Стаў вядомы склад журы прэміі Арсенневай

Прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную паэтычную кнігу яшчэ працягваецца. Тым часам сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі.

unnamed_94.jpg

Склад журы: Дзмітры Строцаў — паэт, стваральнік альманаху «Минская школа», арганізатар літаратурных мерапрыемстваў;Лера Сом — паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры;Анжэла Мельнікава — літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца;Міхаіл Бараноўскі — паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча;Марыяна Кіяноўская — паэтка, перакладчыца, крытык, літаратуразнаўца.
Прыём заявак доўжыцца да 14 чэрвеня. Каб падаць заяўку, запоўніце форму. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906).
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай — выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Магутны Божа». Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыбранае», а ў 2017 — Уладзімір Някляеў за кнігу «Толькі вершы».
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне «Бацькаўшчына». Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook.
Паводле прэс-рэлізу