«Шэрая кардыналка — паэзія». З нагоды выхаду кнігі выбранай паэзіі Гедрэ Казлаўскайце «Чароўны час»
На сумежжы 2024-2025 гадоў упершыню па-беларуску выйшла асобная кніга выбраных твораў Гедрэ Казлаўскайце — «Чароўны час». Раней вершы летувіскай паэткі крыху друкаваліся па-беларуску ў раскід у «Дзеяслове» і на старонцы «ПрайдзіСвет».
Ідэя выдаць беларускі пераклад выбраных вершаў Гедрэ належыць рэдактарцы выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алене Казловай. Алена слушна не прыслухалася да праведзенай у сеціве апытанкі, паводле якой паэзію ня раілі выдаваць, бо яна дрэнна прадаецца. У фэйсбуку рэдактарка заўважыла, што насупор усяму яны выдалі і ганарацца гэтай «літоўскай, прыгожай і мэлянхалічнай» паэзіяй. Вершы, сапраўды, прыгожыя, журлівыя, малааптымістычныя, цягам многіх старонак чытаецца моцнае пасланьне паэткі, у якой раскрываецца Гедрэ: «Яшчэ мацней чым жыць заўтра, прагну жыць учора…». І прыгэтым: «Мы жывем у чароўны час — у нас ёсьць усялякія пачастункі і што душы заўгодна».
Цікава, пачынаючы з нашага знаёмства ў 2018 годзе, Гедрэ Казлаўскайце асацыюецца для мяне з інфантай, зь віленскай інфантай. Вядома, у гісторыі Летувы не было інфантаў, аднак ціхамірная і заўсёды стрыманая зь вялізнымі пільнымі вачыма паэтка, крытыца і доўгі час рэдактарка літаратурнай газэты «Šiaurės Atėnai» (Паўночныя Атэны) заўсёды выклікала такую экзатычную асацыяцыю. Дзякуючы Гедрэ, геаграфічныя і гістарычныя межы раптам рушыліся і ў барочных паўночных Атэнах так натуральна сярод нас шпацыравала інфанта Гедрэ. Цікава, калі пазьней я пачаў чытаць ейныя вершы, то знайшоў і ў яе гэты самы вобраз інфанты, а яшчэ мяніны ці фрэйліны, як на слыннай карціне Д. Вэляскеса. Вядома, гэта толькі мая асацыяцыя, сама паэтка зь ніякай інфантай сябе не асацыюе, тым больш віленскай. Паэтка родам з Кейданаў, роднае месца хіба мінімальна і асьцярожна прысутнічае ў ейных тэкстах-бурштынінках:
«Я ніколі не магла палюбіць цябе, горадзе,
хоць прыгожа выглядалі цукерачныя шатландскія
домікі на паштоўках».
Першы тэкст Гедрэ, які я прачытаў, быў празаічны — «Sudie, mokykla» (Бывай, школа), два апавяданьні 2001 году пра сталеньне маладых людзей і пошукі імі свайго месца ў сьвеце. У дэбютнай кнізе ўжо распазнавалася будучая самагіранічная і часам саркастычная Гедрэ.
Гедрэ Казлаўскайце. Фота Монікі Пажэрскіце
За дваццаць пяць год 21 стагодзьдзя аўтарка сталася адной з цэнтральных постацяў летувіскай паэзіі і літаратурнай крытыкі. Вершы, артыкулы і эсэ Казлаўскайце, апублікаваныя ў пэрыядычных выданьнях (Šiaurės Atėnai, Metai, Bernardinai.lt, Naujasis Židinys-Aidai) і ў чатырох выдадзеных зборніках, раскрываюць перадусім супярэчлівае становішча жанчыны-творцы, якая адчувае незадаволенасьць традыцыйнымі жаночымі ролямі ў грамадзтве, але ў той жа час імкненьне да простага, зацішнага жыцьця. Яна сьмела кажа ў тэкстах пра інтымнае: веру, рэлігійныя практыкі, асабліва ў малады пэрыяд, духоўную крызу, (лесба)эратычнасьць, натуральную цягу да жанчынаў, алькагалізм. Інтымнае хутка становіцца публічным, важным для многіх: экалягічныя выклікі перад грамадзтвам, важнасьць фэмінісцкай позвы дня, маргінальнасьць пэўных групаў грамадзтва, жыдоўская спадчына Вільні, Летувы наагул, спажывецкая залежнасьць сучасных людзей, папулізм, перакруты капіталізму і г.д. Усе гэтыя тэмы чароўна завуаляваныя ў тэкстах паэткі. Дзякуючы самагіроніі і сарказму яны чытаюцца бы філязофскія залацінкі, а часта і як памфлеты-выбухоўкі:
«… А я зларадна
працягну пісаць вершы, яны адзіныя
не акупаюцца, не карысныя, ні перад кім
не прыніжаюцца, не просяць міласціны».
