Стары Новы свет. Што круцей: Еўропа ці Амерыка?

Я стаяла на аўтобусным прыпынку блізу Паўднёвага вакзалу Бостана і чакала аўтобуса, які возіць турыстаў на аглядныя экскурсіі па горадзе. З гледзішча большасці вандроўнікаў, якімі я захапляюся, мой учынак быў абсалютна бязглуздым. Купляць экскурсію на вакзале — тлусты «незалік» у залікоўцы сапраўднага падарожніка. Але іншых варыянтаў я не бачыла: у Бостан мяне занесла ўсяго на паўдня, з неба ліло бязбожна, апроч таго, ці не ўпершыню ў жыцці я не ведала, у які бок мне ісці.



9b8f0779badbad3b46d6718ee95a68ff.JPG

Я стаяла на аўтобусным прыпынку блізу Паўднёвага вакзалу Бостана і чакала аўтобуса, які возіць турыстаў на аглядныя экскурсіі па горадзе. З гледзішча большасці вандроўнікаў, якімі я захапляюся, мой учынак быў абсалютна бязглуздым. Купляць экскурсію на вакзале — тлусты «незалік» у залікоўцы сапраўднага падарожніка. Але іншых варыянтаў я не бачыла: у Бостан мяне занесла ўсяго на паўдня, з неба ліло бязбожна, апроч таго, ці не ўпершыню ў жыцці я не ведала, у які бок мне ісці.
Не ведаць, у які бок ісці, — вельмі няпростае пачуццё. Асабліва калі табе блізу трыццаці і ўсё сваё свядомае жыццё ты ганарылася фактам, што здольная без мапы выйсці да цэнтральнай плошчы ў любым горадзе Еўропы. І вось ты трапляеш у ЗША, дзе амаль любы горад спланаваны прасцей няма куды — і стаіш, лыпаеш вачыма, не ведаеш, куды падацца. І калі «даўнтаўн» ад прыгарадаў можна адрозніць па канцэнтрацыі хмарачосаў, няясным застаецца іншая рэч — як увогуле займацца гарадскім турызмам у Амерыцы.
Бостан — ці не прывабнейшы для турыстаў горад ЗША, і зранку да вечара тут курсуюць маршрутныя экскурсійныя аўтобусы некалькіх кампаній. Сеў на адзін такі — праехаў, пагуляў, праз пятнаццаць хвілінаў ускокваеш у іншы. Але я марыла пра аўтобус, як дапатопныя людзі — пра каўчэг. Нарэшце ён прыйшоў, і мяне перастала паліваць вадой.
Адна з самых зацятых спрэчак у Беларусі — Еўропа мы ці не Еўропа. З самага першага дня ў Амерыцы я адказвала сабе на гэтае пытанне адназначна: «Еўропа! Еўропа!» І справа тут не ва ўзроўні жыцця ці ступені дэмакратыі — гаворка пра абсалютна розныя спосабы арганізоўваць прастору ды грамадства, якія склаліся ў нас і ў іх. Хоць, гледзячы на самы старажытны амерыканскі горад праз акно турыстычнага буса, нельга было не заўважыць — пытанне «Еўропа ці Амерыка» было і, магчыма, застаецца вельмі надзённым тут, у Новым Свеце, які з самага пачатку каланізацыі паўночнаамерыканскага кантынента супрацьпаставіў сябе Старому.
Гіды
Мая маці ўсё жыццё працавала экскурсаводам, бацька — кіроўцам турыстычных аўтобусаў. Яны ездзілі разам, але рабілі абсалютна розныя рэчы. І таму амерыканскія экскурсіі з іх шафёра-гідамі нязменна выклікалі ў мяне змяшаныя пачуцці.
