Топ-10 фільмаў пра святых
На гэтым тыдні адзначалі Дзень усіх святых. Прыгадаем не ўсіх, але дзесяць. З гэтай нагоды склалі падборку найлепшых фільмаў пра асобаў, якіх хрысціянскі свет ушаноўвае ў якасці святых. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Дон Боска (Don Bosco). 2004
Фільм, зьняты рэжысэрам Лёдовіка Гаспарыні, зьяўляецца глыбокай кінематаграфічнай данінай памяці адной з найбольш шанаваных асобаў каталіцкай гісторыі, сьвятому Яну Боска. Гэты баёпік паглыбляецца ў жыцьцё чалавека, які прысьвяціў сябе выхаваньню і навучаньню моладзі Турына ў Італіі ХІХ стагодзьдзя.
Аўтары прапануюць яскравае адлюстраваньне яго непахіснай веры і бязьмежнай любові.
Вобраз, які здолеў увасобіць Флавіа Інсінья, паказвае неверагодны энтузіязм сьвятога, які зрабіў Дона Боска крыніцай надзеі для незьлічонай колькасьці пакутлівай моладзі. Што было актуальна тады, застаецца такім жа і сёньня.
Нумар 9. Падрэ Піа (Padre Pio). 2000
Стужка рэжысэра Карла Карлеі, прысьвечаная жыцьцю і духоўнаму шляху сьвятога Піа з П'етрэльчыны. Гэты біяграфічны фільм малюе інтымны партрэт знакамітага манаха-капуцына і спрабуе перадаць яго веру, містычныя стыгматы і непахісную адданасьць Богу.
У галоўнай ролі Сэрджыя Кастэліта, які дэталёва паказвае пакуты, стыгматы і лёс свайго экраннага героя. Вядома, што за некалькі гадоў да моманту, калі Караль Вайтыла стаў Папам Янам Паўлам ІІ, ён сустрэўся з Падрэ Піа, і ў іх была надзвычай плённая і натхняльная размова.
Падрэ Піа – гэта чалавек, які праз усё жыцьцё меў выразныя знакі пакутаў Езуса Хрыста – стыгматы на целе, якія адпавядалі ранам ад цьвікоў і церня. Як такое магчыма ў наш, нібы пазбаўлены цудаў час?
Нумар 8. Жыцьцё за жыцьцё (Życie za życie. Maksymilian Kolbe). 1991
Праца Кшыштафа Занусі зьяўляецца вытанчаным шэдэўрам, які апавядае пра жыцьцё і самаадданую ахвяру сьвятога Максымільяна Кольбэ, манаха-францішканца, які стаў сымбалем веры і гераізму падчас Другой сусьветнай вайны. Будучы сьвяты пэўны час служыў і ў Беларусі, перадусім у Гародні.
Гледачы ўбачаць гісторыю чалавека, які пражыў сваё жыцьцё ў служэньні іншым і ўрэшце аддаў сваё ўласнае жыцьцё, каб выратаваць незнаёмца ў Асвенцыме.
Занусі малюе яркую карціну жудасных жахаў канцэнтрацыйнага лягеру, і паказвае рашучасьць Кольбэ даць суцяшэньне і надзею тым няшчасным, хто як і ён быў у нацысцкім зьняволеньні.
Нумар 7. Песьня Бэрнадэт (The Song of Bernadette). 1943
Гэтая стужка рэжысэра Генры Кінга можа служыць духоўным гімнам неверагодна прыгожай гісторыі з Францыі. Фільм заснаваны на рамане Франца Вэрфеля і распавядае пра жыцьцё сьвятой Бэрнадэт Субіру, маладой французскай дзяўчыны, якая ў 1858 годзе стала сьведкай серыі абвяшчэньняў Марыі ў гроце Люрда.
З тых часоў Люрдская Маці Божая зьяўляецца адным з сымбаляў хрысьціянскай Францыі. Джэніфэр Джонс увасабляе пакору і непахісную адданасьць сваёй гераіні, і гледачы сустракаюць яе шлях ад простай беднай дзяўчыны да шанаванай усім сьветам сьвятой.
Прызначэньне Джэніфэр на галоўную ролю суправаджалася пачатковым скандалам, калі аўтар кнігі быў супраць акторкі, але ўрэшце пагадзіўся з выбарам. Сама Джэніфэр Джонс цалкам заслужана ў тым годзе атрымала Оскар за лепшую жаночую ролю.
Нумар 6. Брат Сонца, сястра Месяц (Fratello sole, sorella luna). 1972
Франка Дзэфірэлі зьняў фільм пра вялікага сьвятога Францішка з Асызі. У час выхаду водгукі былі мякка кажучы рознаплянавыя. Нехта быў у захапленьні ад стужкі, іншыя ж знаходзілі яе занадта вольным пераказам гістарычных падзеяў, якія адбываліся амаль тысячагодзьдзе таму.
