Палац у цэнтры Гродна ніхто не хоча купляць

Аўкцыён па продажы палацавага комплексу 18 стагоддзя ў парку Жылібера ізноў не адбыўся, бо не было пададзена ніводнай заяўкі.

hrodna_palac_czacviarcinskikh.jpg


Як паведамляе рэсурс hrodna.life, шостыя па ліку таргі па продажы старога будынка павінны былі прайсці ў панядзелак 20 лістапада, але з-за адсутнасці пакупнікоў чарговы раз праваліліся. З малатка палац Чацвярцінскіх, многім больш вядомы як ваенная камендатура, павінен быў сысці не менш чым за 1,2 млн долараў.
Напярэдадні аўкцыёну хадзілі чуткі, што палацавым комплексам зацікавіліся кітайскія інвестары, якія нібыта планавалі з яго зрабіць сучасную гасцініцу. Але і ад азіяцкіх пакупнікоў не паступіла заявак.

Адрэстаўраваць за чатыры гады


Па ўмовах таргоў новы ўласнік палаца можа рэканструяваць яго пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння. Ён павінен падпісаць ахоўнае абавязацельства і на працягу наступных чатырох гадоў правесці капітальны рамонт палаца і ўвесці яго ў эксплуатацыю. Акрамя самога палаца з усімі прылеглымі будынкамі агульнай плошчай 2,5 тыс.кв.м пераможца таргоў таксама атрымае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай каля 89 сотак на 50 гадоў.

З гісторыі будынка


Палац будаваўся ў 1770-я гады як медыцынская акадэмія. Пасля Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў будынак князям Чацвярцінскім. З сярэдзіны XIX стагоддзя князі частку палаца здавалі ў арэнду паштова-тэлеграфнай канторы, а пазней – інтэрнату Другога армейскага корпуса і ўпраўленню павятовага вайсковага начальніка. Амаль да самага пачатку Другой сусветнай вайны шэраг памяшканняў выкарыстоўваўся пад здымныя кватэры. У адной з такіх кватэр у 1890 г. нарадзіўся вядомы польскі археолаг і нумізмат, заснавальнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юзаф Ядкоўскі. Амаль адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны палацавы комплекс быў перададзены ваеннаму суду і камэндатуры Гродна, дзе яны і размяшчаліся да 2014 года.