Не баіцца старасьці, сьмерці, вайны, аберагае нацыю. Сусьветна невядомая пісьменьніца Ліна Кастэнка
Україна змагаецца ў цяперашняй вайне супраць расейскай барбарыі ня толькі на рэальных палях боек, але і на іншых, менш вядомых і часта нябачных франтах. Нябачныя ваяры часьцяком застаюцца ў ценю. Да такіх ваярак належыць і жывая клясыкіня ўкраінскай літаратуры 92-гадовая пісьменьніца і паэтка Ліна Кастэнка, якая аптымістычным, а часам скрушным словам змагаецца за незалежнасьць і перамогу.
У ейнай памяці яшчэ захоўваюцца ўрыўкі масакры Другой сусьветнай вайны, таму яна не баіцца новай вайны, якую дзіўным чынам прадбачыла ўсе 30 год украінскай незалежнасьці. І якую апісала-насурочыла ў вершах і ў сваім рамане-бэстсэлеры «Записки українського самашедшого» (менавіта не вар'ята, а «самашэдшага», тут важна ўлічваць уплыў суржыку і прынцыповае адрозьненьне ад Гогалева твору «Запіскі вар’ята»).
Ейны слынны верш 2014 году, калі Расея ўпершыню напала на Ўкраіну, сяньня ўспрымаецца, як ніколі вусьцішна і прароча:
І жах, і кроў,Сьмерць і адчай,І гвалт драпежнай арды,Маленькі шэры чалавекСтваральнік чорнае бяды.Зьвер жудаснае пароды,Лах-Нэс халоднае Нявы.Куды вы глядзіцё, народы?!Сяньня мы, а заўтра — вы.
Пісьменьніца належыць да загартаванай Галадаморам, рэпрэсіямі, бомбамі і атамам нацыі і пакаленьня («Мы ўнікальная нацыя. Нашых хлебаробаў марылі голадам. Рэжысэры ставілі спэктаклі ў канцлягерах. Паэтаў хавалі ў вечнай мерзлаце. У каго яшчэ ёсьць атамны саркафаг? А мы маем»). Ёй вядомыя бомбы ўранку зь дзяцінства, таму калі зноў бамбавалі Кіеў і наваколіцы расейскія нападнікі, яна не спускалася ў сховішча. Хоць пэўны час была ў здранцьвеньні і не магла пісаць.
Але хутка паэтка схамянулася і ўзялася за пяро. У свае 92 гады паэтка-шасьцідзясятніца застаецца натхніцелькай нацыі і войска, якая не баіцца старасьці, сьмерці, вайны — яна піша, выступае, раіць і аберагае нацыю.
Так зусім нядаўна яна атрымала францускі Ордэн Ганаровага легіёну. Падчас атрыманьня ордэну кпліва і слушна заўважыла, што не чакала такой увагі, бо належыць да «сусьветна невядомай літаратуры». Вайна расплюшчыла вочы сьвету, Эўропе, Францыі, якія зь вялікімі спазьненьнем адкрылі і пабачылі акрамя Расеі Ўкраіну ды іншыя нацыі ва Ўсходняй Эўропе. Раней праз русафілію Францыя пачкамі ўручала ордэны Ганаровага легіёну шматлікім расейцам, у тым ліку Пуціну, цяпер жа вінавата павярнулася і да нацыі, якую вынішчаюць на вачох усяго сьвету.
А яшчэ для многіх украінцаў Ліна Кастэнка — сумленьне нацыі, бо яшчэ ў 1960-1970-ыя яна крытыкавала КПСС, праз што дзесяцігодзьдзе не выходзілі ейныя кнігі і з пляну здымаліся ейныя сцэнары фільмаў. Пасьля Чарнобыльскай трагедыі пачала езьдзіць у экспэдыцыі ў зону адчужэньня, каб зьбіраць і запісваць этнаграфічныя матэрыялы багатай палескай культуры, зьнішчанай і раскіданай па сьвеце па віне саветаў.