Дзэфірэлі зрабіў цэлае дасьледаваньне глыбокай сувязі сьвятога з прыродай, яго радыкальнага прыняцьця беднасьці і адданасьці Богу. Грэм Фолкнэр, які выконвае галоўную ролю, адлюстроўвае нутранае хваляваньне Францішка, яго харызму і сапраўдную радасьць, якую ён знаходзіў у прастаце.
Ці здольныя былі б вы, маючы дастатак значна вышэй за сярэдні, у адзін дзень адмовіцца ад апошняй манэты і скіравацца ў пустыню, каб маліцца?
Нумар 5. Чалавек на ўсе часы (A Man for All Seasons). 1956
Фрэд Цынэман зьняў шыкоўнае кіно пра ангельскага сэра, які стаў каталіцкім сьвятым. Фільм адаптаваны паводле знакамітай п'есы Робэрта Болта. А распавядае ён пра Томаса Мора, выбітнага ангельскага юрыста і дзяржаўнага дзеяча часоў кіраваньня караля Генрыха VIII. Томас Мор сутыкнуўся з глыбокай маральнай дылемай, калі адмовіўся пагадзіцца з рашэньнем караля развесьціся з жонкай і парываньню манарха з каталіцкім касьцёлам.
Роля сэра Томаса Мора ў выкананьні Пола Скофілда — гэта прыклад ідэальнага акторскага майстэрства. Томас Мор паставіў усё на свае прынцыпы, на сваю веру, на свае перакананьні — і быў забіты за гэта кіраўніком дзяржавы, які праз спакусы згубіў усе арыентыры.
Нумар 4. Францішак (Francesco). 1989
Яшчэ адна экранізацыя жыцьця сьвятога Францішка, на гэты раз зьдзейсьненая Ліліянай Кавані. Фільм па-свойму малюе партрэт гэтай загадкавай постаці, чыя вера і радыкальная прастата ўмацавалі хрысьціянства і працягваюць натхняць людзей і сёньня. Дарэчы Папа Францішак, які узначальвае каталіцкі Касьцёл з 2013 года ўзяў сваё імя ў гонар гэтага сьвятога.
Вобраз сьвятога Францішка ў выкананьні Мікі Рурка — адкрыцьцё. Гэтая роля прынесла актору сусьветную славу ў якасьці выдатнага драматычнага актора. Іншая справа, што рэалізаваць свой патэнцыял Мікі Рурк так і ня здолеў на працягу сваёй кар’еры. І гэта шкада, бо мы маглі б захапляцца па-сапраўднаму добрым акторам, але яго крывая кар’ерная дарога – ужо іншая гісторыя.
Нумар 3. Тэрэза (Thérèse). 1986
Тэрэза з Лізьё – адна з маіх улюбёных сьвятых, і абмінуць гэты фільм было немагчыма. Алэн Кавалье зьняў прыгожую і простую стужку пра французскую дзяўчынку, якая зьмяніла жыцьцё тысячаў людзей ва ўсім сьвеце.
Вобраз сястры Тэрэзы, выкананы Катрын Мушэ ахіне пакорай і міласцю. Яе вобраз ажыўляе нутраныя складанасьці і духоўны рост маладой дзяўчыны, якая шукала сьвятасьці ў звычайным. Здольнасьць рэжысэра перадаць абсалютную прастату існаваньня Тэрэзы, адначасова разглядаючы глыбіні яе духоўнасьці, зьяўляецца моцнай праявай таленту.
Нумар 2. Караль, чалавек які стаў Папам (Karol, un uomo diventato Papa). 2005
Стужка, якая глыбока адаб’ецца ў вашым сэрцы і пакіне пасьля сябе глебу для працяглых развагаў. Гэтую карціну палякі запрасілі зьняць італьянца Джакама Баціята. Нездарма: фільм пра Караля Вайтылу, які нарадзіўся ля Кракава, а памёр у Рыме.
Звон шалёна адбівае трывогу ў Кракаве — немцы перайшлі мяжу з Польшчай 1 верасьня 1939 года, і маладыя людзі наперабой кажуць аб неабходнасьці ісьці ў армію, бараніць радзіму і забіваць ворагаў. Але адзін зь іх — Караль — разумее, што пазбавіць чалавека жыцьця ён не зможа.
Мы становімся сьведкамі цэлай гістарычнай эпохі, у якой жыў Караль Вайтыла. Жахі нямецкай акупацыі зьмяняюцца тэрорам камуністычнай адміністрацыі. Малады чалавек у пэўны час адчувае пакліканьне — стаць сьвятаром. Каб урэшце праз дзесяцігодзьдзі стаць Папам — Янам Паўлам ІІ.
Гэтая стужка павінна быць у вашым абавязковым сьпісе да прагляду.
Нумар 1. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928
Лепшым фільмам з нашага спісу зьяўляецца, верагодна, ужо скрайне малавядомы шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, «Пакуты Жаны Д’Арк» — гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці — эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі — яна аддала насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага разладу.
У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).
Абірайце сьвятога, пра якога б жадалі паглядзець фільм, а астатнія аўтарскія падборкі кіно шукайце тут.
Прыемнага прагляду!