Як выглядала б Беларусь, калі б не было вайны
Беларусь — краіна, дзе гісторыя жыве ў музеях, кнігах і апавяданнях бабуль ды дзядуляў. Мы слухаем аповеды старых, але не бачым наўкол нас матэрыяльных сведак падзей, пра якія яны нам расказваюць.
Адсюль летуценнасць любой спробы зразумець, кім мы былі. Калі ад ВКЛ засталіся адно руіны, дык ці было тое ВКЛ?
На рагу засаджанай квітнеючымі магноліямі вуліцы, па якой я праходжу кожны дзень, прыпаркаваны бялюткі Lamborghini. Плоская, бы прусак, тачыла выглядае касмічным караблём нават на фоне палымяных Ferrari і вінтажных Bentley, якія тут успрымаюцца будзённа. Я ўвесь час цікавіўся, што за асоба кіруе гэтым монстрам за чвэрць мільёна еўра. Мне мроілася дзёрзкая блонда са славянскімі каранямі, ці маладжавы албанскі мача, заўсёднік начных клубаў ды заўзятар яхтынгу. Я нямоцна здзівіўся, калі пабачыў у машыне дзядулю ў цвідавым пінжаку: такія ў нас гуляюць у шахматы на пляцовачцы, схаванай у шатах парка Чалюскінцаў. Дзядку праз узрост даўно не да блондаў, не да гонак у стылі Need for Speed — здаецца, тачыла яму патрэбная адно каб выязджаць у найбліжэйшы Coop за безглютэнавай ежай. Чаму ён набыў сабе гэты сімвал неўтаймаванай маладосці ды віруючай сэксуальнасці, хаця, здавалася б, мусіў ездзіць на павольным Volkswagen? А вы ўявіце, што на вашым банкаўскім рахунку — назапашаныя адсоткамі ад укладанняў прадзедаў мільёны, а жыцця засталося некалькі гадоў. Рахунак у труну не забярэш, дык чаму б не падурэць перад сконам?
Грошы
Самы лаканічны і ўцямны адказ, які я пачуў на пытанне, як Швейцарыя, некалі найбяднейшая дзяржава Еўропы, зрабілася такой заможнай, гучыць так: «Дэвальвацыя здарылася ў нас толькі адзін раз з часоў з’яўлення франка ў 1850-м. У 1936-м годзе, у адказ на Вялікую дэпрэсію, нашу нацыянальную валюту давялося дэвальваваць на 30%. Мы ўсе — спадкаемцы багаццяў, набытых нашымі продкамі. Яны дайшлі да нас без абясцэньвання». Цунамі інфляцыяў, што змывалі фінансы еўрапейцаў у XX стагоддзі, былі спароджаныя ў тым ліку вялікімі войнамі. У якіх Швейцарыі як дзяржаве пашчасціла не браць удзелу. І калі адкінуць канспіралагічныя дадаткі да гэтай карціны (маўляў, банкаўская сістэма Швейцарыі была адным з першых у свеце афшораў), мы маем сітуацыю, у якой заможнасць з часам толькі памнажаецца. «Ад прадзеда нашай сям’і засталося 300 мільёнаў», — кажа балбатлівы раварыст, выпадкова сустрэты ля завароткі на батанічны сад у Цюрыху. У прадуктовым кошыку на носе ягонага ровара дзінькае дзве пляшкі Veuve Clicquot — зараз ён прыйдзе дадому і будзе глядзець які футбол, цэдзячы замест «Аліварыі» адно з найлепшых шампанскіх вінаў свету. Што б сказалі пра тое нашыя бабулі і дзядулі, уладальнікі капітальцаў на савецкіх ашчадкніжках? Куды, дарэчы, яны падзеліся, тыя грошы? У якіх дымах айчыны расталі? У швейцарцаў зусім іншы погляд на ўласную валюту, чым у нас. Уявіце свет, у якім хлеб каштуе роўна столькі, колькі каштаваў у 1940 годзе, і вы зразумееце, пра што я кажу.
Архітэктура
Не скалечаныя вайной асабнякі можна пабачыць і ў іншых краінах старой Еўропы, напрыклад, на берлінскім Ванзейскім возеры захаваўся вялікі абшар неарамантычных палацыкаў з вежамі і ратондамі ў парках. Але там гэта купінкі ў багне, якая палову стагоддзя таму бясследна праглынула колішні way of life. У Цюрыху я сустрэўся з маладым архітэктарам, што працуе ў прыватным атэлье і выкладае ва ўніверсітэце суседняга Ліхтэнштэйна. Ён расказаў, што большасць буйных архітэктурных замоваў наогул не тычацца будоўлі, бо ў Швейцарыі няма патрэбы ў новых будынках. Грамадзяне гэтай краіны жывуць у дамах, пабудаваных іхнымі дзядамі, і ходзяць на працу ў офісы ў будынках, якім сто гадоў. Таму архітэктары тут не будуюць, а рэканструююць і дабудоўваюць.
