Навошта маладзёну гармонік? Хлопцы распавялі, чаму граюць на «нямодным» інструменце
Прага падлеткаў да музыкі зразумелая: новыя эстэтычныя ўражанні, жаданне камунікаваць, «малявацца» перад сябрамі... Звычайна для гэтага абіраюць нейкі «модны» інструмент кшталту гітары ці экзатычных усходніх перкусій. Музіцыраванне для людзей сталага веку – сродак узгадаць маладосць з дапамогай ужо «нямодных» інструментаў. Але калі бачыш маладзёна з гармонікам, гэта троху «рве шаблон». Тым больш, калі ён грае не толькі на сталічных фольк-тусоўках.
«Цяга да музыкі перадавалася на генетычным узроўні»
Фёдар Рацык, 26 гадоў. Нарадзіўся ў Моталі (Іванаўскі раён), вучыўся ў Мінску, цяпер настаўнічае ў адной з вясковых школ роднага раёна.
Фёдар Рацык. Фота з vk Фёдара Рацыка
— З самага дзяцінства цягнуўся да музыкі. Не адразу да народнай. Мае браты слухалі «Кіно», «Сектар Газа», «Красную Плесень». У два гады, на провадах брата ў армію, адбылася першая сустрэча з інструментам: паспрабаваў узяць у рукі акардэон. Цікаўнасць падагравалася выступленнем калектыва «Мотальскія мужыкі» нашага дома культуры. Яны выконвалі мясцовыя песні ў аўтарскай аранжыроўцы, у тым ліку пад гармонік. Уплывала тэлебачанне, праграмы «Запрашаем на вячоркі», «Спявай душа», «Іграй, гармонь!». Яны абуджалі цікаўнасць хутчэй да народнай культуры, чым да інструменталістыкі, бо калектывы і рэпертуар збольшага аднатыпныя, як аказалася, там часта выступалі прафесіяналы з музычнай адукацыяй.
Цяга да музыкі перадавалася ў родзе на генетычным узроўні. Прадзед па мамінай бабулі быў ў царкве званаром. Бабуля расказвала, што яе маці прыгожа спявала. Напявала мне малому песні, асабліва калядкі і псальмы. Дзядзька па маме таксама з дзяцінства граў, але пераняць у яго нічога не паспеў, ён жыў ва Уладзівастоку. Яму дзед купіў стары гармонік, і ў 12 гадоў яго ўжо бралі граць на вяселлі. Магчыма, менавіта знаходка таго самага гармоніка на гарышчы, пабітага часам і неспрыяльнымі ўмовамі, падштурхнула мяне ўзяцца больш энергічна за справу навучання. Мая маці спявае, але ў хоры і калектывы ісці не хоча.
Фёдар Рацык (справа) з мотальскімі гарманістамі. Фота з vk Фёдара Рацыка
З 2003 года ў мотальскім клубе працуе дзіцячы калектыў гарманістаў. Там займаліся і мае аднагодкі. Я назіраў за імі з цікаўнасцю і здымаў на відэа выступленні. Сам паціху вучыўся з саманастаўнікаў, на слых, метадам сляпога тыку, чытаў у інтэрнэце, глядзеў ютуб, але справа не ішла. Але я не здаваўся. У той час ў Расіі пачынаўся бум на гармонікі, выйшлі кліпы Ігара Расцяраева «Камбайнёры», Арцёма Іванюка. Першае, што вывучыў дасканала, была «Каробачка», «Кацюша», «Когда мы былі на войне». На вакацыях у Моталі наведаў клуб, пазнаеміўся з кіраўніком гарманістаў Васілём Юхнікам. Ён мне расказаў, як лягчэй навучыцца граць, паказаў на пальцах, як ён вучыць дзяцей (без нот, лічбаў) па рытме і фразамі альбо тэкстамі песень.
У гэты ж перыяд пазнаеміўся з дзейнасцю Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, з’ездзіў на Гуканне вясны ў Вязынку. Гэта было маё першае масавае публічнае выступленне. Потым па запрашэнні Аляксея Крукоўскага наведваў танцы клуба «Сіта» ў доме культуры на вуліцы Уральскай у Мінску. Там у большасці выпадкаў барабаніў (граў на бубне).
