці старэйшых пакаленняў. У 2023 годзе дзяржаўны інстытут рускай мовы імя Пушкіна падрыхтаваў трэці выпуск «Індэкса становішча рускай мовы ў свеце». У даследаванні канстатуецца, што сітуцыя з агульнай колькасцю рускамоўных пагаршаецца. Згодна інфармацыі ў Індэксе-2023, руская мова з 255 мільёнамі карыстальнікаў знаходзіцца на 9-й пазіцыі ў сусветным рэйтынгу самых распаўсюджаных моў. Адносна нядаўна, у 2020-2022 гадах, яна была на 8-м месцы, а яшчэ раней — на 6-м.
Паказальна, што ў тым жа 2023-м руская мова выпала з Топ-10 самых папулярных моў у свеце. Па даным эксперта Сіндзі Бланко, якая прадстаўляе найбольш запатрабаваную сусветную платформу па вывучэнню замежных моў Duolingo, гэта адбылося ўпершыню з 2015 года. На Duolingo руская мова заўжды знаходзілася ў першай дзясятцы, але ў мінулым годзе перамясцілася на 11 пазіцыю ў рэйтынгу. Яе апярэдзіла партугальская мова, якая ў 2022-м не была ў Топ-10, затое ў наступным заняла аж 8 месца.
ФАКТ 2 — Сусветная навука абыходзіцца без рускай мовы
Зніжаецца цікавасць да рускай мовы і ў навуковым асяродку. Індэкс-2023 адзначае, што ў аўтарытэтных міжнародных базах Web of Science Core Collection і Scopus колькасць навуковых публікацый на рускай мове займае пятую пазіцыю. Але ні месца ў рэйтынгу, ні колькасць публікацый (37-38 тыс.) не мяняюцца на працягу некалькіх гадоў. А вось, да прыкладу, кітайцы дасягнулі другой пазіцыі і год ад году нарошчваюць публікацыйную актыўнасць (97 тыс. у 2019 г. і 119 тыс. у 2022 г.).
Праблема яшчэ і ў тым, што якраз у 2022 годзе Урад РФ выступіў за прыпыненне ўліку публікацый расійскіх навукоўцаў у гэтых базах даных. Відавочна, што чым менш рускамоўных прац і даследаванняў стане вядома сусветнай навуковай супольнасці, тым больш будзе ўзрастаць там незапатрабаванасць рускай мовы.
ФАКТ 3 — У сусветным павуцінні ўсяго каля 3% рускамоўных карыстальнікаў
Больш за палову ўсіх інтэрнэт-рэсурсаў выкарыстоўвае англійскую мову, у гэтай катэгорыі яны стала займаюць першае месца ў свеце. На другім месцы па колькасці рэсурсаў у сусветным павуцінні знаходзяцца рускамоўныя сайты, што, як можа здацца, з’яўляецца някепскім дасягненнем. Але аналіз статыстыкі Рунэта паказвае, што ганарыцца асабліва няма чым.
Па звестках Міністэрства лічбавай інфармацыі РФ, колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, што маюць рускамоўны кантэнт, зусім невялікая — 5% ад усіх рэсурсаў у свеце (у 2019 годзе — 8,6 %). Што тычыцца непасрэдна рускамоўных карыстальнікаў, то ў 2020 годзе яны займалі 8 месца (2,8% ад усіх карыстальнікаў), а ў 2021 годзе — 9 месца (2,5%). Цікава, што ў апошнім галіновым дакладзе «Інтэрнэт у Расіі ў 2022-2023 годзе» звесткі на гэтую тэму адсутнічаюць.
ФАКТ 4 — Дэрусіфікацыя былых савецкіх рэспублік набірае абароты
Асобна Індэкс-2023 фіксуе зніжэнне інтарэсу да вывучэння рускай мовы ў краінах постсавецкай прасторы (без уліку РФ). З 1991 года па сённяшні час агульная колькаць школьнікаў, якія вучацца на рускай мове, скарацілася больш чым у два разы — з 9,2 млн. да 4,06 млн. чал. У два разы менш цяпер і студэнтаў вышэйшых устаноў, якія атрымліваюць веды на рускай мове, іх засталося 716 тыс. Можна ўпэўнена спрагназаваць, што працэсы дэрусіфікацыі нацыянальных сістэм адукацыі будуць толькі паскарацца.
Гэта непазбежна ўжо па той прычыне, што Азербайджан, Малдова, Туркменістан і Узбекістан перайшлі на лацініцу, а Казахстан плануе перайсці. У краінах Балтыі руская мова знікае са школ нават як другая замежная. Так, у Латвіі школьнікі вучаць дзве замежных мовы. Звычайна гэта англійская і яшчэ адна са спісу афіцыйных моў ЕС, сярод якіх няма рускай. У Эстоніі з 1 верасня 2024 года стартуе адукацыйная рэформа па пераходзе дзіцячых садкоў і школ на навучанне цалкам на эстонскай мове.
