«Пакрыўджаныя». Жорстка і шчыра
У пятніцу, 27 кастрычніка, прайшла чытка новай п’есы Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Расія». Думкі без купюр і цэнзуры вядомага беларускага драматурга, погляд на тое, што сёння адбываецца ў Расіі і на постсавецкай прасторы. Шчыра і часам жорстка — пра «Мацільду», Сярэбранікава і шмат іншае.
У складаныя часы Савецкага Саюзу, калі большасць баялася казаць праўду, толькі асобныя людзі з творчай інтэлігенцыі не ішлі насуперак сумленню, а імкнуліся данесці праўду, вучылі жыць з адкрытымі вачыма і не баяцца выказваць свае думкі. Хоць за гэта і пакутавалі, нават ад таго ж грамадства, якое імкнуліся абудзіць ада сну. Гэтакія людзі ёсць і сёння.
На беларускай прасторы такім, напэўна, можна назваць Андрэя Курэйчыка. Ён не палітык, адносіцца выключна да творчай інтэлігенцыі. І не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Не баіцца ўступаць у адкрытыя спрэчкі з чыноўнікамі, адстойваць сваю правату нават перад міністрамі. Вядомы беларускі рэжысёр часта бывае ў суседняй Расіі, мае добрыя зносіны з творчай элітай і ведае, што там адбываецца насамрэч, а не тое, што нам імкнуцца навязаць з экранаў тэлевізара.
Свой пункт гледжання на тое, што адбываецца ў суседняй краіне, Андрэй Курэйчык паспрабаваў бесстаронна адлюстраваць у першай частцы будучай трылогіі «Пакрыўджаныя. Расія» (у будучым яшчэ чакаюцца часткі пра Беларусь і Украіну). У зале Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прайшла чытка п’есы ў рэжысуры Рамана Рыбака. Чытка — гэта адмысловая форма рэпетыцыі п'есы, дзе акцёры чытаюць п'есу па ролях перад групай слухачоў. Часам чытка ператвараецца ў добры камерны спектакль.
Нешта падобнае адбылося і гэтым разам. Ролі чыталі акцёры тэатра і кіно Іван Шчатко,Аляксандр Тарасаў і іншыя. А сярод гледачоў назіралі за тэатральнай дзеяй такія вядомыя беларускія літаратары як Уладзімір Някляеў, Дыяна Балыка, рэжысёры і драматургі, акцёры і студэнты тэатральнага ВУЗа, шэраг блогераў і журналістаў.
Як заўсёды, у Курэйчыка атрымалася стварыць добрую правакацыю, якая не пакіне абыякавым кожнага, як эстэтаў, так і людзей, далёкіх ад тэатра. Больш таго, п’еса можа выклікаць як абурэнне, так і захапленне адначасова. Напэўна, каб яе зразумець цалкам, трэба паспрабаваць абстрагавацца ад уласных эмоцый і поглядаў і зірнуць на яе, як на погляд збоку.
Падаецца, менавіта так аўтар і пісаў п’есу. Аб’ектыўна, не дадаючы ўласных эмоцый, а паказваючы сітуацыю ў суседняй краіне як ёсць — без прыкрас і нічога не ідэялізуючы. Шчыра пра людзей, якія маюць уплыў на думкі людзей у сучаснай Расіі, не важна — пазітыўна гэта ці наадварот. Курэйчык узяў тэмы, якія так ці інакш уплываюць на Расію, тое, што з’яўляецца яе нервам.
Персанажы ў п’есе зборныя, але за некаторымі вобразамі лёгка пазнаюцца канкрэтныя персаналіі. Сярод такіх вобразаў былі персанажы: «Праваслаўны», «Ліберальны», «Нетрадыцыйны», «Галоўны», «Раённы», «Далёкая» і «Каўказская». І ў кожнага свая крыўда. Але ёсць і крыўды, якія іх аб’ядноўваюць. За роляй «Галоўнага» лёгка пазнаецца вобраз таго, хто сёння з’яўляцца галоўным у Расіі, з яго імперскімі замашкамі і папулісцкімі лозунгамі.
У вобразе «Праваслаўнага», падобна, што сабраны вобраз сённяшняй РПЦ, якая, нажаль, забываецца пра духоўную сутнасць і таксама часам далучаецца да імперскіх гульняў і прапагандысцкай машыны. Усе гэтыя «крыўды пачуццяў вернікаў» часам падаюцца далёкімі ад сапраўднай веры і шчырых пачуццяў любві і прабачэння.
У вобразе «Ліберальны» мы пазнаем сучасных вольнадумцаў і прыхільнікаў свабоды слова Кірыла Сярэбранікава ды Ксенію Сабчак.
