Прэзентацыя вынікаў кампаніі "1863"

15 снежня Грамадзянская культурна-гістарычная кампанія “1863” праводзіць канферэнцыю, на якой шырокай публічнасці будуць прэзентаваныя тыя напрацоўкі, культурныя артэфакты, якія з’явіліся ў межах кампаніі ў 2013 годзе. Такім чынам арганізатарам і куратарам праекта хацелася б яшчэ раз акцэнтаваць увагу на такой важнай для беларускай гісторыі падзеі, як Паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.



kalinovski.jpg

Афіша канферэнцыі кампанія "1863"

2013 год у Беларусі быў адзначаны з’яўленнем немалай колькасці падзей, прысвечаных тэме Паўстання 1863-64 гадоў і постаці Кастуся Каліноўскага, што ў значнай ступені звязана з "юбілейным" характарам гэтага года (150 год Паўстання). Сярод гістарычных дыскусій, прэзентацый кніг, культурніцкіх праектаў і праведзеных фэстаў былі як тыя, пра якія гучна пісалі ў СМІ, так і тыя, пра якія казалі ў больш вузкіх колах спецыялістаў. Даволі значная частка такога кшталту ініцыятыў была здзейсненая ў межах Грамадзянскай культурна-гістарычнай кампаніі “1863”. Дзейнасць кампаніі разгортвалася ў вельмі розных фарматах, у выніку чаго да яе на працягу года далучыліся беларускія даследчыкі (гісторыкі, палітолагі), спецыялісты ў справе распрацоўкі экскурсій, рэканструкцыі гістарычных строяў, мастакі, літаратары, музыкі.
 

У праграме — віртуальныя экскурсіі–прэзентацыі “Паўстанне 1863. Вілейшчына” і “Паўстанне1863. Слонімшчына”; сустрэчы-гутаркі з аўтарам і рэалізатарам ідэі “Коміксаў пра паўстанне” -Анатолем Івашчанкам і Ўладзімірам Дрындрожыкам, размова пра кнігу Генадзя Кісялёва “Смак Беларушчыны”; прэзентацыя адноўленых паўстанскіх строяў, уручэнне экскурсійных матэрыялаў беларускім ліцэнзаваным гідам, а таксама - смыковая музыка шляхецкіх падворкаў сярэдзіны 19ст. у выкананні капэлы Алеся Лася.


Прэзентацыя будзе праходзіць у залі кафэ “Лофт” (П. Броўкі, 22), пачатак а 11.30 (рэгістрацыя ўдзельнікаў — а 11.00).

Калі Вас зацікавіла падзея і Вы хацелі б далучыцца да ўдзелу, просім даслаць заяўку (у вольнай форме) на адрас нашага каардынатара: julia.hurska@gmail.com +375297422040 (Юлія Галіноўская)