Сапраўдныя паэты не вучацца паэзіі, яны ў ёй жывуць. Да 120-годдзя Тодара Кляшторнага
Многія паэты пачыналі з пошуку сімвала-псеўданіма, які б — як таемны ключ ці код — раскрываў найбольш адметнае і характэрнае ў іх творчасці. Тодару Кляшторнаму рабіць гэта не было неабходнасці: сам лёс паклапаціўся пра тое загадкавае і таямнічае, падарыўшы яму рэдкае і сімвалічнае прозвішча.
Так — кляштар, на лаціне clastrum — называлі і завуць у Беларусі (як і ў Польшчы) каталіцкія манастыры, месцы для абраных адзінотнікаў-пустэльнікаў.
Сын бедных сялян Тодара і Наталлі, які з’явіўся на грэшны свет 11 сакавіка 1903 года ў вёсцы Парэчча колішняга Лепельскага павета, не абраў сабе дарогі рэлігійнага служкі, хоць і быў прасякнуты неўтаймоўнай верай і ўсё сваё кароткае жыццё заставаўся адзінотнікам. Веру тую абуджала ўзвышаная сіла паэзіі, а адзіноту прадвызначыў час, які да той сілы ставіўся карысліва і вернікаў ейнай красы намагаўся ператварыць у сваіх рабоў…
Паэтка Вольга Таполя, якая ведала Тодара Кляшторнага з юнацтва, так апісвала яго знешні выгляд: «Высокі, хударлявы, з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай. І яшчэ быў ён ціхі, спакойны, ураўнаважаны, ніхто ніколі не чуў і не бачыў, як ён злаваўся… Увогуле Кляшторны быў вельмі чулы. Калі хто-небудзь з ягоных калегаў чытаў свой моцны верш, які праймаў да сэрца, у Кляшторнага на вачах набягалі слёзы». А вось згадка пра яго пісьменніка Сяргея Грахоўскага: «У 1931 годзе ўпершыню ўбачыў яго ў Доме пісьменнікаў. Высокі, танклявы, з рудаватымі хвалістымі валасамі, а выраз вачэй па-дзіцячаму збянтэжаны і разгублены. Ён быў неверагодна сціплы і далікатны. Амаль у кожным сказе само па сабе праскоквала “прабачце” і “калі ласка”. Ён кожнаму саступаў дарогу, асабліва губляўся перад жанчынамі, чырванеў, міргаў калматымі, як чмялі, вейкамі і гаварыў заўсёды толькі самае прыемнае. За лірыку і шчырасць вульгарызатары на Кляшторнага чаплялі не толькі бірку “правага папутніка”, але і абвінавачвалі ў больш страшных грахах».
Сапраўдныя паэты не вучацца паэзіі, яны ў ёй жывуць: сталеюць, здзяйсняюць, паміраюць. Так было і ў Тодара Кляшторнага. У яго творчасці не заўважна вучнёўства. Ужо з першых вершаў дваццацідвух-дваццацічатырохгадовага паэта, апублікаваных у часопісах «Аршанскі маладняк», «Полымя», «Маладняк», «Узвышша», стала зразумела, што ў літаратуру прыйшоў творца з адметным талентам і светапоглядам.
Акрамя вершаванай практыкі была і карпатлівая вучоба: у Каменскай сямігодцы, на рабфаку ў Оршы, у Белдзяржуніверсітэце, а таксама вучоба ў вядомых майстроў мастацкага слова і сваіх аднагодкаў, сярод якіх першымі трэба назваць Сяргея Ясеніна, Язэпа Пушчу і Уладзіміра Дубоўку. Было сяброўства ў літаратурных аб’яднаннях «Маладняк» і «Узвышша», праца на радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў, былі ікараўскія ўзлёты і спапяляльныя расчараванні.
Адзін за адным выходзяць паэтычныя зборнікі Тодара Кляшторнага: «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм — на штурм» (1934). У іх — як на пракаветных скрыжалях — паэт увекавечваў законы сваёй мастакоўскай веры, якая грунтавалася на свабодзе вобразнага асэнсавання быцця, на ўсведамленні першаснасці красы як усеабдымнай і стваральнай сілы.
Тодарам Кляшторным было створана і цэлае вязьмо паэм («Калі асядае муць» (1927), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сляды дарог» (1933), «Радзіма» (1934) і інш.), у якіх з дапамогай мастацкай узнёсласці і эпічнай глыбіннасці была не толькі выпісана паэтава рэчаіснасць, але і зроблены адкрыцці-прароцтвы на многія дзесяцігоддзі наперад — і ў сваім мастакоўскім жыцці, і ў жыцці Айчыны.
