Свята падчас крызісу: На «Славянскі базар-2015» выкінуць $3,6 млн.

Бюджэт XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2015 годзе склаў 3,6 мільёна долараў. Пра гэта паведаміў дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка.



sbazar.jpg

«Каля 3,6 мільёнаў долараў складае бюджэт фестывалю ў гэтым годзе. Велізарную падтрымку ў арганізацыі і фінансаванні нам аказалі органы дзяржаўнай улады, але мы імкнемся з кожным годам усё больш зарабляць самі. У гэты раз самаакупнасць фестывалю складзе арыенціровачна 80%», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў МІА «Расія сёння», перадае РІА «Новости».

«На сёння прададзена ўжо каля 50 тысяч білетаў на фестывальную праграму. Рэалізацыя вядзецца праз электронную сістэму, таму любы ахвочы ў любым пункце свету можа набыць квіток загадзя. Мы бачым, што колькасць квіткоў, якія набываюцца праз інтэрнэт, ўзрастае», — адзначыў Сідарэнка.

У гэтым годзе ў фестывалі прыме ўдзел рэкордная колькасць краін — у міжнароднай праграме заяўлены прадстаўнікі 39 дзяржаў.

«У гэтым годзе як ніколі ўзрасла цікавасць розных краін-удзельніц фестывалю, у першую чаргу, да міжнароднага конкурсу. Мяркуецца ўдзел прадстаўнікоў 39 краін свету. У гісторыі фестывалю гэта ўпершыню. Усяго за папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел больш як 70 краін», — сказаў Сідарэнка.

Як піша TUT.BY, арганізатары распавялі, што асноўная праграма ўключае 95 мерапрыемстваў, з іх 18 канцэртаў пройдуць на галоўнай фестывальнай пляцоўцы, дзясяткі мерапрыемстваў адбудуцца ў рамках тэатральнай праграмы, «лялечнага квартала», фестывалю вулічных мастацтваў, міжнародных канферэнцый і конкурсаў.

«Разнастайнасць жанраў і мерапрыемстваў разлічана на тое, каб любы глядач ці ўдзельнік знайшоў нешта сабе па душы. У гэтым годзе з’явіўся новы фестывальны праект — фэст вулічнага мастацтва. Гэта вулічныя тэатры, мастакі, паэты, музыканты, вечаровыя шоў і спектаклі. На фэст вулічнага мастацтва пададзена каля 200 заявак. Мы спадзяемся, што ўсе вуліцы і цэнтр горада будуць адной велізарнай творчай пляцоўкай. Упершыню гледачы і госці горада змогуць стаць не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі самага фестывалю», — паведаміў Сідарэнка.

Вялікая колькасць мерапрыемстваў разлічана на моладзевую аўдыторыю. Традыцыйна будзе праходзіць дзіцячы конкурс, журы якога ўзначаліць спявак і кампазітар, народны артыст Расіі Дзмітрый Малікаў, дадаў Сідарэнка.

«На асноўнай падзеі — міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні прадстаўлена 21 краіна. Ён будзе складацца з паўфіналу і фіналу. Прычым фармат паўфіналу будзе тэлевізійным. Упершыню ў гэтым годзе цырымонію закрыцця фестывалю «Славянскі базар» мы сумяшчаем з цырымоніяй падвядзення вынікаў і ўзнагароджання лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу. Таксама будзе зроблена ўсё магчымае для таго, каб пляцоўку дзіцячага конкурсу была паказаная максімальнай колькасці гледачоў — упершыню будзе арганізавана тэлевізійная версія», — паведаміў дырэктар фестывалю.

Урачыстае адкрыццё Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» запланавана на 9 ліпеня, але святочныя шоў пачнуцца ўжо 7 ліпеня. Асноўная праграма завершыцца 15 ліпеня. Арганізатары фестывалю чакаюць, што фестывальныя мерапрыемствы ў 2015 годзе наведаюць 150 тысяч гледачоў.