«PARTY-zan фільм» без партызанаў
У Мінску
стартавалі здымкі новай беларускай камедыі «PARTY-zan фільм» сцэнарыста і
рэжысёра Андрэя Курэйчыка. Яшчэ адна беларуская стужка пра вайну? Не. І не пра
вайну, і не пра партызан у беларускіх балотах.
Фільм пра траіх маладых авантурыстах, якія мараць хутка і лёгка разбагацець. Іранічны погляд на беларускі фільммейкінг як на фабрыку па вытворчасці кіно пра вайну.
Героі фільму — маладыя праграміст, бізнесмен і дзяўчына. Два сябра, як і многія іх аднагодкі, вырашаюць разбагацець. І грошы ім патрэбны адразу і шмат. Пры гэтым яны не прыдумляюць нічога лепшага, як прыкінуцца беларускімі кінапрадзюсарамі маскоўскай кінагрупе, для якой бяруцца зняць некалькі ваенных сцэн.
Урывак з першай сцэны:
ДЗЯНІС сядзіць перад камп’ютарам і складае ліст масквічам. ЛЁХА ходзіць за яго спіной туды сюды і шматзначна дыктуе…
ЛЁХА: Кампанія “Партызаны кіно” мае велізарны досвед у вобласці кінавытворчасці…
ДЗЯНІС: Мае?
ЛЕХА: Мае, мае…
ДЗЯНІС: Ох, пасадзяць нас, Лёха…
Прадчуванне праблем яго не падводзіць. Модны маскоўскі рэжысёр і знакаміты аператар ужо прыехалі ў Беларусь, на пад'ездзе расійскія кіназоркі… І пачынаючым прадзюсарам цяпер свеціць сутыкненне з бандытамі і турма за махлярства.
Пачатак здымак стужкі адзначыўся канцэртам
у бары “Bristle” беларускіх музыкантаў, такіх як Піт Паўлаў (які стаяў у
вытокаў N.R.M.), Лявон Вольскі,NAKA, Андрэй Маркуц, Пётр Клюеў і іншыя.
Здымкі працягнуцца прыкладнага да 20 жніўня і пройдуць у Мінску, Брэсце, і паміж Мінскам і Брэстам. Увойдуць у стужку і кадры здымак фільма пра Брэсцкую крэпасць, рэканструкцыя абароны 22 чэрвеня 1941 года, якую Андрэй Курэйчык наведаў сёлета.
Герояў для праекта шукалі некалькі месяцаў.
Галоўныя ролі выканаюць узыходныя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр
Душачкін (у ролі Дзяніс, IT-шніка), Аляксандр Тарасаў (Аляксей, бізнесмен),
Аліса Аўчыннік (Марта, дзяўчына з Брэста).
Акрамя маладых артыстаў у “PARTY- zan фільм” прымуць удзел і шмат зорак беларускага кіно. Плануецца, што сыграе і беларуская зорка камедыйнага жанра Эвеліна Сакура, якая бліскуча выканала сваю экстравагантную ролю у “ГараШы”.
Чаму такая назва фільма?
Як кажа з пэўным
жартам сам Андрэй Курэйчык — партызанскае існаванне, уласцівае беларусам цягам
вякоў, мае і культурны кантэкст. І для творчай групы фільма рабіць незалежнае
кіно — гэта таксама пэўная культурная партызаншчына.
Апроч таго, назва стужкі
не выпадкова толькі сугучная з партызанамі, насамрэч перакладаецца як
“Вечарынка-фільм” (“Party”,
англ. — “Вечарынка, тусоўка”) і хутчэй будзе нагадваць “Хлапечнік у Вегасе”,
ці, больш верна сказаць — у Брэсце. З аднаго боку гэта будзе прыгодніцкая
камедыя, з іншага — даследаванне нашай культурнай прасторы: чаму мы з большага
з’яўляемся кінобазай для расіян, і самі здымаем вельмі мала, хаця і маем
патэнцыял.
Плюс фільм яшчэ з гумарам паказвае беларускую мару: “як зарабіць шмат, хутка і пажадана нічога асоба не робячы”.
Стужка з большага рускамоўная, але характэрна, што ў беларускіх фільмах Андрэя Курэйчыка заўсёды ёсць беларуская мова. У “ГараШы” — Багдановіч, у “Вышэй за неба” — Вінсэнт, які размаўляў толькі па-беларуску. І тут будзе герой які будзе гаварыць па-беларуску. Беларускай мовы будзе не шмат, але яна будзе абавязкова ў адным з эпізодаў, адлюстроўваючы рэальную сітуацыю з моваю ў Беларусі.
Фільм стане іранічным люстэркам нашай
сучаснасці 2016 года. Без усякага
палітычнага падтэксту. Бюджэт фільма пакуль не вядомы, але будзе ў 2-2,5
разы больш, чым у папярэдняй карціны “ГараШ”, на стварэнне якой сышло меньш за
5 тысяч долараў. Пры гэтым каманда ставіць перад сабой задачы дабіцца не
камерцыйнага поспеху. Для яе больш важна прывабіць гледача, каб хоць нейкія
беларускія фільмы час ад часу прыцягвалі беларускага гледача ў кінатэатры.
Прэзентацыя трэйлера запланавана на 15 лістапада 2016 года. Пракат фільма запланаваны пад Новы год, з 29 снежня 2016 года.