Трактуючы вельмі рэалістычныя тэмы і праблемы, Гедрэ аднак умее ўпрыгожваць жуду, дзякуючы багатай асацыятыўнай і фантасмагарычнай вобразнасьці:
«Мы шумім мацней за мора,
Караеды точаць нашы гадавыя колы,
Праз дзіркі вылазяць эпасы».
А яшчэ мяне здаўна цікавіць фэмінісцкасьць, гендарнасьць ейнай паэзіі — дасьціпныя дотыкі-рэфлексіі паэткі наконт андра- і гэтарацэнтрызму ці не ўва ўсіх вымярэньнях нашага жыцьця: у адукацыі, навуцы, палітыцы, рэлігіі. У вершах «Візыт папы» і «Сьвяты Казімір» аўтарка лёгка «адракаецца ад вычварэнства некаханьня», крытыкуючы інстытут Касьцёлу, а не саму рэлігію. Гедрэ адмаўляецца мець што-кольвек агульнага з мужчынамі:
«З хлопчыкамі ў нас не было нічога агульнага,
акрамя статусу гамінідаў».
Паэтка «баіцца садзіцца побач зь імі ў тралейбусе — з арыйскімі позіркамі, упэўненымі ў сабе, раскінутымі на паўтара крэсла». У фантасмагарычным вершы «Жаночы пляж» яна, нарэшце, гіранічна, але і праўдзіва дзеліцца, дзе ёй утульна:
«Таму больш за ўсё супакойвае жаночы пляж —
Могілкі жывых, пазачасавых, голых».
Асобнай увагі заслугоўвае шчырае інтэрвію з Гедрэ, разьмешчанае ў канцы зборніка. У ім яна адказвае на некаторыя пастаўленыя ў вершах пытаньні. А яшчэ зь інтэрвію мы даведваемся пра сучасныя клопаты і выклікі, зь якімі змагаецца паэтка. А яшчэ проста нельга абыйсьці тэму прабеларускасьці Г. Казлаўскайце. Гедрэ знаёмая зь Беларусьсю, якую наведвала ў 2015 годзе, знаёмая з многімі беларус-к-амі Вільні, асабліва з тымі, хто апынуўся ў ёй пасьля 2020 году, сочыць за падзеямі ў Менску і аддана спачувае беларускай трагедыі, пастцы, у якую беларусак-аў уцягнула Расея.
Пераклад паэзіі — заўсёды праца складаная і часта немагчымая. Калі раней я меркаваў, што найцяжэйшая праца ў перакладзе летувіскай літаратуры палягала ў прыгожай архаічнай, з процьмай жмудзкіх словаў, прозе Жэмайце, то пачаўшы перакладаць вершы Гедрэ, я зразумеў, як я памыляўся — якімі лёгкімі падаліся тэксты Жэмайце! Але ў супрацы з рэдактаркамі Аленай Казловай і Сюзаннай Паўкштэлай, а таксама дзякуючы актыўнаму кансультаваньню з самой аўтаркай, праца пасьпяхова завершаная — пераклад, няма сумневу, усьцешыць беларускае чытацтва.
Мяне асабіста ў летувіскай паэзіі 20 і 21 стст. мужчынскія галасы ня вельмі пераконваюць і кранаюць, затое ўражваюць і бясконца шармуюць жаночыя галасы: Саламея Нерыс, Она Міцюце ў 20 ст. і Гедрэ Казлаўскайце ў 21 ст. Гэтыя тры паэткі, бы тужлівыя волаткі, найлепей перадаюць летувіскую сузіральную мацату, а яшчэ рэзыстэнскі жаночы дух. І, няма сумневу, дадзены зборнік паэзіі — яшчэ адзін важны культурны масток паміж беларускай і летувіскай культурай і літаратурай, які мусіць паспрыяць нашаму зьбліжэньню.
Зрэшты, першая прэзэнтацыя кнігі «Чароўны час» адбудзецца ўжо ў канцы лютага 2025 падчас Віленскага кніжнага кірмашу, на якім будзе нагода пазнаёміцца з той, хто вышывае «нябачны літургічны плашч шэрай кардыналцы — паэзіі».