Смяшарыкі і Дзяды Марозы захапілі Мінск
Некалькі сотняў Дзедаў Марозаў і Снягурак сёння сабраліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску, каб запаліць галоўную елку краіны і распачаць калядныя і навагоднія святы.
На працягу амаль гадзіны маленькія і дарослыя жыхары і госці сталіцы мелі магчымасць назіраць за велізарнай колькасцю навагодніх казачных персанажаў пад вядомыя ўсім нам з дзяцінства добрыя і прыгожыя навагоднія песні з мультфільмаў і не толькі. І сённяшнія дзеткі, як і мы ўсе калісьці, са святочным бляскам у вачах весела падхаплялі знаёмыя словы песень і былі гатовы стаць вакол елкі, каб павесці карагоды. Але дзеля гэтага елку трэба яшчэ запаліць. А гэта, як вядома, могуць зрабіць толькі Дзед Мароз са сваёй юнай памочніцай Снягуркай. Якіх трэба яшчэ паклікаць.
Свята распачалі вядомыя сённяшнім дзецям героі мультфільмаў «Смяшарыкі» — Нюша і Кар Карыч. А з імі і Певень — астралагічны сымбаль будучага года.
Смяшарыкі прасілі Пеўня паклікаць Дзеда Мароза, ды вось праблема — гарэзлівыя малпы (сымбаль сыходзячага года) скралі яго голас. Адшукаць і правучыць шкодных малпаў дапамагчы выклікаліся чарапашкі-ніндзя.
Але знайсці малпаў — палова справы. Хоць тыя і замаскіравался пад Дзедаў Марозаў, ніндзя-чарапашкі іх вылічылі. Ды малпы не пажадалі аддаваць голас Пеўню за проста так — толькі калі нашыя героі перамогуць іх у батл-спаборніцтвах.
І смяшарыкі з цінэйджэрамі-чарапашкамі пад рытмы сучаснай музыкі з гэтым умела зладзіліся. Малпам давялося вярнуць голас і Певень нарэшце паклікаў галоўных герояў навагодняга свята — Дзеда Мароза і Снягурку, якія ўрачыста ўехалі ў беласнежнай карэце ў суправаджэнні магутных і вялізных паўночных мядзведзяў.
І вось, пад зваротны адлік, святочны салют і радасныя воклічы дзяцей галоўная елка краіны прыгожа заззяла навагоднімі агеньчыкамі. А цяпер нашыя героі маглі дазволіць Дзедам Марозам і Снягуркам скіравацца ў святочнае шэсце па галоўнаму праспекту горада – праспекту Незалежнасці. І сотні навагодніх і казачных персанажаў з усіх раёнаў горада адправіліся разам з імі дарыць радасць малым і дарослым.