Адзін сівагаловы ўладальнік палаца ў Хірсландэне прызнаўся мне, што адзіная змена, якая адбылася на іх вуліцы за апошнія 100 гадоў, тычылася садзікаў і палісаднікаў. Бо кожны родавы маёнтак тут мае невялічкі садок наўкол. І вось калі аўтамабілі ў Цюрыху з забавы энтузіястаў ператварыліся ў масавую з’яву (то бок прыкладна 70 гадоў таму), гаспадары пачалі высякаць садзікі пад парковачныя месцы і гаражы.
Другая сусветная была не адзінай халерай, якая скалечыла беларускія гарады. Да гэтага былі нацыяналізацыі і экспрапрыяцыі, якія адарвалі маёмасць ад гаспадароў, якія ёй спрадвек валодалі. І цяпер проста ўявіце сабе мінскае Ракаўскае прадмесце, ці «Шанхай» ля Нямігі, ці старажытныя вулачкі наўкол Савецкай ў Гародні, на якіх стаяць прыватныя дамкі, што знаходзяцца ва ўласнасці продкаў людзей, якія іх збудавалі. Карцінка непазнавальная, ці не праўда?
У краіне, дзе ўсе валодаюць маёмасцю продкаў (ці здымаюць кватэру ў гаспадароў, што яе атрымалі ў спадчыну), няма патрэбы ў павышэнні гістарычнай самасвядомасці гараджан, абароне помнікаў культурнага значэння. Помнікі і так абароненыя пачуццём уласнасці і адказнасці перад дзядамі. Ці не з гэтага Швейцарыю называюць гістарычна вельмі кансерватыўнай краінай?
Інфраструктура
Горад, які быў запланаваны ў 1910-я, скрыжаванні якога збольшага не змяняліся з той пары, — вельмі незвычайная для беларускага вока з’ява. Трамвай у Цюрыху з’явіўся ў 1894-м годзе. Тады ж пачала паўставаць канфігурацыя трамвайных ліній, рагоў вуліц, пераходаў і скрыжаванняў. Урбаніст тут губляе прытомнасць — настолькі ўсё нефункцыянальна на наш сучасны погляд. Каб перайсці дарогу на Бельвю, трэба спачатку мінуць поле трамвайных рэек, прайсці праз запруджаны людзьмі прыпынак, пастаяць на трох святлафорах, зноў не трапіць пад трамвай, і ў выніку апынешся на мосце праз Лімат, на якім пад тратуар выдзеленая занадта вузенькая стужачка — у нядзелю, калі ў Цюрых выходзіць статак турыстаў, тут стаіш у няспыннай чарзе. Геаграфія прадуктовых крамаў (паняцця буйнога супермаркета ў беларускім сучасным разуменні тут проста няма) узнікла ў 1970-я, калі было абсалютна нармальным ехаць па хлеб 5 прыпынкаў на трамваі. З той пары мала што змянілася, лад жыцця тут закансерваваны, ніякіх зменаў не прадугледжана і не запатрабавана. У невялічкіх гарадах кшталту Мурэну інфраструктура арыентаваная на турыстаў, прычым драўляныя гатэлі і пансіёны маюць у сярэднім стогадовую гісторыю. Увесь час не пакідае адчуванне, што ты — герой фільма «Назад у будучыню», які гайсануў у колішняе Берасце і спрабуеш сінхранізавацца з ягоным няспешным рытмам.
Людзі
Калі на месцы адрыны, дзе прадзед Іван варушыў сена і яго нібыта ўкусіла гадзюка, паспелі пабудаваць комплекс зернасушэння, які таксама ўжо спарахнеў і рассыпаўся, дык ці была тая гадзюка? Мы, беларусы, жывём у хуткабежным часе. Праз інфляцыі, якія абнулялі ўсё назапашанае, праз войны, якія адбіралі хату, мы прызвычаіліся засяляць сёння, не спадзявацца на бацькоўскую спадчыну і не замарочвацца з тэстаментамі. Над нулямі ў тваёй ашчаднай кніжцы абавязкова пасмяецца гісторыя. Тут немагчыма нават вярнуцца ў двор свайго дзяцінства, як зазначыў некалі выдавец «Маналогу» Аляксей Андрэеў. Мы — бы тыя «людзі будучыні», якіх прадказвалі рускія футурысты. Швейцарскія выдаўцы вельмі дзівяцца, калі я кажу, што ў Беларусі большасць ужо чытае кніжкі з кіндлаў і е-букаў. Тут такую цацу я бачыў адзін раз. У індуса.
І хацелася б верыць, што некалі прыйдзе час, калі «вайна» нарэшце скончыцца. Калі праблемы ў эканоміцы не будуць вырашацца дадрукоўкай грошай, а прагу да грошай перастануць наталяць здзекамі з гістарычнага цэнтра сталіцы. Што пабудаваны маёнтак паблізу «Вялікага каменя» не будзе прынесены ў ахвяру кітайцам, арабам ці яшчэ каму. Вось тады мы пачнём перажываць гісторыю так, як яе перажываюць насельнікі старой Еўропы. Адно што здарыцца гэта толькі праз 150 гадоў.
budzma.by