За стырном бостанскага аўтобуса пажылы афракітаец, ён паспявае адначасова кіраваць сваёй махінай, сацыялізавацца з пасажырамі і расказваць пра тое, што мы бачым навокал. «Я нарадзіўся і пражыў усё жыццё тут, у бостанскім Чайна-таўне, — кажа экскурса- і аўтобусавод, звяртаючыся да люстэрка задняга віду, — Я — тутэйшы». У Празе, Вене або Санкт-Пецярбургу турыстаў хутчэй супакоіла б навіна пра колькасць вышэйшых адукацый іх гіда, а не пра яго паходжанне. Але не такі гід у Амерыцы. Добры гід у Амерыцы — гэта яго асабістая гісторыя ў кантэксце гораду.
Дэніс, які быў нашым гідам у Сан-Францыска, — рок-музыка, які зарабляе турызмам на паездкі па свеце. «Беларусь — радасна гігікае ён, даведаўшыся, адкуль я, — я пабываў у тваёй краіне, хоць вельмі не хацеў. Мяне знялі з цягніка ў Берасці. Была патрэбная нейкая яшчэ віза. Я ехаў у Маскву з Берліну і меў толькі расійскую». Нашага вашынгтонскага гіда ўсе называлі «капітанам». Кэп кіраваў «качкай» — катэрам-амфімбіяй, копіяй тых, якія амерыканцы скарыстоўвалі падчас высадкі ў Нармандыі. Спачатку ён вёў яго па вуліцах, а потым зухавата спусціў на раку Патамак, і далей мы ўжо плылі. Амерыканскія гіды расказваюць турыстам смешныя выпадкі з гісторыі будынкаў, задаюць школьнікам пытанні на эрудыцыю, падымаюць настрой жартамі і не забываюць нагадаць пра чаявыя. Шчыра кажучы, часам яны ўражваюць больш, чым паказаныя імі архітэктурныя аб’екты. Вельмі пазітыўныя людзі.
Музеі
Турыстаў сёння няшмат. Доўгі час я еду зусім адна, і толькі праз пару прыпынкаў да мяне падсаджваецца пара з Арэгону. За ёй — сям’я з Паўднёвай Карэі. Кіроўца лічыць сваім доўгам нас прадставіць. «Бе-ла-руссс?» — са здзіўленнем перапытваюцца турысты, прыглядаючыся. Добра, што не чапаюць рукамі. Я пачуваюся ўнікальным музейным экспанатам.
Залі амерыканскага мастацтва ў музеях выклікаюць дваістыя пачуцці. Сістэматызаваныя паводле эпохаў творы амерыканскіх мастакоў, яны мала ўражваюць, але робяць наглядным паступовае вылузванне Амерыкі з еўрапейскага канону.
ХІХ стагоддзе: мы бачым рэалістычныя пейзажы амерыканскіх прэрыяў, партрэты індзейцаў чэрокі і статкі бізонаў, што мкнуць на вадапой. У залах дэкору даведваемся, што ў 1880-я амерыканскія дызайнеры асабліва палюбілі стыль неаракако. Вось мы сузіраем амерыканскіх паслядоўнікаў французскіх імпрэсіяністаў... І раптам — ужо ў ХХ здараецца нешта (зрэшты, ясна што: Еўропа спатыкнулася на першай сусветнай) — і перад намі Новы Свет, адлюстраваны новым стылем.
Адкрыццём для мяне стаў мастак-ілюстратар Норман Роквэл. У Нацыянальнай партрэтнай галерэі Вашынгтона экспанаваліся яго карціны з калекцыяў Стывена Спілберга і Джорджа Лукаса. Тамсама круцілі фільм, у якім галівудскія зоркі расказваліся, што творы гэтага мастака навучылі іх рэжысуры, бо адна карціна Роквэла — гэта цэлая гісторыя, расказаная гледачу. Роквэл маляваў жыццё простых амерыканцаў яскравымі фарбамі ў плакатным стылі. Потым нарадзіўся Эндзі Уорхал і стварыў партрэт бляшанкі супу, але пакуль я глядзела на герояў Нормана Роквэла і радавалася: вось ён — момант, калі амерыканскае мастацтва вырвалася на паўкорпусы наперад.


