Пасля «Дыктатара»: у Беларусі збіраюць грошы на кнігу філасофскіх вершаў для дзяцей

Кніга-карцінка «Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас» стане падарожжам у экзатычныя мясціны ўнутранага свету чалавека — няважна, маленькага ці дарослага.

zvjary.png


Выдавецтва KOSKA збірае перадзамовы на кнігу шведскага пісьменніка Ульфа Старка і фінскай ілюстратаркі Лінды Бундэстам, вядомых у Беларусі дзіцячай кнігай «Дыктатар».

Тады, у 2012 годзе, Ульф Старк наведаў Мінск і Магілёў, дзе сустракаўся з чытачамі. У названай кнізе апавядалася пра змены ў характары дзіцяці, калі яно пачынае паводзіцца як сапраўдны маленькі дыктатар і спрабуе ўсімі кіраваць.

apisanne_knihi.png

Цяпер жа беларусам прапануюць пазнаёміцца са зборнікам вершаў і малюнкаў «Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас». Гэтая кніга-карцінка стане падарожжам у экзатычныя мясціны ўнутранага свету чалавека — няважна, маленькага ці дарослага.

Вершы з ненадакучлівай рытмікай апавядаюць пра Качэўліка, Эскалопа, Слязёўну, Бубуха, Клыпантропку, Марскога гіганта і іншых дзівосных істот. Чым яны жывуць і як глядзяць на гэты свет? Ці нагадваюць у чымсьці нас саміх? Дзеці змогуць неўпрыкмет задумацца над гэтымі пытаннямі, слухаючы ці чытаючы вершы і разглядаючы на кожнай старонцы малюнкі адной з самых выбітных сучасных ілюстратарак Паўночнай Еўропы.

makmaki_1260.jpg

Вось як Лінда Бундэстам шукала вобразы звяроў з гэтай кнігі: «Я хадзіла па прыродна-краязнаўчых музеях і рабіла эскізы розных жывёл, але хутка заўважыла, што разнастайнасць прыроды не пераўзыдзеш, ды і сумна ўвесь час глядзець на чучалы. І тады я пачала назіраць за наведнікамі музеяў і ўяўляць іх унутраных звяроў.»

Перастварыла кнігу па-беларуску Алеся Башарымава, у перакладах якой выходзілі кнігі Тувэ Янсан пра мумітроляў, кнігі-карцінкі Эвы Сусы і Бэнжамэна Шо «Снежны чалавек», Ульфа Нільсана і Эвы Эрыксан «Найлепшы спявак у свеце» ды іншыя.

Надзя Кандрусевіч і Алеся Башарымава на выспе Готланд 

Надзя Кандрусевіч і Алеся Башарымава на выспе Готланд 


«Вобразы незвычайных звяроў сустрэліся мне яшчэ ў папярэдняй кнізе Ульфа і Лінды, пакуль не выдадзенай па-беларуску, — гаворыць Алеся. — Тады яны ўразілі мяне ўжо толькі сваімі вобразамі і назвамі. Таму мне было за шчасце трымаць у руках і перакладаць цэлую кнігу дасціпных вершаў пра гэтую бясконца разнастайную фаўну. Хачу падзяліцца гэтым цудам і таму спадзяюся на шырокую падтрымку краўдфандынг-кампаніі!»

Даведацца падрабязней пра кнігу, падтрымаць кампанію і зрабіць перадзамову кнігі можна на сайце Ulej.by.

Даведка:

Ульф Старк (1944 — 2017) — вядомы шведскі дзіцячы пісьменнік. Яго кнігі спалучаюць неверагоднае пачуццё гумару і глыбіню і сур’ёзнасць тэмаў. Ульф Старк казаў: «Мне падабаецца пісаць такія кнігі, у якіх не ўсё адразу зразумела». Некаторыя іншыя яго кнігі: «Ці ўмееш ты свістаць, Юхана?»,  «Хай танчаць белыя мядзведзі», «Цудакі і зануды».

Лінда Бундэстам (нарадзілася ў 1977годзе ў Хельсінкі) — адна з найбольш выбітных сучасных ілюстратараў паўночных краін. З Ульфам Старкам зрабіла некалькі кніг, адна з іх — «Дыктатар» — выйшла па-беларуску ў 2012 годзе. З кнігай «Звяры…» намінавалася на Аўгустаўскі прыз, атрымала прэмію «Снежка» за найлепшую шведскую кніжку-карцінку 2016 года і прэмію Рады Паўночных краін у 2017 годзе.

Перакладчык — Алеся Башарымава, у перакладах якой па-беларуску выйшлі кнігі Тувэ Янсан пра мумітроляў, кнігі-карцінкі Эвы Сусы і Бэнжамэна Шо ды Ульфа Нільсана і Эвы Эрыксан, а таксама паэзія Эдыт Сёдэргран і нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера.

facebook.com/basharymava

Выдавец — Надзя Кандрусевіч, якая ў 2018 годзе стварыла выдавецтва Koska, што выпускае якасную шведскую дзіцячую літаратуру па-беларуску. Тут выйшлі кнігі Юі Вісландэр і Свэна Нурдквіста Маму Му, кніга Юі Вісландэр «Ёрдзіс», а таксама кніга-карцінка Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча»

facebook.com/publishinghouseKoska

 

bubuh.jpg

Бухбух

Некаторыя вершы з кнігі «Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас»

Нябачаныя звяры

Нябачаныя намі ёсць звяры

на сушы і пад воднаю паверхняй.

Яно й няхай!

Ты толькі вушы вострымі трымай —

тады табе пашчасціць і, павер мне,

ты ўчуеш іх чырыканне ці рык.

 

Кракавяк

«Птушкі ціўкаюць хорам.

Не песні, а нейкі сорам.

Думаюць, што ўсім любыя

іх піскі мізэрнадзюбыя.

 

Але гэтак добра спяваць, як я

Не ўмее ніхто, — сказаў Кракавяк, —

і так запяяў:

Крак-крак, крак-крак, крак-крак!»

 

Бубух

Бух-бух-бух —

ад маёй хады

усе на ўвесь дух

бягуць хто куды.

 

І вось я самотны, дарэмна іх клічу.

Што мне рабіць з такім абліччам?

 

Паводле прэс-рэлізу