Максім Танк. Сціплы герой
Дагэтуль дата 17 верасня, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, выклікае шмат дыскусій і спрэчак. Сімвалічна, што ў гэты дзень у 1912 годзе нарадзіўся Максім Танк, беларускі паэт, рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч, які сваім жыццём увасабляў барацьбу беларускага народа за самавызначэнне.
Малады Яўген Скурко позна пазнаёміўся з беларускай літаратурай. Спачатку было знаёмства з літаратурай рускай, якую будучы паэт вывучаў падчас знаходжання з сям’ёй у Маскве. У той час многія беларусы праз наступствы Першай сусветнай вайны вымушаныя былі стаць уцекачамі. Добра, дарэчы, гэтую з’яву апісаў у сваіх артыкулах і кнізе ўспамінаў «На жыццёвым шляху» віленчук Янка Багдановіч — сучаснік Максіма Танка. Пасля вяртання на радзіму будучы паэт знаёміцца з польскай культурай і літаратурай. І толькі ў сярэдзіне 1920-х ён знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, з вершамі Янкі Купалы. Гэтае знаёмства стане асноўным штуршком для ягонай творчасці ў будучыні.
Акрамя паэзіі малады Яўген Скурко актыўна цікавіцца палітыкай і ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху, які разгарнуўся ў адказ па палітыку ўрада Другой Рэчы Паспалітай, далучаецца да самай радыкальнай беларускай арганізацыі — КПЗБ. Ужо па ранніх вершах паэта можна заўважыць, што ён быў не проста беларусам левых перакананняў, але і нацыяналістам. За сваю дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў на Лукішках, дзе здолеў наладзіць выданне рукапіснай газеты «Краты». Свежанадрукаваны дэбютны зборнік вершаў Максіма Танка «На этапах» быў канфіскаваны паліцыяй у 1936 годзе.
Пра свае маладыя гады Максім Танк пакінуў вельмі шчырую кнігу ўспамінаў «Лісткі календара», у якой аматары заходнебеларускай культуры могуць сустрэць шмат цікавостак. Гэта, бадай, адна з найлепшых, калі не найлепшая кніга пра вірлівае жыццё міжваеннай Вільні, напісанае беларусам.
Пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, Максім Танк займаў самыя розныя пасады, ад галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» да старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Да свайго становішча ён заўжды ставіўся сціпла: не насіў узнагародаў, не пантаваўся, дапамагаў чым мог людзям, у тым ліку рэпрэсаванай савецкімі ўладамі паэтцы Ларысе Геніюш.
Часцяком некаторыя нашы «адраджэнцы» спрабуюць выставіць Максіма Танка зашораным камуністам, які слепа верыў у савецкія ідэалы, такім сабе «агітацыйна-плакатным» паэтам. Насамрэч гэты чалавек з добрым падпольным вопытам быў не такім простым, як здаваўся. Да ўсяго, яшчэ ўмеў і трапна пажартаваць.
Янка Брыль у сваіх успамінах пра Максіма Танка згадвае такі эпізод: «Вясной пяцьдзясят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца “нагляднай агітацыяй”, — ні партрэтаў, ні лозунгаў…
— Во! — засмяяўся Максім. — А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе, — з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..»
Гэта было ў траўні, калі група беларускіх літаратараў выправілася ў Югаславію, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай паўднёваславянскай краінай. Па дарозе заехалі ў Венгрыю. Не пазбаўлены любові да прыгожага, Танк у тыя дні пісаў: «Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што ўсё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы». У чарговы раз вогненныя навальніцы загрымяць над горадам увосень таго ж года, калі савецкія войскі будуць займацца падаўленнем паўстання супраць мясцовага камуністычнага рэжыму.
Максім Танк шмат паездзіў па свеце і добра апісаў свае вандроўкі па самых розных краінах, што для савецкага грамадзяніна ў тыя часы было за межамі рэальнасці. Увогуле ягоныя ўспаміны — гэта надзвычай цікавае чытво. У дзвюх кнігах дзённікаў (тамы 9 і 10 са збору твораў) адлюстраванае не проста жыццё чалавека, але станаўленне сусветна вядомай асобы. Танкаўскія занатоўкі — гэта прыватныя думкі, упісаныя ў кантэкст вялікіх падзей, непасрэдным удзельнікам якіх ён часцяком і быў. Выразна бачная эвалюцыя галоднага і беднага рэвалюцыянера ў рэспектабельнага дзяржаўнага чыноўніка, які здолеў не страціць запалу ва ўласнай творчасці да самага скону. І не дзіва, што часам цяжка нават вызначыць, што ўсё ж цікавейшае: паэзія Максіма Танка ці жыццё Яўгена Скурко.
Максім Танк вельмі цяжка пераносіў развал Савецкага Саюза, але разам з тым ужо ў 1993 годзе перажываў, што не змог трапіць на свята з нагоды Дня Незалежнасці, якое ў тыя часы адзначалася 27 ліпеня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
Дзяржаўнымі сімваламі ў той час былі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, якім малады паэт Яўген Скурко (яшчэ не Танк) прысвяціў адзін са сваіх першых вершаў пад назвай «Ты чуеш, брат?». Напісаны ён быў у 1930 годзе, калі пра будучага літаратара яшчэ мала хто ведаў. Вельмі сімвалічна, што пад гэтым сцягам яго і пахавалі, калі Яўген Іванавіч Скурко пайшоў з жыцця ў жніўні 1995 года.
Ты чуеш, брат?
Ты чуеш, брат, як на прадвесні
Вятры, лёд крышучы, гудуць,
Як на сваю радзіму з песняй
Зноў птушкі з выраю лятуць.
Пагоні сілы баявыя,
І вы рыхтуйцеся ў паход,
Каб знішчыў путы векавыя
Наш заняволены народ.
Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел-чырвона-белым
Чакае перамога нас.
Няхай жа меч Пагоні ззяе!
Гартуйма нашу еднасць, моц!
Вядзі нас, Воля прасвятая,
Да новай славы, новых сонц!
М. Танк, 1930
Канстанцін Касяк, budzma.by