Першая з названых паэм — «Калі асядае муць» — па праве заслугоўвае месца ў нацыянальным алімпе лірычнай эпікі першай трэці ХХ стагоддзя, — побач з выдатнымі паэмамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы. Аднак гэты твор Тодара Кляшторнага быў названы шкодным і ад часу сваёй першапублікацыі ў часопісе «Узвышша» доўгія 75 гадоў не перадрукоўваўся. Што не перашкодзіла вечнасці творцы: легендарная паэма прайшла выпрабаванне часам, яе шматкроць цытавалі па памяці (асабліва адно з падагульненняў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, // А яшчэ — пад ДПУ (ДПУ — Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў. — Рэд.)»; яна і сёння гучыць па-мастацку бездакорна, спавядальна і прароча. Замоўчванне паэмы аднак перашкодзіла тысячам яе патэнцыйных чытачоў прычасціцца да тых споведзяў і прароцтваў.
Тодар Кляшторны выявіўся найперш паэтам авангарднага мыслення, творцам імажынісцкай школы з яркімі і непаўторнымі перажываннямі, настроямі, пачуццямі, якія ім нібыта і не пісаліся, а выспеўваліся:
Аднак такія спевы і маленні не лашчылі вуха бальшавіцкім ідэолагам, якія сілай вучылі іншай рэлігіі ды іншым багам прымушалі пакланяцца. Эстэтычна вытанчаныя вершы Тодара Кляшторнага, у якіх апяваліся адвечныя чалавечыя пачуцці, гучалі экзістэнцыяльныя роздумы аб жыцці і смерці, выяўляліся традыцыйныя ў паэзіі матывы смутку ад усведамлення непазбежнай несуладнасці паміж светам ідэальным і дадзеным, паміж духоўным і рэальным, — такія вершы тагачаснай вульгарызатарскай крытыкай успрымаліся варожа: як упадніцкія, бездапаможныя, шкодныя.
Атмасфера таталітаршчыны нявечыла і спусташала. Як жыць верніку паэзіі ў скрутным часе ашуканства і бяздушша? У лірыцы ўзмацняюцца ноты песімізму, суму, лёсавай безвыходнасці і прадвызначанасці, усё часцей вершаваныя радкі заканчваюць не колішнія сцвярджальныя клічнікі, а трывожныя пытальнікі:
Я усхвалёваны чагосьці,Чамусьці сэрца гэтак ные?Ці па далёкай маладосці?Ці над памылкамі сваімі?
Трагічную безвыходнасць паэт спрабуе лекаваць «бахусавым зеллем», становіцца адным з дзейсных сяброў багемнай суполкі ТАВІЗ — Таварыства аматараў выпіць і закусіць. На пасяджэннях гэтага «таварыства» без старшыні і сакратара за куфлем піва ці келіхам віна збіраліся тыя, хто не мог успрыняць вяршынства пралетарска-класавага мастацтва і хто не жадаў перахрышчвацца ў новую веру. Там чыталіся творы, якія пісаліся для сябе і якія не маглі прабіцца ў друк. Такая беларуская багема была своеасаблівым выклікам тагачаснай сістэме, супрацівам масавасці-«калгаснасці» ў пісьменніцкім жыцці.
Аднак і ў гэтым пільным «стваральнікам новага свету» бачылася крамола і непаслушэнства. За ўдзел у ТАВІЗе Тодара Кляшторнага не прынялі ў Саюз савецкіх пісьменнікаў — ён лічыўся толькі кандыдатам у яго члены…
Свой апошні верш з сімвалічнай назвай «Песня пра вясну» паэт змог апублікаваць 27 сакавіка 1936 года. У пачуццях і паэзіі яшчэ жыла непакорная вясна, а ў жыццё надыходзіла восень нябыту. Восенню таго ж года Тодара Кляшторнага беспадстаўна арыштоўваюць і пасля доўгіх месяцаў допытаў і катаванняў у мінскай «амерыканцы» выракаюць да вышэйшай меры пакарання. Паэтава жонка Яніна Міхайлаўна Германовіч (1909 – 1959) з малодшай дачкой Маяй была выслана ў Акмолінскі карлагер, а старэйшых дзяцей (Тадзіяну і Весналіну) выхоўваў сталінскі дзіцячы дом.
30 кастрычніка 1937 года паэта «свабоднай і шчаслівай» краіны расстралялі. Яго спакутаванае цела знайшло свой вечны супакой ці ў мінскім парку Чалюскінцаў, ці ў Курапатах.
А з душой гэтага шчырага паэтычнага верніка, увекавечанай у яго лепшых творах, ідэолагі той жа «свабоднай і шчаслівай» не спяшалі знаёміць яго суайчыннікаў. Толькі ў 1960 годзе выйшла выбранае з паэзіі Тодара Кляшторнага «Залатое вязьмо», а ў 1970-м — «Выбраныя вершы». Па прычынах цэнзурных у іх не маглі ўвайсці шматлікія эстэтычна вытанчаныя вершы паэта, яго паэтычныя запаветы і тэстаменты…
Імя яго павінна па праве гучаць у адзіным пантэоне тых нацыянальных сейбітаў духа, хто — як колісь сказаў пра іх сам Тодар Кляшторны —
… пад шляхамі ў сонечнае ранне,Дзе шапаціць бярозавы абрус,Аддаў душу за вечнае змаганне,Распяў душу за маці-Беларусь…