Кінаконг працягвае здзіўляць
Гісторыя, расказаная Уэсам Андерсенам — гэта не толькі смешны мульт аб абаяльным рудым рабаўніку, але і надзвычай дарослая глеба да роздуму.
23 лістапада ў «Маскве» адбылася прэм'ера новай стужкі за беларускім перакладам суполкі «Кінаконг». «Неверагодны містар Фокс» — мультфільм па аповесці Роальда Даля, у персанажах якога кожны можа з лёгкасцю пазнаць сябе, сваіх сяброў і знаёмых.
Падзеі разгортваюцца ў фантастычным і адначасова знаёмым свеце, у якім зверы: лісы, барсукі, апосумы і пацукі займаюцца чалавечымі справамі: будуюць дамы, працуюць, кахаюцца, даюць і парушаць абяцанкі.
Што цікава, самае непрыемнае месца ў гэтым сусвеце адведзенае людзям: літаральна ўся падступнасць, злосць і помслівасць, што ёсць у сюжэце, дасталася персанажам, якія імкнуцца знішчыць галоўнага героя — Містера Фокса. Апошні ж — дарослы гарэза, няўрымслівы авантурыст, які, няглядзячы на свой злачынны занятак, выклікае вялізарную сімпатыю.
Як і ў большасці фільмаў, абраных Кінаконгам для перакладу, у «Неверагодным містары Фоксе» закладзеная хрысціянская мараль. Парушыўшы абяцанне, Містер Фокс клікае бяду на ўсе свае сямейства, і нават на суседзяў па жывёльнаму жыццю. А праз пакаянне — прыходзіць да ўратавання. Ідэал моцнай сям'і, добрапрыстойнага жыцця, павагі да слова а таксама матыў жыцця і смерці праступае даволі яўна. Аднак мараляў ніхто не чытае. Мульт глядзіцца на адным дыханні, але на розных эмоцыях: паспяваеш і пасмяяцца, і паспачуваць, і паабурацца паводзінамі герояў!
На папярэднім праглядзе, які адбыўся ў «velcom cinema», было каля 200 чалавек. Па словах Андрэя Кіма, які адкрываў прэм'еру і расказваў аб новых цікавостках ад суполкі, «сёння ў залі было каля 300 чалавек. А агулам мы чакаем на гэтай стужцы да двух тысяч». Як заўжды — мноства людзей з дзецьмі.
Наперадзе ж ў Кінаконга — калядны марафон. Тры найлепшых калядных фільма ў беларускай агучцы будуць паказвацца з 6 снежня і па студзень.