Войны
Мы спыняемся каля бостанскага муніцыпалітэту. Наш гід урачыста паркуе бус, зноў глядзіцца ў люстэрка задняга віду і пачынае: «Ці многія з вас могуць пахваліцца, што служылі свайму гораду ў будынку мэрыі?.. Ішоў 1970 год. Я, малады капрал, які толькі што вярнуўся з В’етнаму, быў прызначаны камандзірамі на пасаду шэфа бяспекі гэтага будынку... Перад вамі — мой былы офіс». Кажучы гэта, ён трымае ў руках партрэт сябе маладога ў парадным мундзіры амерыканскай арміі, як Скарына — Біблію. За дзень ён паспявае зрабіць тры-чатыры кола па гістарычным цэнтры Бостана і, значыць, чатырохкратна ўздымае гэты партрэт па-над стырном свайго аўтобуса.
Турыст з Арэгону ажыўляецца, у вачах — непадробны інтарэс і расчуленасць. Паміж ім і кіроўцам завязваецца кароткая размова на тэму «ў якім палку служылі». Я гляджу на абодвух і разумею, што ветэраны В’енаму акурат уступілі ў век, калі асацыююццаў нас са словам «ветэраны».
Дзве самыя знакамітыя вайны, якія адбываліся ў межах самой Амерыкі, — вайна за незалежнасць і грамадзянская вайна паміж Поўднем і Поўначчу — здаюцца мне гульнямі ў жаўнерыкаў, калі супастаўляць іх з тысячагоддзямі еўрапейскіх войнаў. Амерыканскі настаўнік гісторыі, зразумела, знойдзе, чым запярэчыць, але для нас, еўрапейцаў, гэта былі войны з высакароднымі мэтамі і простай логікай. У адным выпадку акрыялая калонія здабывала самастойнасць («Вось тут, менавіта ля гэтай прыстані ў ваду скінулі гарбату», — неахайна паказвае наш гід). У іншым — харошыя янкі вызвалялі рабоў ад нехарошых плантатараў. У Поўдня, канешне, былі свае пачуцці, пра што сведчыць літаратурны прыклад Скарлет О’Хара, але ў цэлым гэтыя войны — галівудскія паводле драматургіі. (Зрэшты, варта згадаць пра метады, якімі новыя землі адваёўваліся каланізатарамі ў індзейцаў — і ўсё стаецца складаней).
Еўрапейскія войны былі значна больш заблытанымі, чым нам гэта паказвалі на «Беларусьфільме». Асабліва шакавала ХХ стагоддзе, калі ўсе ваявалі супраць усіх, і да 1945 года на кантыненце не засталося падзелу на правых і вінаватых, мірных жыхароў і агрэсараў. Галоўны герой еўрапейскай перамогі — амерыканскі чыноўнік у лагеры ўцекачоў, які выслухвае тваю біяграфію часоў акупацыі і вырашае, ці даваць табе дазвол на жыхарства ў Злучаных Штатах. Еўрапейскія войны — гэта як калі табе шэсць год і ты вяжаш-вяжаш нешта, а вязанне заблытваецца ў камяк нітак, і ты ў роспачы шмякаеш пруткі на падлогу: «Ні-чо-га не вы-хо-дзіць!!!»
Амерыка — гэта адносна ўдалая спроба чалавецтва пачаць усё спачатку.
Кава
Аўтобус спыняецца каля нейкага гатэлю. У яго маршруце гэты прыпынак лічыцца «станцыяй №1». Тут стаяць найдолей, і кіроўца кажа, што гэта добрая магчымасць купіць кавы на вынас. Мы як хочам, а ён пайшоў.
Неўзабаве гід вяртаецца за стырно з папяровым кубкам, і вязе нас далей, піючы каву.
