Што будзе з Кастрычніцкай?

У гэтым годзе фэст Vulica Brasil не абмежаваўся толькі роспісам муралаў, але і прадставіў урбаністычна-экалагічны праект рэканструкцыі Кастрычніцкай вуліцы. Каб ажыццявіць задуманае, да праекта далучыліся архітэктары, эколагі і фларысты.

7f65a0d15ebd21744d1922facaa19caa28dd573d.jpg


Галоўнае для нас — гэта навучыць горад развівацца самастойна, — кажа адзін з архітэктараў і куратар праекта Георгій Заборскі. — Мы ўжо не верым у тую мадэль, якая была ў ХІХ стагоддзе, калі інжынеры ды архітэктары прад’яўлялі жыхарам гатовы горад. Гэтак жа, як вы можаце выбіраць сваё каханне, сёння вы можаце выбіраць і выгляд свайго горада. Мы будзем лічыць праект Vulica Brasil паспяховым тады, калі вам будзе прыемна і камфортна адзначаць на вуліцы дзень нараджэння.  
Па словах аўтараў праекта, спачатку былі доўгія змагання з бюракратыяй, падчас якіх высветлілася: у Мінскградзе ляжыць зацверджаны план, згодна якому Кастрычніцкая калі-небудзь стане пешаходнай. Гэта крыху дапамагло арганізатарам фестывалю дамаўляцца наконт рэканструкцыі.
На сёння амаль усе ўладальнікі тэрыторыі вакол Кастрычніцкай дазволілі рэканструкцыю, акрамя «БелІнфаНэт», якому належыць пустэча за Кастрычніцкай, 23. Таму, магчыма, прыйдзецца крыху перанесці некаторыя пабудовы ў іншую частку вуліцы.

Тэраса

Тэраса

Зараз на Кастрычніцкай кепскі стан тратуараў і бардзюраў. Пасля вечарынак застаецца шмат смецця, а сама вуліца застаўлена вялікай колькасцю машын. На працягу амаль 300 метраў няма ніякіх месцаў для адпачынку. Прастора каля ангара "ЦЭХа" вельмі невялікая, з-за гэтага падчас канцэртаў людзі мусяць стаяць на праезнай частцы. Будынак насупраць “Хулігана” з’яўляецца помнікам архітэктуры, тым не менш яго вокны заклалі цэглай ды зафарбавалі.

"Плаза"

"Плаза"

Таму Vulica Brasil збіраецца шмат што змяніць. Пабудуюць тратуары з зялёнай зонай, створаць тэрасы з лавамі і ўсталююць адмысловыя сметніцы. Па вуліцы будзе зроблена дарога для ровараў. А побач з кафэ “Enzo” з’явіцца “плаза” — драўляны насціл, які аб’яднае пешаходную і праезную частку. Прастора вакол кафэ “Enzo” ды бара “Хуліган” стане больш фестывальнай: паміж будынкамі павесяць ліхтарыкі і паставяць перасоўныя канструкцыі для адпачынку, якія, выязджаючы, будуць рабіць вуліцу пешаходнай. Адзін з муралаў аздобяць расліны і шпакоўні.

Перасоўныя канструкцыі ды ліхтарыкі

Перасоўныя канструкцыі ды ліхтарыкі


Акрамя гэтага архітэктары плануюць зрабіць дзве буйныя інсталяцыі. Унутры “Павільёна Brasil” людзі змогуць паспрабаваць сыграць на бразільскіх музычных інструментах, у чым дапаможа праграмны код нейронавай сеткі, які дапоўніць няўмелую ігру да традыцыйнай бразільскай музыкі. А ў “Ідэальным Хмарачосе” можа будзе адпачыць, скарыстацца Wi-Fi, ды паесці салата, які там жа і расце.

39b8027b013fbb3834b0e37f6d0f5815d7f9447a.jpg

"Ідэальны Хмарачос"
На гэтыя дзве інсталяцыі архітэктары вырашылі збіраць грошы праз краўдфандінг. Таму, калі вы жадаеце дапамагчы праекту, то ўжо можаце даслаць грошы на “Ідэальны Хмарачос”.
Праца распачалася, частка праекта будзе прадстаўлена 17 верасня. Цалкам праект можна будзе ўбачыць толькі вясной.
Фестываль Vulica Brasil арганізаваны Пасольствам Бразіліі пры падтрымцы "Белавія".