N.R.M. перавыдалі культавы альбом 1999 года

Сёння на лічбавых музычных пляцоўках упершыню афіцыйна з’явіўся дыск N.R.M. «Акустычныя канцэрты канца ХХ ст.». У 1999 годзе ён стаў першым афіцыйна выдадзеным беларускім unplugged-альбомам.

nrm_fota2005.jpg

Рэліз складаецца з 29 кампазіцый, запісаных падчас адмысловых канцэртаў у клубе імя Дзяржынскага і Палацы прафсаюзаў у Мінску. Сярод іх песні з трох першых альбомаў N.R.M. у акустычных аранжыроўках, творы з «Народнага альбома» і рэпертуару «Мроі», а таксама шэраг эксклюзіваў, якія больш нідзе не выдаваліся: «13», «Медны купарос», «Халодны блюз», «Са шчытом ці на шчыце».

Альбом быў запісаны ў час, калі толькі пачыналіся першыя сур’ёзныя поспехі, але нас яшчэ слухала хутчэй адданае вузкае кола прыхільнікаў, – узгадвае Лявон Вольскі на сваім Facebook. – Натуральна, што мы натхняліся MTV Unplugged, дзе «цяжкія» гурты кшталту Nirvana і кшталту Nirvana і Guns N’ Roses гралі ў акустыцы. Атрымалася сапраўды няблага і мы адыгралі потым шмат канцэртаў у такім фармаце, бо ён цікавы па рэпертуары і менш патрабавальны да тэхнічнага абсталявання. Вас чакаюць непаўторная атмасфера эпохі і натуральны жывы саўнд з усімі тэхнічнымі хібамі!


nrm_akustyka_cover_1500.jpg


Дыск цікавы тым, што гэта максімальна дакументальны запіс – гук з пульта, без дадатковага звядзення і рэдагавання музычнай часткі. Хіба што паўзы ды размовы паадразалі, – пішуць на сваёй старонцы Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч. – Прычым спачатку быў адзін канцэрт, які ладзілі адмыслова пад запіс. Ажно на тры гадзіны. Але потым высветлілася, што другая палова выступу не запісалася. Таму зладзілі хутка яшчэ адзін, а выніковы альбом складаецца з двух. Добрых успамінаў усім тым, хто быў там разам з намі!


Лічбавае перавыданне альбома «Акустычныя канцэрты канца ХХ ст.» здзейснена лэйблам Mediacube Music. 

Нагадаем, што ў сакавіку 2020 на стрымінгавых пляцоўках упершыню з’явіліся ўсе студыйныя альбомы N.R.M., запісаныя ў 1995-2007 гадах у класічным складзе: Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў, Алезіс Дземідовіч. У 2010 годзе шляхі Лявона Вольскага з іншымі ўдзельнікамі гурта разыйшліся. 
Паводле прэс-рэліза