Як дапамагчы выдавецтву «Логвінаў»?

У чаканні лаўрэата Нобеля па літаратуры справа незалежнага выдавецтва адышла на другі план.



lohvinau.jpg

Калі з’явілася навіна пра тое, што ў Ігара Логвінава забіраюць ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць, інтэрнэт закіпеў. Канечне, пачаліся нараканні на «паліцэйскую дзяржаву». Прагучалі і словы падтрымкі.

Нехта заклікаў пісаць лісты ў Міністэрства інфармацыі і выказваць сваю незадаволенасць рашэннем ведамства. Як варыянт, каб не сядзець, склаўшы рукі. Іншыя ж лічаць разумным у такой сітуацыі пачакаць наступнага кроку уладаў.


Рэзананс, канечне, патрэбны, каб працягнуць да праблемы найбольш людзей. Толькі розгалас можа змяніць сітуацыю. Праўда, «кіпенне» скончылася хутка. Нават у інтэрнэце.

Маральная падтрымка – выдатна. Але зразумела, што гэтага не дастаткова. Як кажуць, святым духам сыты не будзеш.


Бо відавочна, без працы паўстане пытанне з фізічным выжываннем канкрэтных людзей. Логвінаў шмат добрага зрабіў для беларускай кнігі. І аўтары, напэўна, знойдуць магчымасць аддзячыць выдаўцу ў цяжкую хвіліну. Але дапамагчы супрацоўнікам выдавецтва могуць і іншыя. Рублём.
Клікніце ў інтэрнэце на старонку віртуальных кнігарняў, каб замовіць выданні «Логвінава». Але не абмяжоўвайцеся толькі інтэрнэт-прасторай. Ёсць жа кнігарні, дзе прадаюцца кнігі выдавецтва. І канечне ж, прыходзьце на прэзентацыі кніг, якія паспелі выйсці. Так мы зможам паказаць, што нам неабыякавы лёс выдавецтва.
***
15 кастрычніка. Адам Глобус прэзентуе «Казкі для дарослых». Удзел у імпрэзе возьме Уладзімір Арлоў. Пачатак а 19.00. Уваход вольны (пр-т Незалежнасці, 37а).
18 кастрычніка. «Беларуская літаратура на парозе сусветнага прызнання». Артур Клінаў, Наталка Бабіна, Валянцін Акудовіч і Павел Касцюкевіч раскажуць пра выданне беларускіх кніжак у замежных перакладах.
Каму трэба беларуская літаратура за мяжой? Хто яе чытае? Якія тэмы цікавяць замежнікаў? Як папулярызаваць беларускую прозу і паэзію ў Еўропе?
Мадэратар сустрэчы – Альгерд Бахарэвіч. Пачатак а 19.00 (пр-т Незалежнасці, 37а).
nn.by