Аналагічныя тэндэнцыі набіраюць моц у школах і інстытутах Украіны. Калі ў 2021 годзе ўрокі рускай мовы наведвалі 455 тыс. украінскіх школьнікаў, дык у 2023/2024 навучальным годзе — менш за 1 тыс. А ў ВНУ навучанне на рускай мове практычна знікла. Зазначым, што зараз пераважная большасць украінцаў выступае супраць афіцыйнага статусу рускай мовы. Апытанне КМІС (Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі) у лютым 2024 года паказала, што толькі 3% апытаных лічаць, што руская мова павінна атрымаць статус другой дзяржаўнай мовы.
ФАКТ 5 — У Расіі становіцца менш рускамоўных
Доля рускамоўных у агульнай колькасці насельніцтва паступова зніжаецца не толькі ў свеце, але і ў самой Расіі. Вось якія даныя прыводзіць Марыя Гарачава, кандыдат навук, супрацоўнік Інстытута мовазнаўства РАН (Горячева М.А. Динамика владения русским языком в Российской Федерации по данным переписей населения 1989–2020 годов. — Социолингвистика. — 2023. — № 1).
• Па-першае, назіраецца хранічнае скарачэнне колькасці этнічных рускіх. Калі ў 2002 годзе яны займалі 81,5% у структуры насельніцтва РФ, то ў 2020 годзе ўжо 71,73%. У канкрэтных лічбах — зніжэнне ад 115 млн. да 105 млн, што азначае знікненне з моўнай прасторы 10 мільёнаў носьбітаў мовы.
• Па другое, увесь час памяншаецца агульная колькасць рускамоўных, гэтыя працэсы ідуць бесперапынна і адчувальнымі тэмпамі. У 2002-м у Расіі налічылі 142 млн. рускамоўных расіян (98,21% ад усяго насельніцтва РФ), а ў 2020-м заўважна менш — 128 млн. (87,22%).
У прынцыпе, нічога дзіўнага, можна згадаць Савецкі Саюз, дзе пры абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах каля 20 мільёнаў жыхароў яе не ведалі (Усесаюзны перапіс насельніцтва ў 1989 годзе). А ў постсавецкай Расіі, дзе існуе процьма нацыянальных праблем, сітуацыю нельга не прызнаць значна больш складанай. Напрыклад, падчас Перапісу-2020 велізарная колькасць удзельнікаў (16 млн. чалавек!) увогуле не ўказалі сваю нацыянальную прыналежнасць.
ФАКТ 6 — Расійская моладзь зазнае дэфіцыт моўнага развіцця
Парадаксальна, але галоўную пагрозу захаванню чысціні і разнастайнасці рускай мовы нясуць яе асноўныя спажыўцы і карыстальнікі. Маем на ўвазе, сучасных рускамоўных насельнікаў па ўсіх абшарах неабдымнай Расійскай Федэрацыі. Даўно не адкрыццё, што іх пісьменнасць і культура мовы чым далей, тым болей супярэчыць граматычным, стылістычным і іншым правілам.
Мовазнаўцы ўказваюць на маштабнае агрубенне рускай мовы, яе татальную засмечанасць замежнай і нецэнзурнай лексікай. У 2023 годзе нават давялося ўнесці змены ў закон «Аб дзяржаўнай мове РФ», якія забараняюць ужыванне ў афіцыйных дакументах, адукацыі і г. д. «слоў і выразаў, не адпавядаючых нормам сучаснай рускай літаратурнай мовы».
Жахлівае ўражанне выклікаюць асаблівасці моўнай трансфармацыі расійскай моладзі. Канстанцін Дзеравянка, член Прэзідэнцкага Савета па рускай мове і кіраўнік партала «Грамота.ру», кажа, што больш за 80 % школьнікаў зазнаюць дэфіцыт моўнага развіцця.
ФАКТ 7 — Мігранты купляюць экзамены па рускай мове
Кожны год у Расію прыязджаюць сотні тысяч замежнікаў, што нарошчвае долю іншамоўных носьбітаў у расійскім грамадстве. Улады РФ спрабуюць кантраляваць моўны і адукацыйны ўзровень тых мігрантаў, якія жадаюць працаваць у краіне ці застацца ў ёй на сталае жыхарства. Ад іх, акрамя грамадзян ЕАЭС, патрабуюць здаваць экзамены па рускай мове, асновам расійскага заканадаўства і гісторыі. Такім чынам, правяраецца здольнасць адаптавацца да новага жыцця і быць зразумелым у рускамоўным асяроддзі. Аднак практычная рэалізацыя такіх моўных іспытаў выклікае шмат пытанняў.
СМІ паведамлялі, што праваахоўнікі адшукалі ў Маскве пяць незаконных друкарняў, дзе масава падраблялі міграцыйныя дакументы. Да таго ж высветлілася, што па ўсёй краіне мігрантам прапануюць купіць сертыфікаты аб здачы экзаменаў. На аферах зараблялі не толькі камерцыйныя структуры, але і супрацоўнікі Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя Пушкіна. З гэтай нагоды ў красавіку 2024 года згубіла пасаду рэктар інстытута Наталля Труханоўская.
Расійская рэчаіснасць з усюдыіснай карупцыяй не абараняе, а наадварот спрыяе разбаўленню рускамоўнай большасці іншамоўным дамешкам.