У параўнанні з тым жа аб’ёмам нафты, гэтая чорная вадкасць каштуе ў ЗША непамерных грошай. Але, як жартуюць зласлівыя еўрапейскія турысты, на смак амерыканская кава няшмат чым розніцца ад нафтапрадуктаў. Кава — галоўнае расчараванне «нашых», калі яны трапляюць у Царства Свабоды, галоўным сімвалам якога сталі «Старбаксы» на кожным рагу. «Старбакс» — гэта кававы «Макдональдс», наглядны прыклад таго, як можна за пяць хвілінаў задаволіць дзесяць чалавек адной порцыяй кафеіну, садраўшы пры гэтым непамерныя грошы.
Еўрапейская кава — гэта рытуал, які ўключае больш, чым каву, — адпачынак, давяральнасць, утульнасць. На нашым кантыненце гарады правяраюцца на «еўрапейскасць» тым, ці пануе ў іх кавярнях належная «атмасфера».
Паняцце атмасфернасці існуе і ў амерыканскіх кофе-хаўзах, але гэта атмасфернасць іншага характару. Дзелавітая, крыху мітуслівая. У амерыканскай кавярні будзе хутчэй светла, чым цёмна.
Амерыканцы п’юць каву «на месцы» ці «на вынас». Найчасцей выносяць — папяровыя вядзеркі аб’ёмам да паўлітра. Гэта так званая «цэджаная кава», падобная да еўрапейскага «амерыкана», разбаўленага разоў у пяць. Тэрмакубак-невылівайка — аўтэнтычны сувенір з ЗША. Але ў Еўропе ён будзе, хутчэй за ўсё, пыліцца ў кухоннай шафцы. Еўрапейская кава — рэч інтымная. Яе не выносяць далей за ўласнае жытло, офіс, далей за тэрасу кавярні. Амерыканец наадварот — панясе кубак у машыну, метро, на заняткі ва ўніверсітэце. Кажуць, нямецкія машыны перад продажам у ЗША пераабсталёўваюць на заводзе — дадаюць падстаўку для кавы паміж сядзеннямі.
У амерыканскай каве ёсць адзін паказальны нюанс. Паколькі гэтая кава, як і ўсё навокал, — дэмакратычная, то цукар, малако ці вяршкі, а таксама шакалад, цынамон ці іншыя прысмакі ты дадаеш туды самастойна, ля спецыяльнай стойкі. Еўрапеец, што ссумаваўся па кафеіне, папросту змушаны гэта рабіць — каб прыправы заглушылі вугальны смак купленага напою. Дык вось, калі ты збіраешся дадаваць малако, трэба адразу папрасіць бармэна, каб пакінуў «room for cream» — «месца для вяршкоў». Але часта здараецца, ты забываеш папярэдзіць або бармэн задумваецца і налівае каву, як належыць — па самы верх папяровага кубка. І тады ты нагадваеш: «Рум-фо-крым, пліз!» Бармэн прабачаецца і — плясь! — прыцэльным рухам выплёсквае лішак кавы з кубку проста ў мыйніцу.
У гэтым «плясь» — той акіян, які аддзяляе Амерыку ад Францыі ці Брытаніі. Магчыма, гэта ўсё стэрэатыпы, але цяжка ўявіць сабе, каб па наш бок Атлантыкі так спакойна вылівалі ў мыйніцу нешта, што завуць кавай.
Але самае цікавае пачынаецца тады, калі ты, не турбуючы бармэна, сам падыходзіш да спецыяльнай мыйнічкі пасярод кавярні і — плясь! — сам вызваляеш месца пад малако. Гэта, здаецца, і ёсць тая мяжа, за якой — амерыканізацыя.
