Pauline прэзентавалі свой дэбютны альбом (фотарэпартаж)
Пасля двух гадоў
існавання калектыў спявачкі Паўліны Цімохінай 22 студзеня прадставіў у мінскім
клубе «TNT» сваю першую кружэлку. Яна атрымала назву
«Адчувай».
Гэты альбом, па словах музыкаў, мусіць стаць кшталту выніковай рысы, якая
скончыць адзін этап ў развіцці гурта і дасць магчымасць пачаць новы, зусім іншы
этап.
Альбом «Адчувай» увабраў у сябе ў большасці лірычныя і меланхалічныя творы.
Усё гэта гісторыі чалавека тонкага, шчырага, ранімага, які можа нават дзесьці
заблытаўся, але ў той жа час чалавека моцнага, які заўсёды беражліва хавае
надзею на нешта лепшае.
Каханне і нянавісць, жорсткасць і пяшчота, рэальнасць і мары, рамантыка і
смутак — спалучэнне на першы погляд не спалучальнага, вось што робіць музыку Pauline цікавай,
прыцягальнай і шчырай.
Дэбютны альбом уключае ў сябе значныя для творчай гісторыі гурта песні:
«Пачакай» і «Цябе», над якімі працавалі Даніэль Перцаў, Андрэй Баброўка і Павал
Трацяк, а таксама песня «Людзі, дзе вы?» на словы беларускай паэткі Ірыны
Багдановіч. Гэтая песня перамагла ў конкурсе «Заспявай 3.0» у намінацыі
«Спяваная паэзія».
Не трэба шукаць у ім нейкія патаемныя і глыбокія філасофскія сэнсы. Гэтая
музыка, перш за ўсё, — настрой, пачуцці, думкі. У вашай галаве ўсё гэта заўсёды
дакладна падпарадкоўваецца логіцы? Напэўна, не. І музыку патрэбна проста
адчуваць. Галоўнае — слухаць душой.
Паслухаць альбом можна тут:
https://soundcloud.com/pauline-music/albums