Магілёўскі драмтэатр адкрые сезон спектаклем па Быкаву
Магілёўскі абласны драматычны тэатр адкрые 131-ы сезон 14 верасня прэм'ерай спектакля "Жоўты пясочак" па Васілю Быкаву.
Рэжысёрка спектакля — Каміля Хусаінава, студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (Санкт-Пецярбург). Разам з артыстамі Магілёўскага драматычнага тэатра яна стварыла эскіз спектакля ў рамках Майстэрні маладой рэжысуры Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”. Праца атрымала працяг у выглядзе паўнавартаснага спектакля на малой сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра.
Дзея адбываецца ў Беларусі ў 30-я гады, у разгар рэпрэсій. Героі – вельмі розныя людзі: партыец-бальшавік з рабочых, селянін, паэт, крымінальнік, былы белагрвардзеец, чэкіст. Іх вязуць на машыне ад турмы НКУС у хваёвы лясочак, каб там растраляць. Ці пашчасціць смяротнікам уратавацца, ці будуць яны супраціўляцца сістэме або пакорліва пойдуць на ўбой?
Трагедыя, расказаная Васілём Быкавым, – прыклад з тысяч, мільёнаў падобных крывавых гісторый. Што стала іх прычынай, як выправіць памылкі мінулага і не дапусціць паўтарэння катастрофы? Нехта запытаецца: навошта варушыць старое? Усё проста: каб “людзьмі звацца”.
Ролі выконваюць: лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Іван Трус, Павел Зароўскі, Андэй Корзан, Чэслаў Вількін, Аляксандр Куляшоў, Данііл Самкнулаў, Максім Чарнюк, Ірына Дунчанка, Анжаліка Барчан, Юлія Ладзік
Прэм’ера – 14 верасня 2018 г.
Спектакль ідзе на беларускай мове
Апавяданне «Жоўты пясочак» было напісана Васілём Быкавым у 1995 годзе, прыкладна ў гэты час ён стварыў таксама апавяданні «На чорных лядах», «Бедныя людзі», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё». У 2017 годзе рэжысёр Аляксей Туровіч зняў паводле твора «Жоўты пясочак» мастацкі фільм пра масавыя расстрэлы «ворагаў народу» ў Курапатах пад Мінскам. У гэтым апавяданні пісьменнік адлюстраваў жахлівыя падзеі 30-x гaдoў ХХ cтaгoддзя – сталінскія рэпрэсіі. Ён прааналізаваў cyтнacць экcпepымeнтaў нaд чaлaвeкaм і соцыўмам, ix yплывы нa чaлaвeчyю cвядoмacць, вынікам чаго стала кардынальная пераарыентацыя сістэмы маральных каардынат.
Каміля Айратаўна Хусаінава – рэжысёр. Нарадзілася ў Казахстане ў г. Кызыларда ў 1987 г., з 1988 г. жыла ў Мінску. У 2010 – 2012 гг. вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура драматычнага тэатра» (майстэрня В. Катавіцкага), у 2012-2015гг. - на курсе В.Анісенкі. З 2015 г. – студэнтка Расійскага Дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (г. Санкт-Пецярбург), спецыяльнасць – «Рэжысура драматычнага тэатра» (майстэрня Г.Р.Трасцянецкага).
Студэнцкія працы: «Скарб», «Андрэй Платонаў. Карова». Казка «Скарб» была прадстаўлена на рэжысёрскай канферэнцыі у Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва (ГИТИС) ў Маскве. Спектакль «Андрэй Платонаў. Карова» быў прадстаўлены ў сакавіку 2018 г. на XIII Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме «М.@rt.кантакт» у Магілёве, а ў чэрвені гэтага ж года – таксама на «Платонаўскім фестывалі мастацтваў» у Варонежы.
Праца ў тэатры (памочнік рэжысёра): 2012-2015 – Беларускі незалежны «Тэатр Ч»; 2012-2013 – беларуска-літоўскі праект «Дзяды» (А.Міцкевіч, рэж. Р. Кудзманайтэ);2014-2015 – «Матухна Кураж і яе дзеці» (Б.Брэхт, рэжысёр М. Лашыцкі).
У сакавіку 2018 г. Каміля Хусаінава прымала ўдзел у рабоце Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт». У праграме фестывалю быў прадстаўлены спектакль «Андрэй Платонаў. Карова», дзе яна выступіла ў якасці аднаго з рэжысёраў. Таксама ў рамках Майстэрні маладой рэжысуры форуму разам з магілёўскімі акцёрамі на працягу некалькіх дзён К.Хусаінава рыхтавала эскіз спектакля паводле апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Вынік працы быў паказаны ў рамках спецыяльнай праграмы форуму яго ўдзельнікам і гасцям, тэатральным крытыкам і прадстаўнікам СМІ. Паказ адбыўся ў заключны дзень форуму 27 сакавіка на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Эскіз быў прыхільна прыняты гледачамі, заслужыў пазітыўную ацэнку экспертаў; кіраўніцтва тэатра запрасіла маладую рэжысёрку працягнуць пачатую працу і паставіць у наступным сезоне паўнавартасны спектакль у камернай прасторы.
Гэта трэцяя пастаноўка паводле твораў Васіля Быкава ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. У 1972 годзе выйшаў спектакль «Сотнікаў» (рэжысёр Ю.С.Собалеў, мастак М.М.Волахаў, быў паказаны 14 разоў), а ў 2009 годзе рэжысёр Віктар Куржалаў паставіў баладу «... и Вера» паводле рамана «Кар’ер», спектакль быў паказаны 17 разоў і зараз не ідзе.
Паводле прэс-рэлізу