Мапы
Аўтобус спыняецца насупраць Бэкан Хіл. Гэты чароўны раён Бостана паўстаў ужо ў XVII стагоддзі і славіцца старасвецкімі дамамі з чырвонай цэглы, будучы сёння адным з самых дарагіх жылых раёнаў Амерыкі. «Вунь там — Бэкан Хіл, — вяшчае наш гід, прасціраючы ў бок узвышша кубак кавы. — Вельмі прыгожае месца. Тут ёсць дамы... — і ён сумленна пералічвае амерыканскіх актораў і палітыкаў, якія жылі або жывуць тут. — Але напрамілы Бог, не хадзіце туды самастойна! Колькі народу заблукала... Гэтыя вуліцы праектавалі першыя пасяленцы. Тут проста як у Еўропе — сам чорт нагу зломіць!»
У пэўны момант, зразумеўшы, што зямлі ў іх шмат, амерыканцы развілі свой стыль праектавання гарадоў. Зазвычай вуліцы перасякаюцца пад простым вуглом ды яшчэ нумаруюцца. Напрыклад, сэрца Вашынгтона: уздоўж ідуць вуліцы А, B, C, упоперак — 1, 2, 3... Трапіць на рог 14 і Н — элементарна, калі ведаеш алфавіт і асновы арыфметыкі. У Чыкага дарогу тлумачаць па баках свету, і на выхадах з метро намаляваны компас. Ходзячы па цэнтры амерыканскіх гарадоў, пачуваешся шахматнай фігурай. Бостан — адно з нямногіх дзівацтваў тамтэйшага горадабудаўніцтва, што, як можна пабачыць, нават пужае насельніцтва.
«Квадратны» прынцып працуе з усёй краінай. Паўсюль, дзе было можна, прэрыя ператварылася ў геаметрычныя палі. Квадратныя — для пшаніцы і кукурузы, круглыя — для гольфу. Мае любімыя амерыканскія штаты — Ваёмінг і Каларада. Яны ідэальна простакутныя — межы праведзеныя па паралелях і мерыдыянах. Але чым бліжэй на Усход, тым болей абрысы штатаў нагадваюць пра Еўропу.
Дзіўна, круцячы глобус, пераводзіць позірк з Амерыкі на Еўропу, дзе кожны выгін дзяржаўных межаў — гісторыя тысяч смерцяў падчас тэрытарыяльных разборак. У Амерыцы ўсё вялікіх памераў. Амерыканцам ёсць дзе разгарнуцца.
* * *
Напрыканцы экскурсіі, калі мы з гідам, здаецца, — адна сям’я, нечакана перастае дождж і вызірае сонца. Я развітваюся і саскокваю на плошчы перад публічнай бібліятэкай — спарудай у неагатычным стылі. Гэта вельмі прыгожа і адначасова — вельмі ненатуральна, нібы Амерыка выставіла дэкарацыі і здымае тут касавы фільм пра Еўропу.
Амерыканскія Усход, Цэнтр і Захад — як гегелеўскія тэзіс, антытэзіс і сінтэз. Усход (Eastcost) нібы пастулюе: «Мы не горш за Еўропу». Цэнтр (Midwest) — заяўляе: «У нас свой шлях». І толькі на скрайнім Захадзе (Westcost) — такім далёкім, што нават Акіян там называюць іначай, — здаецца, зусім не пераймаюцца такімі пытаннямі.
І яшчэ — у параўнанні з Еўропай Амерыка парахнее. Знакамітыя хмарачосы, якія па азначэнні павінны быць сам шык і бляск, зблізку аказваюцца зусім пенсіянерамі ад архітэктуры. Ну так, некаторым з іх ужо за семдзесят! Вельмі дзіўна разглядаць старыя кандыцыянеры ці пракаветныя аўтаматы для паркоўкі. Тое, што прыйшло ў Еўропу як запазычанне са Штатаў нядаўна і зіхаціць бляскам новых тэхналогій, у саміх Штатах — на мяжы зносу. Эканамічны крызіс? Магчыма. Але, здаецца, Стары і Новы свет пакрысе мяняюцца месцамі.