Скончыўшы ўніверсітэт, размеркаваўся ў Моталь. Часта вучыў новыя мелодыі на гармоніку ў клубе, дома. Рэпертуар павялічваўся. Граць ёсць на чым, і што граць ёсць, але эпізадычна, не хапае часу. Стараюся не граць у пост. З мотальскімі гарманістамі-самавукамі ў мяне пакуль кантакты наладжаны слаба па прычыне майго маладога узросту. Многа хто ўжо памёр. Іх ігру можна пачуць на запісах вяселляў. Большасць самавукаў адносяць сябе да катэгорыі «гарманіст адной песні»: людзям падабаўся нейкі твор, музыка спецыяльна вучыў гэту песню, і яна ў яго лічыцца «фірмовай».
Фёдар Рацык (справа). Фота: Kraj.by
Стэрэатыпныя думкі аб тым, што народная культура паціху памірае разам з носьбітамі, прыводзяць да парадаксальнай сітуацыі: гарманісты ёсць усюды — але яны маскіруюцца! Змена каштоўнасцяў і рытму жыцця не дае чалавеку раскрыцца як творцу.
«Польку пачуў у сне ад пра-прадзеда, якога ніколі не бачыў»
Віктар Шыпкоў, 27 гадоў. Нарадзіўся ў Маркавічах пад Гомелем, вучыўся ў Мінску, працуе ў Гомелі.
Віктар Шыпкоў. Фота Марыны Драбышэўскай.
— Я спрабаваў граць на гармоніку недзе з 18 гадоў, але не дужа атрымлівалася. Спрабаваў навучыцца на гітары, баяне, акардэоне — усё было не тое. Хадзіў да старэйшых гарманістаў у Маркавічах і суседнім Гадзічаве, яны мне гралі, я запісваў аўдыя і відэа. Паказвалі, як граць — усё зразумела, і як правай рукой, і як левай, а дзве разам не атрымлівалася. Паставіў я гармонік на шафу, стаяў ён там доўга-доўга, пакуль не здарылася міфічная гісторыя. У чацвер перад Бацькоўскай суботай (Дзяды перад Масленіцай. — НЧ.) прысніўся мне сон. Нібыта іду я па вёсцы, хаты драўляныя, заходжу ў двор, а там на прызбе сядзіць дзядуля і грае на гармоніку такую заліхвацкую полечку. Яна мне са сну запомнілася. Прачнуўся ранкам, узяў гармонік з шафы, троху парыпаў — усё, здаецца, падабраў гэтую мелодыю правай рукой. І злавіў сябе на тым, што левая рука пайшла сама граць.
Але смае цікавае было пасля, калі я сыграў гэту польку сваёй прабабулі, Варвары Пятрэнка. Ёй на той час было 92 гады. Яна пытае: «Дзе ты гэтую польку чуў?». Я распавядаю, што прыснілася. А прабабуля кажа, што гэтую мелодыю граў яе бацька. Ён жыў у вёсцы Глухавічы пад Брагінам, пасля Чарнобыля яны перасяліліся ў Маркавічы. Я пачаў расказваць свой сон, што заходжу на падворак, апісваю хату, што было ў двары, дзе пограб, дзе навесы, ганак пафарбаваны… Тут прабабуля кажа: «Ты апісваеш нашую хату ў Глухавічах, дзе мы жылі. А чалавек, што граў на гармоніку — гэта мой бацька!». І гэта ўсё пры тым, што ніводнага здымка майго пра-прадзеда ці той хаты не засталося, і ў Глухавічах я ніколі не быў.
Тая полька стала першай мелодыяй, якую я паўнавартасна сыграў на гармоніку. Потым ужо стаў карыстацца сваімі старымі касетамі і відэазапісамі, і тыя дзяды ў Маркавічах і Гадзічаве былі яшчэ жывыя. Я да іх неаднаразова наведваўся, яны мне нешта новае паказвалі, пераймаў іх манеру грання. Выконваў полькі, вальсы, кракавякі — танцавальныя найгрышы.
Ужо калі сканчваў вучобу ў Мінску, гуляючы па вуліцы Карла Маркса, пазнаёміўся з Аляксеем Крукоўскім і капэляй «На таку». Некаторы час граў з імі на вечарынах у доме культуры на вуліцы Уральскай, улетку — у Музычным завулку. Гралі, і сам танцаваў. Цяпер ужо ў нас у Гомелі пры філіяле Веткаўскага музея дзейнічае школка народнага побытавага танцу. Граю на ўсіх вечарынах, мерапрыемствах. У Маркавічах граю падчас абраду «Сула», якому сёлета нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.
Як высветлілася, у Гомелі і блізка ад яго з маладых гарманістаў — толькі я. Ёсць хлопцы за 30, але танцавальную музыку яны доўга граць не могуць. Максімум хвіліну-дзве, а для танцораў гэтага недастаткова.