Многія журналісты, якія жадалі ўзяць інтэрвію ў слыннай паэткі, адпраўляліся ўсьлед за ёй у чарнобыльскую зону і толькі там ім удавалася атрымаць адказы. У 2010 годзе яна адкрыта крытыкавала Януковіча за арышт Юліі Цімашэнкі, у 2014 годзе неаднаразова езьдзіла ў зону АТА, натхняючы байцоў Нацгвардыі і Узброеных сілаў Украіны. І сяньня пісьменьніца сьмела выказвае думку як пра расейцаў, так і пра ўкраінцаў. Пра першых усё ясна здаўна: «гэта народ нявольны, інэрцыйны», але раней яна не магла ніводнага дрэннага слова сказаць пра расейцаў. Аднак пасьля нападу Расеі на Ўкраіну расейцы заслугоўваюць толькі нянавісьці, на думку паэткі. Да часткі ўкраінцаў, якія застаюцца «маларосамі», яна таксама ставіцца крытычна, прынцыпова і рэзка: гэта хвароба, якая паслабіла ўкраінскую нацыю. Вайна ж, на ейную думку, усё зьмяніла: людзі збольшага паразумнелі і актывізаваўся працэс узмацненьня ўкраінскай нацыі.
У апошнія гады і месяцы ва ўкраінскім сеціве безьліч разоў цытуецца слыннае выказваньне Ліны Кастэнкі: «Нацыі паміраюць не ад інфарктаў. Спачатку ім адымае мову». Падаецца, гэтае пасланьне ўжо не пагражае ўкраінцам, але ж як ніколі актуальным застаецца яно для беларусаў.
Наагул Ліна Кастэнка блізкая і вядомая беларус-к-ам — ейныя вершы здаўна перакладалі на беларускую мову мэтры і мэтаркі нашага слова: Данута Бічэль, Валянціна Коўтун, Ніна Мацяш, Янка Сіпакоў, Яўгенія Янішчыц і многія іншыя. Дарэчы, пераклады сваіх вершаў на беларускую лічыць выдатнымі, «бо беларусы перакладаюць сэрцам». Украінская пісьменьніца не аднойчы наведвала Беларусь за савецкім часам і потым у незалежны пэрыяд. І заўсёды падтрымлівала беларускую апазыцыю, перадусім культурніцкую. Калі палітыкі заклікалі да байкоту Беларусі, яна ехала і падтрымлівала беларускіх пісьменьнікаў на літаратурных форумах, каб яны не заставаліся сам-насам з рэжымам. Яна дасюль шчыра спачувае беларусам у іх чарнобыльскай і лукашэнкаўскай бядзе. У інтэрвію з любоўю называе беларускі народ «трагічным», а беларускіх пісьменьнікаў «шляхетнымі», з вачэй якіх «сьвеціцца трагедыя ўсёй нацыі».
Зь Беларусьсю пісьменьніцу зьвязвае яшчэ адна выключная гісторыя: усе ведаюць, што яна за рэдкім выняткам прымае ўзнагароды. Але ж яна проста не змагла адмовіцца ад найлепшай узнагароды — мэдаля вялебнай Эўфрасіньні Полацкай. Як прыгадвае сама пісьменьнца, ёй амаль пабачыўся вобраз беларускай княгіні з Полацку, і яна прыняла дарунак.
Аднак цяпер, калі зь Беларусі ляцяць ракеты ва Ўкраіну, пісьменьніца стаічна і адной зь першых прапанавала зьмяніць усе назвы кіеўскага мэтро, у якіх ёсьць прыгадка Расеі, Беларусі і СССР. Прытым ад «трагічнай» Беларусі яна не адмаўляецца. Зрэшты, паэтка ў гэты вусьцішны час жыве з вельмі спартанскім дэвізам «Перамога ці сьмерць». Ейныя вершы чытаюцца цяпер па ўсёй краіне: у школах, у войску, па тэлевізіі, у агітках і рэкляме. Музыкі, у тым ліку беларускі гурт Brutto («Вечірнє сонце»), ствараюць песьні на аснове тэкстаў украінскай берагіні. І ў ейных вершах можна знайсьці парады, якія сілкуюць усіх, хто паўстаў супраць барбарыі:
Мы — ваяры, не гультаі, ня лежніІ справа наша слушная, сьвятая.Бо хто за што, а мы за незалежнасьць.Таму яна і цяжкая такая.
Захаваны аўтарскі правапіс