«Нетрадыцыйны» — прадстаўнік сэксменшасцяў, вытанчаны і чуллівы, а «Раённы» — поўная яму супрацьлегласць — гопнік са спальнага раёна, які не саромецца моцных выразаў і абуральных паводзінаў.
«Далёкая» — ураджэнка Данбаса, якая прагне вырвацца з гарачага і дэпрэсіўнага рэгіёну любым коштам, хоць у Расію. Але ўсе яе планы рушацца, калі аўтобус, у якім яна ехала, трапляе не міну.
«Каўказская», прадстаўніца каўказскага мусульманскага свету, хоць і моцна звязана з Расіяй, аднак не мае да яе добрых эмоцый, памятаючы нядаўні вайны канфлікт.
На першы погляд падаецца, што ўсе гісторыі, якія апавядаюць персанажы, не маюць нічога паміж сабою агульнага, настолькі яны адрозніваюцца. Але па ходу п’есы незаўважна небачная нітка іх настолькі спалучае і пераплятае іх лёсы, што здзіўляешся, як аўтару атрымалася настолькі ўсё выбудаваць у лагічны ланцужок, што пад канец іх гісторыі аказваюцца настолькі цесна злучанымі.
Аўтару атрымалася іх аб’яднаць, хоць кожны мае свае праблемы, уласны светапогляд і сваю гісторыю, якая кардынальна адрозніваецца ад іншых.
Курэйчык ускосна закрануў і нашумелы фільм «Мацільда», і праблемы з ЛГБД у Чачні, і ваенныя канфлікты і трагедыі зламаных лёсаў у той жа Чачні і на Данбасе. На думку аўтара артыкула, вельмі моцным атрымаўся вобраз чачэнскай маці. Складаная гісторыя гэтага народа, яго філасофія, боль жанчын-маці, светапогляд — усё вельмі складана і заблытана.
Але рэжысёру і актрысе, якая ўвасабляла гэты вобраз, падаецца атрымалася перадаць пасыл аўтара. Вельмі моцна і пранікліва выканаў сваю роллю і Аляксандр Тарасаў, хоць яго вобраз і быў вельмі правакацыйным для нашага менталітэту.
Не менш цікавай атрымалася і абмеркаванне п’есы пасля яе прачытання. Больш таго, на яго варта было застацца, бо п’есу не назавеш лёгкай для ўспрымання. Яна не з разраду забаўляльных, хутчэй — для інтэлектуалаў. І ў некаторых момантах вельмі было цікава разабрацца з самім аўтарам. Многія адзначылі як яе моцныя бакі, так і выказалі свае пажаданні, што б яны дадаткова хацелі пабачыць.
Бо ўсе пункты гледжання на сённяшнюю сітуацыю ў адной п’есе, зразумела, адлюстраваць немагчыма фізічна. І зразумела — не ўсе «пакрыўджаныя слаі» ў ёй закрануты. Напрыклад, пісьменніца Дыяна Балыка, якую як маладую маці вельмі хвалюе тэма бацькоўства, параіла звярнуць увагу на прыёмныя сем’і.
У цэлым станоўча выказаўся ў адносінах да п’есы і да творчасці Андрэя Курэйчыка Уладзімір Някляеў: «У цябе багатая фантазія. У цябе ёсць адна якасць, вельмі важная для мастака – разуменне таго, што адбываецца ў самім чалавеку». Рэжысёр-пастаноўшчык п’есы на пытанне ў чым пасыл і праблематыка п’есы адказаў так: «Праблема п’есы ў тым, што ёсць шмат праблем, але ніхто іх не вырашыць».
У многім п’еса атрымалася дакументальнай. Вербаціма, па словах аўтара, у п’есе каля 40%. Шмат чаго выкарыстана з агучаных думак яго знаёмых на форумах інтэрнета. Гэта жывыя рэакцыя канкрэтных людзей на тое, што сёння адбываецца ў Расіі і па-за яе межамі. Пры тым што вобразы аўтар паспрабаваў перадаць, не вылучаючы каго-небудзь як лепшага ці горшага персанажа.
Андрэй Курэйчык падчас абмеркавання п’есы адзначыў, што ў яго ёсць свая кропка погляду, але ў п’есе яна не адлюстравана. Пры напісанні п’есы «Пакрыўджаныя. Беларусь», магчыма яна і будзе. Будзе і ў «Пакрыўджаныя. Украіна». Але гэта ўжо планы на будучыню. Пачакаем працягу трылогіі.
Урыўкі з п’есы ў хуткім часе можна будзе пабачыць у сеціве.