Як улетку 1914 года “Паўлінку” ставілі на Астравеччыне

У час працы настаўнікам Клюшчанскай школы з верасня 1952 па чэрвень 1953 года Іван Драўніцкі быў на кватэры ў Хадорскіх у вёсцы Казаноўшчына Свірскага раёна (цяпер Астравецкі).



get_img_6_.jpg

Гаспадары — Эмілія Францаўна і Франц Іосіфавіч расказвалі мне пра спектакль, які ладзілі госці з Вільні і мясцовая моладзь. Эмілія Францаўна ўспамінала, што прыязджалі са спектаклем "перад самюсенькай вайной".

Вядома, што Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 года. Па тых сведчаннях, што спектакль ставілі ў разгар сенакосу, што гасцей частавалі пазёмкамі з чарніцамі, залітымі малаком, што мясцовыя дзяўчаты і госці хадзілі кідаць вянкі ў рэчку Баранка, можна меркаваць, што было гэта на Купалле, ці на Яна, як гавораць на Клюшчаншчыне.

 

 

get_img?ImageId=18407

 

Вестка, што ў Клюшчанах будзе паказ, лунала яшчэ з вясны. Моладзь і дарослыя рыхтаваліся: як і дзе сустракаць, чым частаваць гасцей. Нарэшце настаў гэты дзень. Сустракаць артыстаў паехалі да чыгункі ў Гелядню на лепшых конях, запрэжаных у брычкі і карафажкі. У грывы коням уплялі каляровыя стужкі, на шыі павесілі шаргуны, даматканымі перабіранымі посцілкамі заслалі сядзенні.

 

Людзі сабраліся на пляцы перад касцёлам. Ладзіць спектакль дазволіў у сваім гумне знакаміты ў наваколлі садавод Смаленскі, бо клуба ці вялікай хаты ў мястэчку не было, а на дварэ стаяла спёка. Гумно размяшчалася амаль у цэнтры мястэчка, пры ім было прасторнае гумнішча. У канцы тока зрабілі з дошак сцэну для выступаючых, расставілі лаўкі.

 

У паказе прымала ўдзел мясцовая моладзь: браты Стаповічы, Эля Мядзвецкая ды іншыя, а таксама віленская моладзь. Сярод іх быў Янка Купала і Паўліна Мядзёлка. Ставілі ўрывак з камедыі "Паўлінка", дэкламавалі вершы, спявалі беларускія песні. 

 

Абедалі ў Казаноўшчыне (вёска ў паўкіламетры ад Клюшчан). Рыхтавала пачастунак Эмілія Хадорская, якая мела ў наваколлі рэпутацыю выдатнай кухаркі. "Чысты" канец хаты Хадорскіх даволі прасторны, толькі не хапала мэблі, і Франц Іосіфавіч прынёс ад суседзяў некалькі сталоў і зэдлікаў, каб зручна размясціць "пажондную кампанію".

 

get_img?ImageId=18406

 

Пазней іх сын Казюк Хадорскі пры нагодзе любіў падкрэсліць:

 

Я добра памятаю Альбіна і Кастуся Стаповічаў, ды і саміх Янку Купалу і Паўліну Мядзёлку. Яны ў нас у хаце былі. Частаваліся.

 

У другой палове дня ладзілі прадстаўленне ў роднай вёсцы Стаповічаў Баранях. Аб гэтым мне расказваў жыхар вёскі Барані Веська.

 

На палянцы ў канцы вёскі (сасновы бор падступаў тады да самых агародаў) зрабілі ўзвышэнне для артыстаў, для гэтага выкарысталі дзверы ад гумнаў, навокал абставілі бярозкамі. Падлеткі знеслі з усёй вёскі зэдлікі.

 

Перад пачаткам канцэрта выступіў Альбін Стаповіч, які прадставіў аднавяскоўцам гасцей. Усё дзейства вялося па-беларуску і вельмі спадабалася гледачам.

 

Вячэра на палянцы

 

Вялікай хаты, каб умясціць усіх, не было, а вячэраць вырашылі ўсе разам: госці і вяскоўцы, то тут жа на палянцы зрабілі доўгі стол з дошак. На складанку баранцы прынеслі з хаты ўсё самае лепшае, хто што меў: сыры, масла, булкі, кілбасы, паляндвіцы, салёныя баравічкі, яечню, ягады, залітыя малаком, мужчыны зварылі баранскую юшку са свежай рыбы.

 

Стаяла на стале самагонка, медавуха, раўгеня, квас на журавінах. Мядзёлцы былі вельмі даспадобы залітыя малаком чарніцы з пазёмкамі, за што яна падзякавала гаспадыням.

 

За вячэрай баранская моладзь паказала і сваё майстэрства. Яна больш месяца рыхтавалася да сустрэчы. Спявалі розныя беларускія песні.

get_img?ImageId=18408

 

Вечарынка

Пасля вячэры тут жа на палянцы пачаліся танцы, якія доўжыліся аж да раніцы. Гралі мясцовыя музыканты на гармоніку, цымбалах, бубне і дзвюх скрыпках. Адным са скрыпачоў быў мой бацька Пётр Іванавіч, тады 14-гадовы юнак, навучэнец Свянцянскай гімназіі. Граў няўпэўнена, бо толькі яшчэ вучыўся, дык мясцовы "дырыжор" прызначыў яго толькі "падцінаць", гэта значыць у польцы рах-цях-цях на тонкіх струнах рэзка агучваць апошнія акорды.

 

Гарманіст не толькі іграў, але па ходу складаў прыпеўкі і тут жа іх выконваў пад такт танцаў. Полька рах-цях-цях была вельмі тэмпераментная, заахвочвала да танцаў усіх. І калі Іван Дамінікавіч запрасіў на танец Паўліну Вінцэнтаўну, і яны сталі вёртка, з прытопам, скакаць-танцаваць, музыкант заспяваў:

 

Янка ў танец схапіў Польцю —
Яна ж крэхча ох і ах,
А ўсё роўна месіць польку,
Нашу польку рах-цях-цях.

 

Гэты дасціп так рассмяшыў Паўліну Мядзёлку, што яны не змаглі станцаваць польку да канца і з Янкам Купалам селі ля музыкаў. Калі музыка закончылася, Мядзёлка таксама выдала экспромт (можа, тэкст ёй Купала пашаптаў):

 

Доўга-доўга помніць будзем,
Нават сніцца будзе ў снах,
Як ў Баранях на паляне 
Танцавалі рах-цях-цях.

 

Скрыпка, на якой бацька падыгрываў на вечарынцы ў Баранях, у мяне захавалася.

 

Заключэнне

 

Калі запісваў гэтыя ўспаміны, закралася думка: а ці было гэта, можа проста прыгожая легенда-выдумка? Няўжо маглі такія знакамітасці, як Янка Купала, Паўліна Мядзёлка, трапіць у такую глухамань? Пакорпаўся ў адпаведнай літаратуры і прыйшоў да высновы: маглі.

 

Янка Купала ў гэты час працаваў у Вільні адказным рэдактарам газеты "Наша Ніва". Паўліна Мядзёлка, з якой Янка Купала пазнаёміўся ў час яе побыту ў Вільні ў жаночай гімназіі (1909–1912), таксама была ў Вільні, адбывала курсавую практыку, а мясцовая моладзь, якая вучылася, была на вакацыях.

 

Іван Драўніцкі, 
вёска Камарова 
Мядзельскага раёна.

www.rh.by